Вертыкаль супраць рэспублікі

Крыжы ў Курапатах — прыклад агульнай справы, заснаванай на салідарнасці дзеля дасягнення людзьмі сваіх інтарэсаў.

draniki_1_1_logo.gif


Днямі я блукаў па YouTube і наткнуўся на выказванне нямецкага філосафа Фрыдрыха Ніцшэ (1844–1900), якое гучала надзіва сучасна: «Тыя, хто танчыць, здаюцца вар’ятамі тым, хто не чуе музыкі». За сто гадоў гэтая думка не страціла сваёй актуальнасці. Для тых, хто не адчуў сувязі паміж мінулым і сучасным, растлумачу на прыкладзе.

Сярод незалежных беларускіх экспертаў і публіцыстаў хапае аматараў паразважаць пра некампетэнтнасць архітэктараў «дзяржавы для народа». Поўны спіс прэтэнзій заняў бы занадта шмат месца, таму абмяжуюся эканамічным складнікам некампетэнтнасці: у беларускім урадзе — троечнікі, якія ніколі не трымалі ў руках «Эканомікс» Нобелеўскага лаўрэата Пола Самуэльсана.

Сур’ёзная прэтэнзія, пагадзіцеся. Аднак што зрабіць з тым фактам, што бліжэйшым летам троечнікі адзначаць 25-гадовы юбілей сваёй першай перамогі над выдатнікамі? За першай, калі хто забыўся, здарыліся другая, трэцяя, чацвёртая і пятая перамогі. І наперадзе ўсіх нас чакае шостая — сумнявацца ў якой не даводзіцца.

«Тыя, хто танчыць, здаюцца вар’ятамі тым, хто не чуе музыкі». Але ўсё становіцца на свае месцы, варта толькі націснуць на «плэй». Нашы троечнікі танчаць пад музыку ЎЛАДЫ, а калі казаць дакладней, пад музыку ЎТРЫМАННЯ ЎЛАДЫ.

Самуэльсана яны не чыталі — і ў сваім невуцтве былі рацыянальныя. Чым бы ім змог дапамагчы амерыканскі эканаміст са сваімі графікамі і формуламі?


Узыходзячая зорка

«Дзяржава для народа» была пабудаваная на падмурку свайго савецкага папярэдніка. Гэта ні для каго не з’яўляецца таямніцай. Іншага досведу ў троечнікаў не было. Вось як гэты досвед на расійскім прыкладзе апісвае дырэктар «Лявада-цэнтра», сацыёлаг Леў Гудкоў: «...патэрны савецкай сістэмы прымаюцца не таму, што яны лепшыя, больш эфектыўныя альбо ідэалагічна апраўдваюцца, а таму, што Пуцін і яго асяроддзе пра штосьці іншае і падумаць не маглі. Выкарыстанне ранейшых, звычайных для савецкай сістэмы, практык абумоўлена тым, што прыйшлі да ўлады сілы, не здольныя вылучыць нешта сваё і арыгінальнае, таму яны вымушаныя — у сілу адукацыі, ладу думак, кампетэнцыі, нарэшце, невялікага розуму — звяртацца да таго, што было ў мінулым, да таго, што яны ведаюць дзякуючы сацыялізацыі таго часу, навучанню ў савецкіх школах і ВНУ або службе ў адпаведных органах».

Беларускія троечнікі не толькі не сустрэлі супраціву з боку так званай «большасці», але і былі ёй актыўна падтрыманыя, бо і «большасць» нічога іншага прыдумаць сабе не магла. Такі саюз дазволіў падзеям развівацца «па лініі падзення вады». У выніку савецкая таталітарная сістэма, якая, здавалася б, назаўжды засталася ў мінулым, зноў вярнулася. Яна злёгку «прыпудрыла носік», але захавала сваю сутнасць. Яе галоўная характарыстыка — непадкантрольная грамадству ўлада — і сёння з намі. Пераход ад безальтэрнатыўных выбараў да альтэрнатыўных на практыцы нічога не памяняў.

Для тых, хто цікавіцца навінамі з таталітарнага фронту, рэкамендую ўважліва сачыць за ўзыходзячай зоркай беларускага таталітарызму-лайф, прэс-сакратаром адзінага палітыка (АП) Наталляй Эйсмант. Гэтая маладая жанчына прагрэсуе літаральна на вачах і па ўзроўні афарыстычнасці сваіх выказванняў ужо нічым не саступае шэфу.

Вось як, у прыватнасці, яна абгрунтавала акт вандалізму ў Курапатах: «Усё павінна быць зроблена як мае быць, у адпаведнасці з нашымі звычаямі, рэлігійнымі традыцыямі, згодна з планам. Будзе зроблена ўсё, каб гэтае месца выглядала годна, але без усякай палітыкі».

Адсылка да традыцый — любімы занятак работнікаў ідэалагічнай «вертыкалі». Не здольныя сфармаваць вобраз будучыні, яны ўвесь час звяртаюцца да мінулага, прычым рэдукуюць яго да двух элементаў — Перамогі (абавязкова з вялікай літары) і традыцыяў. Пры гэтым спіс традыцыяў, як правіла, не прыкладаецца. І гэта зразумела, бо сфармаваныя ва ўмовах лакальных сельскіх светаў традыцыі мала чым могуць дапамагчы ў стагоддзе інтэрнэту.

Але няма правілаў без выключэння. Наталля Эйсмант здолела падабраць патрэбнае слова і перакінуць з яго дапамогай масток паміж традыцыямі і постмадэрнам. Слова гэта — «план».


Уся справа ў страце кантролю

У сучаснай Беларусі зрабіць што-небудзь «як належыць» азначае зрабіць у адпаведнасці з планам. Іншага не дадзена. Самастойны крок налева або направа разглядаецца ў якасці замаху на манаполію АП займацца палітыкай. На такога роду заняткі няма права нават у топ-чыноўнікаў, пра што АП рэгулярна і нагадвае тым, хто з-за непаваротлівасці або непаразумення часам спрабуе апынуцца наперадзе паравознага дыму.

Вернемся да крыжоў. На гэты раз прыгадаем словы АП з «Вялікай размовы»: «Ну навошта вы там павыстаўлялі гэтыя вось белыя крыжы? Вам што, царква дазволіла гэта рабіць? Ну гэта ж дэманстрацыя, а я супраць такой дэманстрацыі».

Лепш і не скажаш. Амаль за тры дзесяцігоддзі існавання сучаснай беларускай дзяржавы тыя, каго паводле непаразумення прынята лічыць палітычнай элітай, нічога не зрабілі для ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Хто ім перашкаджаў? Якога дазволу і ад якой царквы яны чакалі?

Варта было б падзякаваць грамадзянам за праяўленую ініцыятыву. Але замест падзякі — абвінавачванні ў арганізацыі дэманстрацыі. А ў «дзяржаве для народа» любыя дэманстрацыі, калі толькі яны не санкцыянаваныя зверху, — гэта законная нагода для адміністрацыйнага пераследу іх арганізатараў, што на практыцы мы і назіралі.

Можна доўга спрачацца пра прычыны дзяржаўнага вандалізму, і ў кожным меркаванні пры гэтым будзе свая праўда, дакладней, толькі яе часцінка. Напрыклад, на думку галоўнага рэдактара радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксея Венедзіктава, уся справа ў страце кантролю: «Народны мемарыял, які быў у Курапатах, ён не кантраляваўся, не ствараўся ўладай. Гэта проста людзі прыходзілі і ставілі крыжы. Я абсалютна ўпэўнены, што гаворка ідзе не пра змястоўную частку гэтага памятнага месца, а гаворка ідзе пра кантроль».

Пра страту кантролю ў сваім інтэрв’ю TUT.BY казала і Нобелеўская лаўрэатка Святлана Аляксеевіч.

Рухацца «па лініі падзення вады» здольная любая трэска, а большага і не патрабуецца ад жадаючых утрымаць уладу ў грамадстве, якое прызвычаілася жыць паводле планаў, што даводзяцца зверху. «Цяперашняя дзяржава, — тлумачыць расійская журналістка Юлія Латыніна, — не мае на самай справе адзінага мозгу, які ёй кіруе. Яна ў пэўнай ступені не мае мозгу наогул. Ёй, як дыназаўру, мозг замяняюць інстынкты — хапальны, стракальны і абарончы».


З жыцця макак

Класічны прыклад сацыяльнай структуры, выбудаванай з апорай на інстынкт, — уладная «вертыкаль». Самцы нашых бліжэйшых біялагічных родзічаў, прыматаў, выдатна спраўляюцца з яе ўзвядзеннем, і гэта нягледзячы на тое, што ні адзін з іх не быў абвінавачаны ў чытанні «Эканомікс» Самуэльсана.

Тым не менш нават неспрактыкаваны назіральнік здольны без асаблівых складанасцяў адрозніць альфа-самца ад іншых жывёл мужчынскага полу ў малпінай зграі. Каб не быць галаслоўным, працытую доктара біялагічных навук Віктара Дольніка: «Барацьба за дамінаванне шмат значыць у жыцці самцоў макак. Іх дамінанты не маюць патрэбы ў саюзе, таму што ў макак існуе адна вельмі гнюсная інстынктыўная праграма (якая сустракаецца і ў некаторых іншых зграйных жывёл, напрыклад, у сабак). Як толькі дамінант пачне караць аднаго, астатнія імкнуцца яму дапамагаць: крычаць, кідаюцца калам, імкнуцца ткнуць чым-небудзь самі».

Каб была мая воля, я б уключыў прыведзеную вышэй цытату ва ўсе падручнікі па дзяржаўнай ідэалогіі. Любое разважанне пра традыцыйныя каштоўнасці будзе без яе няпоўным, недасканалым, бо няма ў грамадстве Homo sapiens нічога, што па ступені традыцыйнасці магло б параўнацца з уладнай «вертыкаллю».

Яшчэ адзін нюанс. У грамадствах, арганізаваных згодна з вертыкальным прынцыпам, немагчымая рэспубліканская форма дзяржаўнага праўлення. Слова «рэспубліка» ў перакла­дзе з латыні азначае «супольная справа». Крыжы ў Курапатах і былі прыкладам супольнай справы, заснаванай на салідарнасці дзеля дасягнення людзьмі сваіх інтарэсаў. Сваіх, а не спушчаных зверху!

Але прыватныя інтарэсы, якія выяўляюцца публічна, — гэта прамая пагроза не толькі для альфа-самцоў у зграях макак, але і для ўсіх, хто звязаў сваё жыццё з функцыянаваннем уладных «вертыкаляў».

Каб адчуць такога кшталту пагрозу, зусім не абавязкова валодаць высокім статусам у іерархіі. Для гэтага дастаткова адчуць сябе безабаронным у сучасным дынамічным свеце. А такіх у Беларусі большасць, і родная ўлада працуе не пакладаючы рук над тым, каб гэтая большасць не здолела самаарганізавацца да ўзроўню, які дазваляе заняцца агульнай справай — будаўніцтвам Рэспублікі Беларусь.