Польскага консула папрасілі пакінуць Беларусь. За што?

Беларускі МЗС заявіў консулу Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце Ежы Цімафеюку рашучы пратэст у сувязі з яго ўдзелам у неафіцыйным мерапрыемстве, прысвечаным «дню выклятых жаўнераў», якое прайшло 28 лютага ў Брэсце.

zhaunery_1.jpg


«Прынцыповая і паслядоўная пазіцыя беларускага боку ў дачыненні да "выклятых жаўнераў" і іх тыповых прадстаўнікоў – "банды Бурага" — застаецца нязменнай і неаднаразова даводзілася да польскага боку. Абсалютна непрымальныя для нас гераізацыя ваенных злачынцаў, цынічнае апраўданне генацыду беларускага народа, найгрубейшыя парушэнні абавязацельстваў польскага боку па недапушчэнні гераізацыі нацызму. Сваімі злачынствамі ў месцах кампактнага пражывання беларускай нацыянальнай меншасці "выклятыя жаўнеры" пад камандаваннем Рамуальда Райса паставілі сябе на адзін узровень з гітлераўскімі карнікамі. Памяць аб спаленых вёсках, сотнях забітых і скалечаных мірных грамадзян святая для нашай краіны. І Беларусь, і Польшча заплацілі каласальную цану за выжыванне сваіх народаў у той страшнай вайне», — адзначаецца ў паведамленні МЗС.
У гэтай сувязі польскаму боку была ўручана нота, у якой консулу Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце Ежы Цімафеюку прапанавана пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Кто такія «выклятыя жаўнеры»?

«Выклятыя жаўнеры» не прызналі канец Другой сусветнай вайны і працягвалі ўзброеную барацьбу супраць новага агрэсара — савецкага таталітарызму. 1 сакавіка 2011 года ў Польшчы ўпершыню адзначалі Нацыянальны дзень памяці «Выклятых жаўнераў» у якасці штогадовага нацыянальнага свята.
Рамуальд Райс (Буры) нарадзіўся ў 1913 годзе. Скончыў школу унтэр-афіцэраў. У пачатку Другой сусветнай вайны трапіў у палон да савецкіх войск, некаторы час знаходзіўся ў турме ў Бярозе-Картузскай, распавядае gazetaby.com.
У гады вайны ваяваў у складзе Арміі Краёвай, у 1944-м удзельнічаў у вызваленні Вільні. Пасля таго, як НКВД пачаў вайну супраць АК, сышоў у падполле. Некаторы час па падробленых дакументах служыў у Ахове дзяржаўных лясоў у Гайнаўка.
У 1945-м Райс дэзерціраваў у АК, а пасля самароспуску 5-й Віленскай брыгады адмовіўся выканаць загад і разам са сваім падраздзяленнем перайшоў у Нацыянальны ваенны супраціў. Там ён і быў павышаны да звання капітана.
У студзені і лютым 1946-га на Падляшшы атрад Райса здзейсніў некалькі нападаў на вёскі, дзе пражывалі ў асноўным беларусы праваслаўнага веравызнання. У выніку рэйдаў былі забітыя 79 чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці. 35 чалавек былі забітыя ў выніку нападу на вёскі Зані і Шпакі, якія былі спалены байцамі «Бурага».
У лістападзе 1948-га Райс быў арыштаваны па абвінавачанні ў здзяйсненні ваенных злачынстваў, расстраляны ў канца 1949-га.