Прэзідэнцкая, парламенцкая ці змешаная? Якой рэспублікай варта стаць Беларусі

Палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграме разважае пра тое, якая форма палітычнага кіравання больш падыходзіць Беларусі. І робіць нечаканую выснову.

imgl0555_logo.jpg

Мне падабаецца тая форма рэспублікі, якая будзе эфектыўная ў рэалізацыі тых ці іншых рашэнняў ці ў развіцці краіны. Няма такой формы, якая была б панацэяй і гарантавала абсалютную эфектыўнасць і паспяховае развіццё краіны.

Ніякая канстытуцыя, структура ўлады такія гарантыі даць не можа.

Гарантыяй з'яўляецца не канстытуцыя, а ўменне грамадства карыстацца тымі палітычнымі інструментамі, якія існуюць для кантролю за палітычнай улады.

Што я маю на ўвазе? Некаторыя аддаюць прыярытэт парламенцкай рэспубліцы над рэспублікай прэзідэнцкай. То-бок у прэзідэнцкай рэспубліцы можа быць больш рызыкаў, небяспекі, калі прэзідэнт мог бы ўзурпаваць уладу. Як адбылося ў шэрагу краін на потсавецкай прасторы. Рэспублікі збольшага былі парламенцка-прэзідэнцкія. Парламент меў большыя паўнамоцтвы і магчымасці абмяжоўваць і кантраляваць дзейнасць главы дзяржавы. На гэтай глебе ўзніклі сур'ёзныя канфлікты, якія прывялі да змены канстытуцыі і, па сутнасці, узурпацыі ўлады.

Але ёсць прыклады прэзідэнцкіх рэспублік, дзе нічога такога няма, дзе прэзідэнт фарміруе ўрад і можа рэалізоўваць уласную палітыку, але ёсць моцны інструмент, які можа тармазіць неадэкватныя ці неканстытуцыйныя дзеянні прэзідэнта — гэта кангрэс альбо парламент. То-бок пры моцным прэзідэнце ёсць моцны парламент, сенат, кангрэс, Вярхоўны і Канстытуцыйны суды.


Усе гэтыя інструменты здольныя затармазіць працэс узурпацыі ўлады, калі, адпаведна, у гэтых інстытутах працуюць адказныя, адукаваныя людзі, калі грамадства не сядзіць склаўшы рукі і актыўна карыстаецца інструментамі — забастоўкай, страйкамі, дэманстрацыямі, сродкамі масавай інфармацыі — якія могуць прымусіць прэзідэнта альбо сысці ў адстаўку, альбо проста не ісці шляхам да ўзурпацыі ўлады.

Калі народ абыякавы, то з'яўляецца магчымасць, што ў парламенце і мясцовай уладзе, у СМІ знаходзяцца людзі, якіх можна лёгка купіць, перакупіць. Гэта, умоўна кажучы, людзі авантурыстычнага складу, якія гатовы падтрымаць авантурызм кіраўніка дзяржавы, каб мець магчымасць карыстацца палітычным дабрабытам.

Пяройдзем да класічнай парламенцкай рэспублікі, дзе няма прэзідэнта, а кіраўніком выканаўчай улады з'яўляецца прэм'ер-міністр. Прэм'ер-міністр абіраецца большасцю галасоў той партыі ці той палітычнай групы, якая набыла большасць месцаў у парламенце.  

Партыя, якая атрымала большасць, можа нават без кааліцыі ў аднабаковым парадку сфарміраваць свой уласны ўрад і прызначыць свайго прэм'ер-міністра, які будзе мець усе тыя ж функцыі, якія мае прэзідэнт. І, адпаведна, гэты ўрад, дзякуючы большасці ў парламенце, будзе прымаць тыя ці іншыя законы, якія будуць не ў інтарэсах грамадства.

Будзе маніпуляваць і ўрэшце палічыць неабходным прыняць канстытуцыю, каб увесці ў краіне пасаду прэзідэнта і каб прэм'ер-міністр потым стаў прэзідэнтам. Такіх прыкладаў даволі шмат.

Калі няма разумення адказнасці за дзяржаву, жадання не дапусціць гэтага авантурызму і аўтарызацыі, то не важна, хто будзе мець у руках ключавую ўладу — прэзідэнт ці прэм'ер-міністр — і той і другі можа карыстацца і маніпуляваць грамадскай думкай і парламентам і пашырыць свае паўнамоцтвы.


Няма і не будзе ніколі ідэальнай формы, якая магла б забяспечыць краіну ад наступстваў ці ад магчымасці прыходу да ўлады папулістаў і авантурыстаў, лідараў з аўтарытарнымі схільнасцямі. Адзіным механізмам з'яўляецца свядомасць на высокім узроўні большасці грамадства, якая будзе адстойваць свае правы, канстытуцыю.

Таму для мяне прынцыпова не мае розніцы, па якім стандарце будзе функцыянаваць наша будучая дзяржава. Але павінна быць гарантыя таго, што не будуць адбывацца аўтарытарныя рэцыдывы, не будзе маніпуляцый з тым жа Канстытуцыйным судом ці парламентам, ці мясцовай уладай. Усё ў руках грамадства. Канстытуцыя — гэта паперка. І каб гэта паперка мела вартасць, яна павінна мець вартасць для самога грамадства.