Плюралізм у адной галаве ці асэнсаваная палітыка?

Дзеянні беларускіх уладаў апошнім часам прымушаюць задацца пытаннем: што ж яны робяць? З аднаго боку, імкнуцца падаць сябе свету міратворцамі, сігналізаваць Захаду, што не супраць аднавіць з ім стасункі. 



sasha_syhodz.jpg

З іншага боку, узмацняюць рэпрэсіі, ціск на дэмакратычную супольнасць, добра ведаючы, што гэта раздражняе цывілізаваны свет і робіць немагчымым прарыў на, прынамсі, еўрапейскім напрамку.

Тут трэба звярнуць увагу на некалькі момантаў. З аднаго боку, кіраўнік беларускай дзяржавы пасля анексіі Расіяй Крыма і падзеяў на Паўднёвым Усходзе Украіны шматкроць выказваўся ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці нашай паўднёвай суседкі, а падчас апошняга візіту ў Кіеў за два дні да сустрэчы з Пуціным казаў свайму ўкраінскаму візаві пра гатоўнасць «зрабіць усё», што пажадае ўкраінскае кіраўніцтва. Вось і 27 студзеня адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Прэзідэнты, паводле сціплага паведамлення БЕЛТА, «абмеркавалі пытанні, якія ўяўляюць узаемную цікавасць».

Украіна

Падаецца, што афіцыйны Мінск зацікаўлены ў захаванні добрых стасункаў з Кіевам, балазе ў нас багата там і эканамічных інтарэсаў. У той жа час сілавыя структуры Беларусі арыштоўваюць прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці толькі за жаданне праявіць салідарнасць з народам Украіны ў ягоным змаганні супраць расійскай агрэсіі. Ад пяці да пятнаццаці сутак адміністрацыйнага арышту 23 студзеня атрымалі пяцёра нашых суайчыннікаў за спробу днём раней ушанаваць памяць людзей, што загінулі год таму на кіеўскім Майдане ад куль януковіцкіх снайпераў і «беркутаўцаў».

Як паведамляў наш сайт novychas.info, суды адбываліся ў закрытым рэжыме. У выніку дэмакратычныя актывісты Алесь Макаеў і Максім Вінярскі атрымалі па 15 сутак зняволення, Яўген Батура і Мікола Колас — па 10 сутак, рэжысёр Вольга Мікалайчык — 5 сутак адміністрацыйнага арышту. А 67-гадовая пенсіянерка Ніна Багінская мусіць сплаціць 3 мільёны 600 тысяч рублёў штрафу.

Ніна Багінская распавяла, што падчас і пасля затрымання, калі яны ўжо знаходзіліся ў аўтобусе, потым у РУУС супрацоўнікі АМАПу паводзілі сябе скрайне непрыстойна, яны абражалі затрыманых нецэнзурнай лаянкай, дазвалялі сабе цынічныя выказванні нават у дачыненні да жанчыны паважанага веку, забралі ў яе кіёчак. «У мяне такое ўражанне, што супрацоўнікі АМАПу і Цэнтральнага РУУС вельмі дакладна зразумелі словы міністра ўнутраных справаў Шуневіча, што міліцыя — гэта карны орган. Вось яны і паводзяць сябе як карнікі. Іншых словаў я проста не магу падабраць», — скрушаецца суразмоўца.

«У апошнія часы любая вулічная актыўнасць у абсалютна любых формах жорстка падаўляецца ўладамі, — адзначае намеснік старшыні зачыненага Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч. — Распаўсюд улётак на вуліцы трактуецца як несанкцыянаваны пікет, публічныя фотасесія. У гэтым выпадку было ўскладанне кветак, расцэненае праваахоўнікамі як несанкцыянаванае мерапрыемства. Мне падаецца, што ўсё гэта сведчыць пра набліжэнне прэзідэнцкіх выбараў. Для ўладаў скрайне важна падаўляць любыя вулічныя актыўнасці, не важна, па якой тэматыцы, не важна, хто гэта робіць. Проста не дапускаць выхаду людзей на вуліцы».

Па словах Стэфановіча, дзеянні ўладаў насілі дэманстратыўна жорсткі характар.

Францыя

Ідзем далей. 11 студзеня ў шматлікіх краінах свету адбыліся акцыі салідарнасці з ахвярамі тэракту ў рэдакцыі сатырычнага часопіса «Charlie Hebdo» ў Парыжы. Пры нападзе на рэдакцыю выдання 7 студзеня тэрарысты забілі 12 чалавек, у тым ліку 10 журналістаў. У сталіцы Францыі на вуліцы выйшла паўтара мільёна чалавек, сярод іх першыя асобы буйных дзяржаваў, у тым ліку Германіі, Вялікабрытаніі ды іншых. 8 студзеня свае спачуванні прэзідэнту Францыі Франсуа Аланду накіраваў і Аляксандр Лукашэнка.

Сваю салідарнасць з народам Францыі ў той жа дзень выказалі і некалькі беларусаў. Але цяпер іх чакаюць суды. Праваахоўныя органы працягваюць складаць пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні на ўдзельнікаў акцыі каля французскай амбасады ў беларускай сталіцы. Тры чалавекі проста стаялі з шыльдамі «Я ёсць Шарлі», напісанымі па-французску.

Справы заведзены на былога рэдактара сатырычнай газеты «Навінкі» Паўлюка Канавальчыка, аднаго з кіраўнікоў Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука і лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. На іх складаюць пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства). Санкцыі гэтага артыкула прадугледжваюць штрафы ці адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

Як адзначае кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла, існуюць сітуацыі, на якія чалавек мае права адрэагаваць непасрэдна і хутка. «А тая сістэма, якая створана ў Рэспубліцы Беларусь, прадугледжвае, што для правядзення такой акцыі неабходна папрасіць дазволу, а рашэнне пра дазвол будзе прымацца цягам пятнаццаці дзён, ды яшчэ ён будзе абстаўлены ўмовамі аб заключэнні дамоваў з органамі ўнутраных справаў, з камунальнікамі і «хуткай дапамогай». Атрымліваецца, што за гэтым частаколам вымушаных абгрунтаванняў ніякім чынам не атрымліваецца рэалізаваць права на мірны сход», — падкрэслівае юрыст.

Па словах суразмоўцы, у Беларусі неабходна ўвесці заяўны парадак, калі людзі, што жадаюць правесці нейкі пікет ці іншае мерапрыемства, маглі б проста ўведаміць мясцовыя органы ўлады. Дзеянні ж беларускіх уладаў таму і асуджаюцца міжнароднай супольнасцю, бо яны супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека. «Улады ў нас недэмакратычныя, яны хочуць трымаць народ у падпарадкаванні, таму мы і кажам, што ў нас выбудоўваецца таталітарная дзяржава, калі органы ўлады жадалі б татальна кантраляваць сваіх грамадзянаў ва ўсім, што яны робяць і чым займаюцца», — канстатуе Гары Паганяйла.

Плюралізм у адной галаве…

Як адзначае палітолаг Аляксандр Класкоўскі, для беларускіх уладаў падтрымка тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, нейкая дыпламатычная лінія па ўкраінскай праблеме і атрыманне адпаведных дывідэндаў — гэта адно пытанне. А грамадска-палітычная актыўнасць беларусаў у гэтым жа пытанні (як і ў аналагічных — тая ж Францыя, — заўвага Г. К.), разглядаецца пад зусім іншым вуглом.

«Беларускае кіраўніцтва хоча толькі манапольна атрымліваць нейкія дывідэнды ад такога кшталту пытанняў. Разам з тым, яно не зацікаўлена, каб расла грамадска-палітычная актыўнасць у Беларусі, і рэпрэсіўныя ўстаноўкі, якія тычацца любога кшталту вулічных акцыяў, тым больш несанкцыянаваных, цалкам застаюцца ў сіле. Таму ніякай супярэчнасці тут няма. З аднаго боку, афіцыйны Мінск лавіруе ў дыпламатычным плане на міжнароднай арэне, стараецца зняць нейкія геапалітычныя вяршкі з драматычнай сітуацыі ў рэгіёне, звязанай з канфліктам паміж Кіевам і Масквой. А з іншага боку, душыць усялякія праявы актыўнасці сваіх грамадзян. Бо гэта прырода рэжыму, каб усе сядзелі, як мыш пад мятлой», — рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі.

Падаецца, што ўлады разглядаюць беларускі народ менавіта як мышыны статак, які і пікнуць ужо не асмельваецца. Магчыма, можна пагадзіцца з меркаваннем некаторых экспертаў, што з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў рэпрэсіі будуць толькі ўзмацняцца. Але мяне асабіста апошнім часам цікавяць іншыя пытанні. Калі на «суткі» трапляюць беларускія людзі за акцыю салідарнасці з Украінай, чаму маўчыць афіцыйны Кіеў? Калі перад судом, а потым і ў вязніцы за падтрымку французаў могуць апынуцца мірныя грамадзяне Беларусі, чаму не скажа слова пратэсту з гэтай нагоды хоць хтосьці з прадстаўнікоў французскіх уладаў ці хаця б які-небудзь клерк з Еўрасаюза?

Бяда ў тым, што на тле вялікіх няшчасцяў робіцца незаўважнай маленькая праблема, звязаная з правамі чалавека. Толькі палітыкі забываюцца на той факт, што менавіта з маленькай праблемы аднаго ці некалькіх канкрэтных чалавек пачынаюцца вялікія рэгіянальныя ці нават глабальныя беды.