Павел Усаў пра рэферэндум: Проста паказаць яшчэ раз недавер рэжыму недастаткова
Палітолаг Павел Усаў разважае пра тое, якая стратэгія на рэферэндуме была б больш паспяховай: няўдзел ці прыход на ўчасткі для галасавання.
— На маю думку, на "рэферэндум" 2022 няма добрай і паспяховай стратэгіі, якая б цудоўным чынам змяніла палітычную сітуацыю ў краіне ў лепшы бок і стварыла крытычны момант, спрыяльны для перамен, — піша ў сваім тэлеграме палітолаг Павел Усаў. — Усе залежыць ад падыходу і таго, якога выніку чакаюць прыхільнікі розных падыходаў.
На дадзеным этапе ўлады могуць выкарыстаць на свой лад як удзел, так і няўдзел, тым больш, што абсалютнага адзінства (акрамя скепсісу) у антырэжымнага грамадства наконт фармату дзеяння няма.
У сваю чаргу, я не бачу, якім чынам удзел ці няўдзел апазіцыя можа выкарыстаць для ўзмацнення сваіх пазіцый унутры Беларусі.
Таксама няма бачання таго, што рабіць з "мабілізаваным" падчас кампаніі "электаратам", куды накіраваць і як структураваць яго. Проста паказаць яшчэ раз недавер рэжыму НЕДАСТАТКОВА. Напрыклад, нічога не было зроблена з вынікамі галасавання "за перамовы" ў сакавіку 2021. Прагаласавалі і забылі.
У сваю чаргу, зараз дзеянне ў закладзеным фармаце "ўдзелу" будзе патрабаваць большай матывацыі, унутранай кансалідацыі, фізічнай актыўнасці людзей у атмасферы татальнага псіхозу. Пры гэтым людзі таксама разумеюць усе выклікі і рызыкі нават пасіўнай канфрантацыі з сістэмай, чаго не было ў 2020 годзе. У некаторай ступені ў той час палітычная наіўнасць была рухавіком смеласці і актыўнасці, а зараз толькі непісьменны не разумее, у якой краіне ён жыве і на што здольны рэжым.
Такім чынам, грамадзяне павінны разумець, што яны атрымаюць па выніках удзелу. І гэта не канстатацыя чарговых лічбаў, ад сілы 1 млн, на платформе "Голос или Честные люди". Гаворка пра нейкі новы ўздым і мабілізацыю, рэальны ўдар па рэжыме. Менавіта гэтага няма — і штаб не ведае, што з гэтымі вынікамі рабіць, ці актыўнасцю рабіць.
Можа, нехта верыць у цудоўную рэвалюцыю (але гэта ўжо па-за межамі палітычнага аналізу), спасылаючыся на падзеі 2020. Гэтак можна верыць у тое, што прыляціць архангел Міхаіл і зрыне Лукашэнку.
Мне падаецца, перад тым, як агітаваць за нейкую стратэгію, варта б было прааналізаваць настроі людзей па гэтым пытанні. Гэта быў бы добры прыклад паспяховай камунікацыі і адпавядала б чаканням грамадзян з антырэжымнымі настроямі. Калі пераконваць людзей ва ўдзеле без яснасці, што потым (сумнеўны тэзіс, што любое дзеянне лепш, чым бяздзеянне) будзе працягваць разбуральныя, дэкансалідацыйныя працэсы ўнутры новай апазіцыі, у тым ліку эрозіі лідарства.
Тым больш, што:
1. Настроі грамадства невядомыя;
2. Мабілізацыйны ініцыятывы не былі паспяховымі ад ультыматума 2020, галасавання і страйку 2021. Нават пры большым даверы да фігуры Святланы Ціханоўскай і з большымі палітычнымі рэсурсамі;
3. Нама яснасці па дзеяннях пасля "галасавання", акрамя магчымай (!!!) часовай актыўнасці на фоне глыбокай апатыі, якая можа стаць яшчэ больш моцнай пасля;
4. Узмацненне альтэрнатыўных дыскурсаў і цэнтраў крытыкі, чаго не было на пачатку 2021 года.
Што варта было б зрабіць:
1. Апытанні і разуменне настрояў (нават зараз яшчэ можна змяніць стратэгію);
2. Сканцэнтраваць рэсурсы на сабатаж і зрыў "галасавання";
3. Псіхалагічны ціск на чальцоў камісій.