Як правільна пісаць пра ЛГБТ-супольнасць?

Публікацыі пра геяў і лесбіянак заўсёды выклікаюць шмат дыскусій у інтэрнэце. Разам з тым, у беларускіх медыя такія матэрыялы можна назваць рэдкасцю.



lhbt.jpg

Чаму беларускія журналісты зрэдку пішуць пра ЛГБТ-супольнасць і якія памылкі яны дапускаюць у сваёй працы, распавядае гендэрная даследчыца Юлія Міцкевіч.

Спадарыня Юлія, нядаўна гей-актывіст Аляксандр Палуян выказаў меркаванне, што тэма ЛГБТ-супольнасці нецікавая беларускім медыя. Ці падзяляеце вы гэтае меркаванне? І якім чынам можна патлумачыць гэтую з’яву?

— Сапраўды артыкулы пра геяў і лесбіянак вельмі рэдка з’яўляюцца ў нашых медыя, а калі іх і можна там знайсці, то інфармацыя, як правіла, падаецца ў гамафобным кантэксце або проста як смажаны факт, калі гэта датычыцца нейкіх зорак шоў-бізнэса кшталту Канчыты Вурст. Прычынаў таму некалькі. Па-першае, многія журналісты і хацелі б пісаць на гэту тэму, але рэдактары не дазваляюць, паколькі самі маюць гамафобны настрой. Па-другое, такія публікацыі не зусім упісваюцца ў канцэпцыю “правільнасці” беларускай ідэалогіі, калі мы кажам пра дзяржаўныя СМІ. Разам з тым, апошнім часам журналістам стала прасцей працаваць з ЛГБТ-тэматыкай.

Што вы маеце на ўвазе?

— Калі я толькі пачынала пісаць на гэту тэму год сем таму, з’яўляючыся журналісткай інфармагенцыі БелаПАН, мне вельмі часта даводзілася дадаткова тлумачыць калегам, чаму я пішу пра геяў ці лесбіянак. Яны не тое, каб пацяшаліся з мяне, але задавалі вельмі шмат пытанняў, навошта яно мне трэба. Зараз, думаю, журналістам у гэтым плане прасцей.

— У расійскіх СМІ, якія вельмі папулярныя і ў Беларусі (асабліва тэлебачанне), тэматыка ЛГБТ-супольнасці часта суправаджаецца як ілюстрацыя сапсаванага Захаду, які хоча навязаць праваслаўнай Расіі  антрыхрысціянскія, варожыя каштоўнасці. Ці можна прасачыць падобныя тэндэнцыі ў беларускіх медыя? І ў якім ключы найчасцей разглядаецца тэматыка ЛГБТ у беларускіх СМІ?

— Праблема ў тым, што нашы людзі сапраўды часта не адрозніваюць расійскую інфармацыю ад беларускай, і ўсе гэтыя прапагандысцкія рэчы з расійскага ТВ адбіваюцца і на беларускай грамадскай думцы. Што датычыцца айчынных медыя, то пакуль тэма ЛГБТ не раскручаная. Тэксты ці сюжэты з’яўляюцца толькі пры гучных інфармацыйных нагодах — калі затрымалі ці збілі кагосьці з гей-актывістаў, або калі “жанчына з барадой” перамагла на Еўрабачанні. Але нам бракуе дыскусіяў на гэту тэму.

Часта ад экспертаў можна пачуць, што журналісты не валодаюць правільнай тэрміналогіяй пры распрацоўцы тэм, звязаных з ЛГБТ-супольнасцю. Якія найбольш распаўсюджаныя памылкі можна назваць?

— Самая частая памылка, калі гомасэксуалаў называюць гомасэксуалістамі. Гэта некарэктна і няправільна, таму што ідзе супрацьпастаўленне гетэрасэкусал, але гомасэксуаліст. Апроч таго, часта журналісты блытаюць, каго можна назваць трассэксуалам, а каго — трансвесцітам, хоць у інтэрнэце можна знайсці даведнікі і парады ад экспертаў.

“Радыё Свабода” ў свой час рабіла апытанне сярод палітыкаў і грамадскіх дзеячаў пра іх стаўленне да гей-прайдаў. Дык вось, многія рэспандэнты адказвалі, што гэта тэма іх наогул не хвалюе. На ваш погляд, ці трэба ўключаць публічных асоб у такі дыскурс? І ці варта публікаваць і гамафобныя выказванні, якія дазваляюць сабе некаторыя актывісты?

— Абавязкова. У Беларусі сапраўды склалася дзіўная сітуацыя — многія палітыкі проста баяцца гаварыць на гэту тэму, хоць іх еўрапейскія калегі ці партнёры адкрыта каментуюць тэму ЛГБТ у прэсе. Нядаўна ў інтэрнэце шмат шуму нарабіў артыкул Сяргея Дубаўца “Я-гей!”, дзе ён становіцца на абарону гомасэксуалаў, адзначаючы, што вартасць чалавека не вызначаецца ягонай сэксуальнай арыентацыяй. Цікавыя развагі, улічваючы, што некалькі год таму спадар Дубавец друкаваў досыць гамафобныя меркаванні на сайце “Беларускія навіны”.

Газета “Вячэрні Гродна” нядаўна апублікавала два матэрыялы пра жыццё геяў і лесбіянак. З каментарыямі па тэме выступае доктар-сэксолаг, які кажа: “Ответить на вопрос, почему женщина стала лесбиянкой, однозначно нельзя. Причиной может быть комплекс проблем, в том числе внутренняя неудовлетворенность собой, семейной жизнью и банальное «муж охладел». Биологический компонент глубже, когда ориентация начала формироваться еще во внутриутробном периоде. Тогда лесбиянство можно рассматривать как выраженное отклонение в развитии. Во всех остальных ситуациях женщина, встретив достойного мужчину, может легко отказаться от однополой любви”.  Наколькі ўдалым можна назваць такі падыход да выбару эксперта?

— Калі журналіст ставіў задачу абразіць гомасэксуалаў, то, напэўна, гэты эксперт дарэчны. Калі ж падыходзіць да напісання такіх тэкстаў з праваабарончага пункту гледжання, то варта ведаць, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя больш за 20 год таму выключыла “гомасэксуалізм” з Міжнароднай класіфікацыі захворванняў, а Міжнародны пакт аб грамадскіх і палітычных правах прама ўказвае, што дыскрымінацыя па сэксуальнай арыентацыі недапушчальная. Калі эксперт гэтага не ведае, то наўрад ці варта прадастаўляць яму слова на старонках газеты.