У Польшчы паабяцалі адказаць на высылку свайго консула з Беларусі
Улады Польшчы лічаць беспадстаўнымі дзеянні беларускага МЗС, які прапанаваў польскаму консулу пакінуць краіну ў сувязі з грубым парушэннем Венскай канвенцыі. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў краіны Марцін Пшыдач.

«Мы лічым рашэнне беларускіх улад цалкам беспадстаўным і незразумелым. Польшча хутка і адэкватна адкажа на гэтае неабгрунтаванае рашэнне», — сказаў Пшыдач у эфіры «Польскага радыё», паведамляе «Белсат».
Нагадаем, што ўчора, 9 сакавіка, у МЗС Беларусі выклікалі Часовага Паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага. Яму заявілі пратэст у сувязі з удзелам польскага консула ў Брэсце Ежы Цімафеюка ў імпрэзе, прысвечанай Дню «выклятых жаўнераў».
Удзелам у гэтай імпрэзе Ежы Цімафеюк нібыта парушыў Венскую канвенцыю пра консульскія зносіны. У сувязі з гэтым яму прапанавалі пакінуць тэрыторыю Беларусі.