Палітык, махляр і бізнесмен — хто з беларусаў хаваў грошы ў швейцарскім банку

«Беларускі расследавальніцкі цэнтр» выпусціў новае расследаванне. Адзін з яго герояў — былы дэпутат, чые даходы ў некалькі разоў меншыя за суму на яго швейцарскім рахунку. Другі — бізнесмен, які двойчы трапляў за краты, прычым у розных краінах. Трэці — блізкі да беларускіх улад бізнесмен, які гандляваў нафтапрадуктамі па шэрых схемах.

Фота Arnd Wiegmann/Reuters

Фота Arnd Wiegmann/Reuters


Даныя аб кліентах буйнога швейцарскага банка «Credit Suisse» атрымала нямецкае выданне «Süddeutsche Zeitung». Гэтым злівам яно падзялілася з Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, чальцом якога з'яўляецца Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Уцечка інфармацыі дазволіла расследавальнікам устанавіць імёны больш за 120 беларусаў, якія адкрывалі рахункі ў «Credit Suisse».
Падчас гэтага расследавання з дапамогай «К*берП*ртызанаў» былі правераны беларускія кліенты «Credit Suisse» з высокім узроўнем рызыкі махлярства: звязаныя з палітыкай ці асуджаныя за злачынствы. З агульнага спісу расследавальнікі выбралі трох чалавек, якія маглі выкарыстоўваць сакрэтнасць швейцарскай банкаўскай сістэмы для сумнеўных мэт.
Адзін з герояў гэтага расследавання — былы дэпутат, чые даходы ў некалькі разоў меншыя за суму на яго швейцарскім рахунку. Другі — бізнесмен, які двойчы трапляў за краты, прычым у розных краінах. Трэці — блізкі да беларускіх улад бізнесмен, які гандляваў нафтапрадуктамі па шэрых схемах.
Часам банкі недастаткова строга правяраюць сваіх кліентаў. Былыя і сённяшнія супрацоўнікі «Credit Suisse» у гутарцы з журналістамі OCCRP тлумачылі гэта карпаратыўнай культурай, якая дапускае рызыку дзеля павышэння прыбытку.

Ганаровая пенсія

1_bel1.png


Апошні дзень лета 2008 года. У чаргу на выезд з Беларусі ў Польшчу стаіць аўтамабіль «Аўдзі». За рулём — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Пётр Калугін.
Сваю трэцюю кадэнцыю ён заканчвае ў статусе ветэрана працы і ганаровага грамадзяніна Салігорска. Гэтыя рэгаліі Калугін атрымаў за працу на «Беларуськаліі». Пачаўшы свой шлях на прадпрыемстве звычайным слесарам, ён даслужыўся да гендырэктара і займаў гэтую пасаду амаль дзесяць гадоў — з 1992-га па 2001-шы.
Ужо на наступны дзень пасля перасячэння мяжы Калугін адкрывае рахунак у швейцарскім банку «Credit Suisse» для неназванай фірмы. На той момант ён афіцыйна не працаваў ні ў адной кампаніі ў Беларусі — толькі быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Праз год і сем месяцаў на гэтым рахунку з'явяцца амаль $1,3 млн.
З дапамогай «К*берП*ртызанаў» высветлілі, што прыбытак Калугіна за сем гадоў (з 2003-га па 2009-ты) склаў каля $87 тысяч. Гэта ў 15 разоў менш, чым сума на ягоным швейцарскім рахунку.
Па тлумачэнні расследавальнікі звярнуліся наўпрост да Пятра Калугіна, але ў тэлефоннай размове выразна адказаць на пытанні ён не змог. Адказы тады пачалі шукаць самі, у ягонай біяграфіі.
Сёння Пятру Калугіну 81 год. Нарадзіўся ён у Расіі, вучыўся ў Ленінградскім горным інстытуце, а ў Беларусь прыехаў у 1966 годзе. Тут ён пачаў працаваць на «Беларуськаліі»і дайшоў да вяршыні кар'ернай лесвіцы ў 1992 годзе. Калугін прызнаваў, што аб'ёмы вытворчасці пры ім упалі больш як у два разы. Затое якасць прадукцыі ацанілі за мяжой, прадпрыемства выйшла на міжнародныя рынкі.
Таксама пад кіраўніцтвам Калугіна крыху змянілася структура «Беларуськалія». У 2000 годзе ад яго аддзялілася падраздзяленне «Шахтспецбуд». Яшчэ з савецкіх часоў яно займалася пракладкай шахтаў, у якіх потым працавалі непасрэдна супрацоўнікі «Беларуськалія». Абазнаная ў справе крыніца «БРЦ» сцвярджае, што адным з ключавых уладальнікаў ужо прыватнага прадпрыемства «Шахтспецбуд» стаў яго дырэктар Валерый Старцаў, а Калугін актыўна падтрымаў гэтую прыватызацыю. У наступным годзе Калугін сышоў з «Беларуськалія» і засяродзіўся на дэпутацкай кар'еры.
Увосень 2008 года, праз пару месяцаў пасля адкрыцця рахунку ў «Credit Suisse», скончылася кадэнцыя Калугіна ў Палаце прадстаўнікоў. Ужо ў 2009 годзе ён пачаў працаваць у «Шахтспецбуд» — у свайго былога падрадчыка, якому ён дапамог стаць прыватнікам. Пры гэтым назначэнне Калугіна адбылося напярэдадні вялікага праекта.
У студзені 2010 года Беларусь дамовілася аб будаўніцтве ў Туркменістане Гарлыцкага горна-абагачальнага камбіната коштам каля $1 млрд. Генеральны падрадчык праекта, дзяржаўны «Белгархімпрам», узяў на субпадрад «Шахтспецбуд». Праз два месяцы на швейцарскім рахунку Калугіна з'явіліся тыя самыя $1,3 млн, якія, як мы ўжо высветлілі, на прадпрыемствах афіцыйнага працаўладкавання ён зарабіць не мог.

Будаўніцтва Гарлыцкага горна-абагачальнага камбіната. Крыніца: «Шахтспецбуд» 

Будаўніцтва Гарлыцкага горна-абагачальнага камбіната. Крыніца: «Шахтспецбуд» 


Будаўніцтва комплексу абярнулася скандалам. Па даных СМІ, туркменскія ўлады абвінавацілі Беларусь у неналежным выкананні кантракта і падалі пазоў у Арбітражны інстытут Гандлёвай палаты Стакгольма, шырока вядомы як Стакгольмскі арбітраж. Урон яны ацанілі ў $900 млн. У Беларусі гэтыя абвінавачванні адхілілі і падалі сустрэчны іск на $400 млн. Аб завяршэнні разбору да гэтага часу не паведамлялася, але калійны камбінат у Туркменістане ўсё ж здалі ў эксплуатацыю. Адбылося гэта ў 2017 годзе, хаця запуск планаваўся двума гадамі раней.
Увесь гэты час Пётр Калугін працаваў у «Шахтспецбуд». На яго запісаны невялікі дом у Слуцкім раёне, на яго жонку — чатырохпакаёвая кватэра каля Камсамольскага возера ў Мінску і двухпавярховы катэдж ля Салігорскага вадасховішча.
Свой рахунак у швейцарскім банку Калугін закрыў у жніўні 2014 года.

Крымінальная Расія

9_bel1.png


У беларуса Альберта Ларыцкага ў швейцарскім банку «Credit Suisse» знайшлі два рахункі. Абодва адкрыты ў пачатку 2011 года — менавіта тады адбывалася гісторыя, пасля якой у турме апынуліся расійскі губернатар і сам Ларыцкі. У той час як звязанае з ім расійскае прадпрыемства разаралася, атрымліваючы дзяржкрэдыты, ён назапашваў мільёны на сваім рахунку ў Швейцарыі. А пасля абвінавачанняў у фінансавых махінацыях Ларыцкі, падобна, паўдзельнічаў у правакацыі супраць ліберальнага палітыка. Нядаўна ён выйшаў на волю, і расследавальнікі «БРЦ» першымі змаглі даведацца яго версію падзей.
Альберт Ларыцкі родам з Гомеля, яму 47 гадоў.
У родным горадзе ён у 90-я пачаў свой першы бізнес — гандляваў спіртным оптам і ў розніцу. Тады ж Ларыцкі пазнаёміўся з бізнесменам Юрыем Зудхаймерам. Той родам з Казахстана, але яшчэ да развалу Савецкага Саюза перабраўся ў Нямеччыну. Там пачаў займацца вытворчасцю фільтраў і змазак і адкрыў іх склад у Гомелі.
Пазней дарогі Зудхаймера і Ларыцкага часова разышліся. Першы пераехаў з Нямеччыны ў Швейцарыю, а другі перабраўся ў Расію, дзе стаў віцэ-прэзідэнтам «Зернестандарту». У 2008 годзе гэты аграхолдынг выкупіў акцыі «Нававяцкага лыжнага камбіната» і неўзабаве пачаў яго мадэрнізацыю, план якой падтрымаў тагачасны губернатар рэгіёна Мікіта Бялых.
Гэты праект зноў звёў Зудхаймера і Ларыцкага разам. Па словах нямецкага бізнесмена, на мадэрнізацыю «Нававяцкага камбіната» ён па просьбе свайго беларускага партнёра вылучыў каля $40 млн. Але праект праваліўся, а прадпрыемства загразла ў даўгах і стала неплацежаздольным. Разлічваючы вярнуць укладзеныя ў камбінат грошы, Зудхаймер звярнуўся ў ФСБ, і ў 2015 годзе Ларыцкага затрымалі па падазрэнні ў фінансавых махінацыях.

Альберт Ларыцкі. Крыніца: Newsler.ru / Альберт Ларыцкі ў зале суда

Альберт Ларыцкі. Крыніца: Newsler.ru / Альберт Ларыцкі ў зале суда


Па версіі следства, беларускі бізнесмен, які да таго моманту атрымаў від на жыхарства ў Швейцарыі, па падробленых кантрактах браў крэдыты ў расійскага «Сбербанка» на закуп абсталявання для мадэрнізацыі камбіната, але атрыманыя грошы пераводзіў на свой асабісты рахунак у тым самым банку «Credit Suisse».
Альберт Ларыцкі так пракаментаваў гэта для «БРЦ»: «Я жыву ў Швейцарыі. У мяне, вядома, ёсць рахунак. І, вядома, на гэты рахунак я пераводзіў са сваёй кампаніі грошы. Гэта значыць, я перавёў грошы (як інвестыцыі) са свайго рахунку на сваю кампанію і потым гэтыя грошы часткова атрымаў назад. Не ўсе».
«БРЦ» праверыў гісторыю рахунку Ларыцкага, адкрытага ў лютым 2011 года, падчас мадэрнізацыі «Нававяцкага камбіната». У маі 2011 года на ім налічвалася каля $3 млн. Максімальная сума на другім рахунку — прыкладна $275 тыс. у сакавіку 2014 года. Аднак, па даных следства, у выніку фінансавых махінацый Ларыцкі вывеў значна большую суму — каля $10 млн. На судзе ён цалкам прызнаў сваю віну, але расследавальнікам заявіў, што яго да гэтага прымусілі:
«У [СІЗА] «Лефортава» прызнаюцца ўсе. Палітыкі, бізнесмены, міністры. Па рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека знаходжанне ў «Лефортава» прыраўноўваецца да катаванняў. Я правёў там два гады і чатыры месяцы. Паверце, калі б, не дай Бог, вы туды патрапілі, вы б прызналіся ў забойстве Кенэдзі».
Ларыцкі лічыць сваю справу палітычна матываванай — сфабрыкаванай, каб пасадзіць тагачаснага губернатара Кіраўскай вобласці Мікіту Бялых. Яго затрымалі ў 2016 годзе з доказамі злачынства пры атрыманні хабару ў Маскве. Як сцвярджаў на судзе пракурор, грошы Бялых атрымліваў за заступніцтва за «Нававяцкі лыжны камбінат». Ларыцкі нібыта праз пасрэднікаў перадаў Бялых €200 тыс. у 2011-2012 гадах, а Зудхаймер — €400 тыс. у 2014-2016 гадах.
Да назначэння на пасаду губернатара ў 2009 годзе Мікіта Бялых быў лідарам ліберальнага Саюза Правых Сіл — расійскага апазіцыйнага блока, сузаснавальнікам якога з'яўляецца Барыс Нямцоў. Стаўшы губернатарам, Бялых выйшаў з усіх апазіцыйных арганізацый, але ад ліберальных поглядаў не адмовіўся — паставіў сваім дарадцам Аляксея Навальнага.
Міжнародная арганізацыя «Transparency International» мяркуе, што сілавікі маглі выкарыстоўваць Ларыцкага і Зудхаймера ў справе Бялых у якасці «тарпеды». Так называюць чалавека, якога ў рамках аператыўнага эксперыменту адпраўляюць для дачы хабару службовай асобе.
У выніку суд прыгаварыў Ларыцкага да трох гадоў калоніі, а Бялых — да васьмі, і ён да гэтага часу адбывае пакаранне. Зудхаймеру абвінавачванняў прад'яўлена не было, хаця Бялых прызналі вінаватым у атрыманні хабару менавіта ад яго, а па эпізодзе з Ларыцкім апраўдалі.
Ларыцкі пасля вызвалення некаторы час працаваў у Беларусі, але пасля па заяве Зудхаймера зноў трапіў у турму — на гэты раз у Швейцарыі. Нядаўна ён выйшаў на волю.

Запахла вялікімі грашыма

12_bel1.png


У студзені 2012 года ў швейцарскім банку «Credit Suisse» з'яўляецца рахунак на неназваную кампанію беларускага бізнесмена. У ліпені на ім налічваецца ўжо больш за $36 млн. Да таго часу з «Credit Suisse Trade Finance» ўжо супрацоўнічае літоўскі бізнесмен Вітольд Тамашэўскі. У швейцарскім банку ў яго адкрыты рахунак на фірму «Savoil». Гэтая кампанія, па даных крыніцы «БРЦ», датычная да схемы з растваральнікамі і разбаўляльнікамі 2011-2012 гадоў.
Тады Расія пастаўляла Беларусі нафту і нафтапрадукты без спагнання мытных пошлін. Іх трэба было плаціць толькі ў тым выпадку, калі Беларусь прадавала на экспарт нафтапрадукты, зробленыя з расійскай нафты. Але быў шэраг тавараў, якія не абкладаліся пошлінамі. Напрыклад, растваральнікі і разбаўляльнікі. Пад іх выглядам беларускія дзялкі і пачалі актыўна перапрадаваць расійскія нафтапрадукты, такім чынам ухіляючыся ад падаткаў.
Як удалося высветліць, сярод іх еўрапейскіх партнёраў была, напрыклад, літоўская фірма «One Energy». У 2011 годзе яе выручка перавысіла $1 млрд, і чвэрць даходу прыпала на растваральнікі і разбаўляльнікі.

Крыніца: «БРЦ» / Сумы пазначаны ў літоўскіх літах

Крыніца: «БРЦ» / Сумы пазначаны ў літоўскіх літах


Але асноўныя аб'ёмы паставак па гэтай схеме ішлі праз кампанію «Savoil» Вітольда Тамашэўскага, сцвярджае крыніца. За пяць месяцаў працы выручка гэтай фірмы перавысіла $800 млн, а за 2012 год наблізілася да $5 млрд. Чысты прыбытак за два гады — звыш $80 млн.
Тамашэўскі — даўні партнёр апальнага беларускага бізнесмена Юрыя Чыжа. Пра іх шматгадовыя кантакты вялася гаворка ў адным з папярэдніх расследаванняў. Іх галоўны сумесны праект — якраз схема з растваральнікамі і разбаўляльнікамі. Разам з літоўскім расследавальніцкім цэнтрам «Siena» высветлілі, што з беларускага боку ў афёры ўдзельнічала кампанія «Трайпл» Юрыя Чыжа і яшчэ дзве фірмы — «Трайпл-Энерга» і «Белнафтагаз». Абедзве звязаны з бізнесоўцам Аляксеем Алексіным: першую ён узначальваў, а другой валодаў разам з жонкай.
У той час Алексін працаваў на Чыжа, і менавіта яму прыпісваюць ідэю схемы з растваральнікамі і разбаўляльнікамі.

Аляксей Алексін. Крыніца: Office Life

Аляксей Алексін. Крыніца: Office Life


У студзені 2012 года — у разгар гэтай схемы — Алексін і адкрыў той самы рахунак у швейцарскім банку, на якім пасля аказалася $36 млн. «БРЦ» патэлефанаваў бізнесмену, каб даведацца, адкуль ён атрымаў гэтыя грошы, але той адмовіў у каментары. У 2012 годзе Расія спыніла схему з растваральнікамі і разбаўляльнікамі, а праз два гады Алексін закрыў рахунак у «Credit Suisse».
Дарогі Чыжа і Алексіна разышліся. Першы ўжо двойчы пабываў за кратамі, а другі стаў адным з самых уплывовых бізнесоўцаў Беларусі і ў 2021 годзе патрапіў пад санкцыі ЕЗ і ЗША як «гаманец» Лукашэнкі.