Пуцін не дачакаўся падтрымкі па Украіне ад Назарбаева і Лукашэнкі

«Уладзімір Пуцін не атрымаў ад партнёраў па Мытнай тройцы падтрымкі сваёй палітыкі на ўкраінскім кірунку. Гэта стала зразумела пасля экстраннага саміту 5 сакавіка ў Нова-Агарове, — піша ў інтэрнэт-выданні Naviny.by Аляксандр Класкоўскі. — Фармальна лідары Расеі, Беларусі і Казахстана абмяркоўвалі дамову аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), але, вядома, у паветры вісела ўкраінскае пытанне».



pu_lu_nazar.jpg

Гэтае пасяджэнне Найвышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў прайшло на шэсць дзён раней планавага тэрміну, прычым напярэдадні Нурсултан Назарбаеў не хаваў, што гэта яго ініцыятыва, бо «абстаноўка ва Украіне непасрэдна закранае ўзаемаадносіны краін у рамках СНД і ўскосна тычыцца дзяржаў Мытнага саюза».
Многія назіральнікі адзначаюць, пішуць Naviny.by, што паводзіны Масквы ў Крыме, закамуфляваныя пад абарону «рускамоўных», абсалютна не спадабалася лідару Казахстана, дзе цэлыя вобласці — рускамоўныя.
У Беларусі таксама няма ні аднай рацыі псаваць адносіны з Украінай, каб дагадзіць вялікадзяржаўным амбіцыям Крамля.
«Галоўным вынікам гэтай сустрэчы стала тое, што на ёй не прагучала», — заявіў у каментары для Naviny.by палітычны аналітык Юрый Дракахруст.
У сітуацыі канфлікту з Украінай, калі Крэмль апынуўся практычна ў ізаляцыі, яму крытычна важна было атрымаць падтрымку саюзнікаў. Але гэтага не ўдалося. Калі б казахстанскі і беларускі кіраўнікі сказалі ў прыязным духу хоць пару слоў, то іх пазіцыя была б кідка адлюстравана ў расійскіх паведамленнях па выніках саміту. Аднак, мяркуючы па ўсім, Масква не атрымала нават ўскоснай падтрымкі, кажа аналітык.
«І гэта — сур'ёзнае паражэнне Пуціна», — заключае суразмоўца Naviny.by.
naviny.by