Камітэт Дзярждумы зацвердзіў кандыдатуру новага пасла Расіі ў Беларусі

Камітэт Дзяржаўнай думы Расіі па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі зацвердзіў кандыдатуру Яўгена Лук’янава на пасаду новага пасла Расіі ў Беларусі.

Яўген Лук'янаў. Фота: LETA, Edijs Pālens

Яўген Лук'янаў. Фота: LETA, Edijs Pālens


Па выніках пасяджэння Камітэта рыхтуецца матывіровачнае заключэнне, якое накіроўваецца прэзідэнту Расіі, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».

«У кожнага пасла ёсць свой тэрмін, які вызначае прэзідэнт. Значыць, прэзідэнт вырашыў такім чынам», — пракаментаваў агенцтву змену пасла намеснік міністра замежных спраў Андрэй Рудэнка.

Яўген Лук’янаў зараз з’яўляецца паслом Расіі ў Латвіі. Ён павінен будзе змяніць у Мінску Дзмітрыя Мезенцава. Такім чынам, Масква за тры гады можа змяніць трэцяга свайго прадстаўніка ў Мінску.

Да свайго прызначэння на пасаду пасла ў Латвіі Лук’янаў служыў намеснікам сакратара Рады бяспекі РФ і займаўся міжнароднымі пытаннямі.

Ён у 1974 годзе скончыў Ленінградскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «Англійская мова і літаратура», працаваў інжынерам-перакладчыкам на абаронным прадпрыемстве НДІ «Імпульс», быў у кіраўніцтве Ленінградскай арганізацыі Саюза журналістаў СССР.

Затым працаваў у МЗС СССР, а з 1990-га па 1991-ы з’яўляўся намеснікам дырэктара Эрмітажа. З 1993 па 2006 год займаў кіруючыя пасады ў «Дрэзднер-банку» і ВТБ. У 2006 годзе вярнуўся на дзяржслужбу ў сталае прадстаўніцтва прэзідэнта РФ у Паўночна-Заходняй федэральнай акрузе, у 2007 годзе стаў намеснікам паўнамоцнага прадстаўніка, а затым сышоў працаваць у Савет Бяспекі.

СМІ прадказваюць Дзмітрыю Мезенцаву пасаду дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы пасля сыходу ў адстаўку Рыгора Рапоты.