Латушка сышоў з Каардынацыйнай Рады, бо яна хоча дыялогу з рэжымам. КР абвергла гэтыя заявы (абноўлена)
Апазіцыйны палітык, намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў аб сыходзе з Каардынацыйнай рады. Аб гэтым ён распавёў падчас эфіру «Е*рарадыё».
Паводле слоў
Латушкі, яго не задавальняе тое, што новае скліканне Каардынацыйнай Рады працуе
над зменай стратэгіі «барацьбы з рэжымам Лукашэнкі», якая
прадугледжвае магчымы дыялог з афіцыйным Мінскам, а таксама абмеркаванне
змякчэння санкцый супраць Беларусі.
«Я за тое, каб весці барацьбу. Унутры — гэта падпольны рух. За мяжой — беларуская протаармія», — заявіў Латушка.
Павел Латушка, як і офіс Святланы Ціханоўскай, і Аб’яднаны пераходны кабінет выступаюць за ціск на рэжым, у тым ліку з дапамогай санкцый, каб прымусіць Лукашэнку пайсці на саступкі, вызваліць палітвязняў і запусціць працэс палітычных змен у Беларусі з правядзеннем новых свабодных выбараў.
Таксама дэмакратычныя сілы раводзяць палітыку прыцягнення Лукашэнкі і яго памагатых да крымінальнай адказнасці ў міжнародная юрысдыкцыі. Некаторыя краіны Еўрасаюза падтрымалі ідэю Латушкі аб стварэнні трыбунала для беларускага дыктатара.
Дэмакратычныя сіды ў рэалізацыі сваёй стратэгіі шмат супрацоўнічаюць з заходнімі палітычнымі інстытутамі. Святлана Ціханоўская рэгулярна сустракаецца с еўрапейскімі лідарамі, абмяркоўваючы менавіта пашырэнне ціску на рэжым Лукашэнкі.
У выпадку, калі Каардынацыйная рада вызначыць іншы парадак дня — з кампрамісам у дачыненні да афіцыйных беларускіх уладаў — гэта будзе радыкальна адрознівацца ад той лініі, якую вядуць Ціханоўская, Латушка і іх паплечнікі.
Каардынацыйная Рада па арганізацыі працэсу пераадолення крызісу — недзяржаўны палітычны і грамадзянскі орган на тэрыторыі Беларусі. Рада створаная з даручэння Святланы Ціханоўскай з мэтай прыняцця захадаў па стабілізацыі сітуацыі ў краіне, забеспячэння трансферу ўлады і абароны суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
КР была створана ў жніўні 2020 года, аднак пасля масавых рэпрэсій і эміграцыі чальцоў фактычна прыпыніла сваю дзейнасць. Перазагрузка рады адбылася пасля канферэнцыі дэмакратычных сіл, якая прайшла ў Вільні ў жніўні 2022 года. Пасля гэтага змяніўся склад Каардынацыйнай рады, куды ўвайшлі новыя людзі і структуры дэмакратычнага руху.
UPD. Неўзабаве пасля заяў Латушкі Каардынацыйная рада апублікавала адказ палітыку, у якім абвяргае сваё імкненне да дыялогу з Лукашэнкам і адмены санкцый.
«Мы ўдзячны Паўлу Латушку за тую штодзённую працу, якую ён робіць для набліжэння дэмакратычных перамен у Беларусі і з павагай ставімся да яго рашэння аб выхадзе са складу Каардынацыйнай рады, — гаворыцца ў заяве. — Таксама хацелі бы праясніць некаторыя моманты, якія былі агучаны падчас стрыму:
1. Каардынацыйная рада (КР) не прымала рашэнняў ці заяваў,
якія бы тычыліся адмены санкцый ці пачатку перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.
Такія пытанні на павестцы зараз не стаяць.
2. КР не мае абранага спікера, кандыдатуры на гэтую пасаду не абмяркоўваліся. Абранне спікера адбудзецца пасля прыняцця новага Рэгламенту.
3. У праекце Рэгламенту няма пунктаў, якія тычацца выключэння чальцоў НАУ са складу КР.
4. Прама цяпер адбываецца фіналізацыя праекта Рэгламента, які будзе ў бліжэйшы час і выстаўлены на галасаванне асноўнага складу КР. Абмеркаванне Рэгламенту адбывалася цягам апошніх некалькіх тыдняў, былі праведзены кансультацыі з Аб’яднаным пераходным кабінетам, на якія былі запрошаныя журналісты».