Крыніцы: У Высокім пасля абмеркавання праекта Канстытуцыі затрымалі мужчыну

Верагодна, адбылося другое затрыманне, звязанае з абмеркаваннем праекта Канстытуцыі. Крыніца «Еўрарадыё» піша, што пасля «дыялогу» на прадпрыемстве «Высокаўскае ДРСУ-137» у горадзе Высокае ў пятніцу, 21 студзеня, затрыманы мясцовы жыхар Андрэй Дубіна.

Фота kamenec.by

Фота kamenec.by

Сведкі затрымання кажуць, што ён выказаў прапанову: каб у выбарах забаранілі ўдзельнічаць вусатым і лысым. Верагодна, супраць мужчыны будзе пачатая справа за абразу Лукашэнкі.

19 студзеня ў Высокім сапраўды абмяркоўвалі праект зменаў у Канстытуцыю. Але, на жаль, няма магчымасці дадаткова пацвердзіць інфармацыю пра затрыманне праз свае крыніцы.

14 студзеня пасля ліста пра папраўкі ў Канстытуцыю, адпраўленага ў раённую газету «Маяк», затрымалі пенсіянера Мікалая Віцікава. «…чалавек называе дзейны дзяржаўны лад «лукашызмам», прыхільнікаў улады — «ябацькамі», дзеянні праваахоўных органаў «зверствамі АМАПаўскіх вылюдкаў», — пералічалі «злачынствы» пенсіянера ў выданні. Цяпер Віцікаў у СІЗА.

Дарэчы, новая рэдакцыя Канстытуцыі сапраўды ўтрымлівае некалькі новых забаронаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата. Узрост будучага прэзідэнта падымаецца да 40 гадоў. Непасрэдна перад выбарамі ён 20 гадоў мусіць пражыць у Беларусі. А таксама ён цягам жыцця не мусіць атрымліваць грамадзянства ці віду на жыхарства іншай краіны.