Расследаванне расследавання. Што не так з фільмамі "Беларускага расследавальніцкага цэнтра"?

Нядаўна БРЦ выпусціў два відэа, у якім расказаў пра беларускага прадпрымальніка Эдуарда Апсіта і яго «чорныя справы». «Наша Ніва» стала разбірацца — і знайшла шмат цікавага.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Бізнэсоўца Эдуарда Апсіта, які мог істотна падтрымліваць беларускія фонды салідарнасці, абвінавацілі ў махінацыях і сувязі з Прыгожыным. Вывучыўшы дакументы, «Наша Ніва» прыйшла да высновы, што абвінавачанні зусім не абгрунтаваныя. Пачынаючы праверку, журналісты дапускалі, што дакументы маглі быць падкінутыя расследавальнікам лукашэнкаўскімі спецслужбамі, каб дыскрэдытаваць «BySol», аднак Арцём Гарбацэвіч прыйшоў да высновы, што сляды вядуць у іншы, нечаканы бок.

Месяц таму «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» апублікаваў расследаванне пра беларускага бізнэсоўца Эдуарда Апсіта, буйнога гульца на беларускім клінінгавым рынку, заснавальніка кампаніі «Чысты свет». Расследавальнікі намалявалі вобраз Апсіта як вельмі карумпаванага прадпрымальніка, які несумленна зарабляў грошы ў Беларусі, Расіі і Украіне, загадкава пазбягаючы адказнасці за хабары і крадзяжы. 

У чым БРЦ абвінаваціў Апсіта

Абвінавачанні Эдуарду Апсіту былі выстаўленыя наступныя.

  1. Яго кампанія нібыта скрала 5 мільёнаў долараў на тэндары абслугоўвання Брэсцкага лакаматыўнага дэпо, а пракуратура ўсё ведала, але не стала заводзіць крымінальную справу. 
  2. Яго кампаніі нібыта несумленна перамагалі на тэндарах, у тым ліку з дапамогай хабараў, а таксама сімулюючы канкурэнцыю паміж сабой. 
  3. Звязаныя з ім кампаніі нібыта ўдзельнічалі ў картэльных змовах з кампаніямі Прыгожына ў Расіі, а таксама супрацоўнічалі з расійскім Мінабароны. 
  4. Праз латвійскі банк Апсіт «адмыў» заробленыя злачынным шляхам грошы. 

Неўзабаве пасля першага расследавання выйшла другое.

«Мінімальная ўмова загладжвання віны»

Пасля першага відэа «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» апублікаваў яшчэ адно. У ім агучылі інфармацыю пра тое, што нібыта праз давераных асоб Эдуард Апсіт за два гады (2021—2022) падтрымаў фонд салідарнасці «BySol» агулам на 97 тысяч еўра. Гэтыя грошы ішлі на дапамогу палітвязням і іх сем'ям. 

У адказ «BySol» нібыта выдаў Апсіту афіцыйны ліст з пацвярджэннем факта фінансавай падтрымкі, і гэты ліст пасля быў выкарыстаны бізнэсменам для таго, каб яго блізкія сваякі атрымалі гуманітарныя ВНЖ у Літве. 


Глядзіце таксама

БРЦ назваў сітуацыю «непрыгожай схемай "данаты ўзамен на легалізацыю ў ЕС"» паміж Фондам беларускай салідарнасці і сумнеўным бізнэсменам і задаў маральнае пытанне, ці дапушчальна такое супрацоўніцтва. 

«Калі паглядзець на сітуацыю так, як гэта робіць суд, то мінімальная ўмова адкуплення віны звычайна за эканамічныя злачынствы — гэта кампенсацыя шкоды. Як мы расказвалі ў расследаванні, на адной толькі схеме ў чыгуначным дэпо кампаніі Апсіта накруцілі каля 5 мільёнаў долараў звыш дамоўленай першапачаткова цаны, а ў латвійскім банку ў яго арыштавалі больш за 70 мільёнаў еўра па падазрэнні ў адмыванні грошай ад злачыннай дзейнасці. Дык вось, ці мог Апсіт, ахвяраваўшы 97 тысяч дэмакратычным сілам, заслужыць індульгенцыю?» — пытаў ў гледачоў Станіслаў Івашкевіч, кіраўнік «Беларускага расследавальніцкага цэнтра». 

З улікам таго, што Апсіт — вядомы ў Беларусі чалавек, а выстаўленыя абвінавачанні сур'ёзныя, «Наша Ніва» праверыла іх па парадку і выявіла, што яны не знаходзяць пацвярджэння, а злачынствам называецца тое, што ім не з'яўляецца ў прынцыпе. 

Гэта нарадзіла пытанні наконт крыніцы інфармацыі пра Апсіта, а таксама і мэтаў зліву. 

Д'ябал у чатырох нулях

Магістральнае абвінавачанне, агучанае «Беларускім расследавальніцкім цэнтрам», — у тым, што Эдуард Апсіт нібыта скраў на тэндары «Белчыгункі» 5 мільёнаў долараў (задакументаваная лічба 9 363 500 беларускіх рублёў), а пракуратура гэты факт пакрыла, хаця факт завышэння цэн выявіў адзін з работнікаў чыгункі і напісаў заяву. 

Журналісты прыводзяць у якасці доказу адказ пракуратуры на даўні запыт аднаго з актывістаў. 

Калі ж азнаёміцца з усім даступным тэкстам дакумента, то можна прачытаць, што завышэнне цаны выявіў сам кантрольна-рэвізійны аддзел «Белчыгункі», у выніку чаго прымусіў кампанію «Чысты свет» пералічыць 9 363 500 рублёў назад на рахунак дзяржкампаніі: «[…] зроблена карэкціроўка неабгрунтавана выплачанай ТАА "Чысты свет плюс" у адпаведнасці з дадатковым пагадненнем сумы ў памеры 9 363 500 рублёў на карысць філіяла РУП».


Крыніца: Беларусский расследовательский центр [ youtube ]

Такім чынам, кампанія «Чысты свет» не прысвоіла гэтыя грошы, а вярнула па патрабаванні чыгункі. Але ёсць і іншы момант.

Расследавальнікі не ўлічылі, што станам на 19 лютага 2016-га, калі і праводзілася праверка, тыя самыя 9 363 500 беларускіх рублёў, якія называюцца 5 мільёнамі, у рэальнасці былі толькі $450 доларамі, або 398 еўра. Таму што дэнамінацыя ў Беларусі прайшла летам 2016-га.  «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» памыліўся ў нулях, бо палічыў гэтую суму па курсе пасля дэнамінацыі.  А сума 398 еўра для кампаніі маштабу «Чыстага свету» — гэта, хутчэй, бухгалтарская памылка.

Такім чынам, галоўнае абвінавачанне адносна «Чыстага свету» распадаецца ва ўсіх двух складніках — і ў частцы кірунку руху грошай, і ў частцы іх сумы. 

«Фіктыўныя тэндары»

Другім пунктам абвінавачання расследавальнікаў стала тое, што кампаніі Апсітаў нібыта падманам перамагалі ў тэндарах, ствараючы фальшывую канкурэнцыю. Як прыклад, расследавальнікі дэманструюць адзін тэндар ад 2016 года на тэхнічнае абслугоўванне Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра.

Журналісты сцвярджаюць, што знайшлі дзевяць такіх тэндараў, але не даюць на іх спасылак і не называюць дэталей, расказваючы толькі пра адзін гэты кейс. 

«Дзяржзамову забрала кампанія "Чысты свет плюс", яе цана — 292 160 еўра, прапанова канкурэнта ўсяго на нейкія 388 еўра вышэйшая. Але гэтым канкурэнтам была "Кіраўнічая кампанія Фасіліком". То-бок звязаныя адна з адной фірмы імітавалі канкурэнцыю на таргах. Мы знайшлі дзевяць такіх, па сутнасці, фіктыўных закупак», — гаворыцца ў фільме БРЦ.  Рэзюмуецца, што «ў выніку фіктыўных таргоў цана знізілася толькі на 0,1%». 


Глядзіце таксама

Аднак на сайце дзяржзакупак журналісты «Нашай Нівы» знайшлі, што апісанне тэндара ў фільме не адпавядае рэчаіснасці.

(Непасрэдную спасылку даць немагчыма праз інтэрфейс сайта, але любы карыстальнік можа знайсці тэндар па гэтым адрасе, увёўшы УНП медыцынскага цэнтра і клінінгавай кампаніі «Чысты свет плюс» або адшукаўшы па нумары AU20160928078786.) 

У рэальнасці тэндар праходзіў у форме аўкцыёна: кожны ўдзельнік прапаноўваў ніжэйшую цану і бачыў цану канкурэнтаў. У ім хацелі ўдзельнічаць пяць кампаній, дапушчана было чатыры, а прыйшлі на яго тры. Кампаніі Эдуарда Апсіта канкуравалі з дзяржаўным РУП «Белэз», якое належыць Кіраўніцтву спраў Лукашэнкі.  А стартавая цана была не 620 тысяч, а 716 тысяч. Магчыма, расследавальнікі проста не разабраліся, што гэта была закупка ў форме аўкцыёна, а не ў форме конкурсу прапаноў. 

Атрымліваецца, што цана была не накручана, а зніжана з першапачатковых 716 да 539 тысяч рублёў. Фактычная цана кантракта ў выніку склала 619 тысяч рублёў — з улікам гэтак званай «цэнавай прэферэнцыі» (гэта механізм, які абараняе мясцовыя кампаніі праз спецыяльную льготу ў 15%, калі паслугі ці тавары вырабленыя на тэрыторыі Беларусі, а не пастаўленыя з-за мяжы). 

Адзін крок на аўкцыёне быў 716 рублёў — 0,1% ад сумы. Цэны на такім аўкцыёне рухаюцца ўніз: хто прапануе больш выгадную.

Рухаючыся па 716 рублёў за стаўку, канкурэнты датаргаваліся да 539 (619) тысяч. Далейшае зніжэнне цаны «Белэз» палічыў камерцыйна немэтазгодным і не стаў перабіваць стаўку «Чыстага свету плюс».  Такім чынам, дзяржаўная ўстанова заплаціла менш, чым была гатовая ад пачатку, на 97 тысяч рублёў, або на 15%. 

Расследавальнікі не залезлі ў архіў тэндараў або не разабраліся ў яго змесце, прывялі факт пра дзве афіляваныя кампаніі і назвалі тэндар «фіктыўнымі закупкамі».  Але аўкцыён, як сказана вышэй, быў не фіктыўным, а рэальна канкурэнтным. Што да ўдзелу дзвюх афіляваных кампаній у тэндары, то гэта не забаронена беларускім заканадаўствам.

У чым сэнс хадзіць на аўкцыёны дзвюма кампаніямі, «Нашай Ніве» патлумачыў бізнэсовец, дасведчаны ў змаганні за дзяржаўныя тэндары: 

«Аўкцыён — самая сумленная форма дзяржаўных тэндараў, пры ёй усе бачаць цэны канкурэнтаў і перамагае самая нізкая прапанова. Там ты можаш сыграць несумленна, толькі нейкім чынам не дапусціўшы канкурэнтаў, але гэта амаль немагчыма.

У дзеяннях Апсіта я бачу звычайную перастрахоўку. Вы бачыце, што канкурэнцыя на рынку была даволі маленькая. Мала хто быў тады такім жа вялікім і мог гуляцца на паніжэнне на дзяржаўных аўкцыёнах, пакідаючы сабе прымальную выгаду. І ён, як цэнтральны гулец рынку, страхаваў свой час. Калі мы дапускаем, што на аўкцыён ніхто не з'явіцца, апроч цябе, то ён не адбудзецца. Будзе абвешчаны новы, там будзе тое самае, потым яшчэ адзін, і толькі потым клініцы будзе дазволена правесці закупку з адной крыніцы. 

Гэта ўсё час, якога часта няма ні ў кампаніі, ні ў замоўцы. 


Крыніца: Беларусский расследовательский центр [ youtube ]

Страхуючы гэта, ты ідзеш на тэндар дзвюма сваімі кампаніямі, каб ён адбыўся. Гэта заведзеная практыка, і "госы" часта самі просяць: "Ідзіце дзвюма сваімі кампаніямі, каб мы правялі тэндар з першага разу". У іх часавыя рамкі на выкарыстанне бюджэту. Калі яны не ўкладуцца, яны не патрацяць»..

«Таксама часам на аўкцыёны ходзяць дзвюма сваімі кампаніямі, таму што па вышэйшай цане табе будзе выгадней у гэты момант выканаць кантракт адной кампаніяй, па ніжэйшай цане — іншай кампаніяй.

У законах ёсць норма, што калі пераможца таргоў не можа выканаць кантракт, то ён пераходзіць да кампаніі, якая заняла другое месца. Думаю, у гэтым выпадку мела месца адна з гэтых перастраховак», — дадаў іншы бізнэсмен. 

Рэзюмуем, што апісаны расследавальнікамі кейс не быў ані незаконным, ані неканкурэнтным. 

Цалкам артыкул «Нашай Нівы» пра дзейнасць Эдуарда Апсіта і расследаванне БРЦ чытайце тут.