Чарговы вырак за пратэсты 2020 года: жыхар Жлобіна пакараны 1,5 гадамі «хіміі»
Суд Жлобінскага раёна 1 лютага вынес чарговы прысуд за падзеі жніўня 2020 года. Мясцовага жыхара Алега Пайташа судзілі паводле ч.1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэкса, паведамляюць праваабаронцы.
![d3221d4_d0a1405_sud690.jpg d3221d4_d0a1405_sud690.jpg](/img/v1/images/d3221d4_d0a1405_sud690.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Алега Пайташа затрымалі 14 кастрычніка 2021 года, да суду ён утрымліваўся ў СІЗА г. Гомеля.
Паводле матэрыялаў абвінавачання, Алег Пайташ 9 жніўня 2020 года ўдзельнічаў у акцыі пратэсту, выходзіў на праезную частку, станавіўся ў счэпку, замінаў руху грамадскага транспарту, пляскаў у далоні, крычаў, свістаў, выкрыкваў лозунгі «Міліцыя з народам!». Той жа ноччу яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі, а суд пакараў у адміністрацыйным парадку.
Суддзя Мікалай Сергяевіч пастанавіў пакараць Пайташа абмежаваннем волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў.