Дубайская нерухомасць набліжаных да Лукашэнкі. За што Мінінфарм заблакаваў сайт БРЦ?

У Беларусі заблакавалі доступ да сайта Беларускага расследавальніцкага цэнтра. Пры спробе зайсці на сайт з Беларусі з'яўляецца стандартная заглушка аб абмежаванні доступу на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі.

261_tlue1cny_lock_feature_web.jpg


Беларускі расследавальніцкі цэнтр (Belarusian Investigative Center) — незалежны прадзюсарскі цэнтр, які спецыялізуецца на расследавальніцкіх жанрах журналістыкі. БРЦ з’яўляецца чальцом цэнтра па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP.

Журналісты БРЦ — лаўрэаты Нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020 і 2021 гадах.

Апошні іх матэрыял, які з’явіўся 28 чэрвеня, мы прапануем вашай увазе:


Дубайская нерухомасць «гаманца» Лукашэнкі і іншых беларусаў, набліжаных да ўлады

Востраў Палм-Джумейра, дзе знаходзіцца нерухомасць некаторых набліжаных да ўладаў персон

Востраў Палм-Джумейра, дзе знаходзіцца нерухомасць некаторых набліжаных да ўладаў персон


Новае расследаванне выявіла ў афіляваных з уладамі беларускіх бізнесменаў і знакамітасцяў нерухомасць у Дубаі. Сярод іх Аляксей Алексін, які трапіў пад заходнія санкцыі як «гаманец» Аляксандра Лукашэнкі; Дзмітрый Кірылаў, экс-кіраўнік «Беларускай цукровай кампаніі», які цяпер сядзіць; спявачка Вольга Мінец (Алеся) — яна і яе муж вядуць справы з яшчэ адным «гаманцом» Лукашэнкі Сяргеем Цяцерыным; Дзмітрый Хадкевіч, былы намеснік дырэктара зброевай кампаніі Белтэхэкспарт, якая знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і ЗША, а таксама Міхаіл Грабоўскі, вядомы хакеіст.

Дубайскую ўласнасць гэтых грамадзян Беларусі знайшлі журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ).

Аляксей Алексін і яго сын Дзмітрый кантралююць амаль палову тытунёвага рынку Беларусі, разам з партнёрамі маюць асаблівыя прывілеі ў лагістыцы, выпускаюць каўбасы, займаюцца гасцінічным і, магчыма, ігральным бізнесам. На Захадзе Алексіна-старэйшага лічаць гаманцом Лукашэнкі і пакаралі бізнесмена і яго кампаніі санкцыямі.

У дубайскай базе за Аляксеем Алексіным лічацца двухспальныя апартаменты агульнай плошчай 144 квадратных метра. Ацэначны кошт нерухомасці — 568 тысяч долараў. На Дзмітрыя Алексіна запісаная віла агульнай плошчай 680 квадратных метраў на суму больш за 2,6 мільёна долараў. Усе аб'екты размешчаны на астравах Палм-Джумейра.

Яшчэ адзін уладальнік уласнасці ў Дубаі — бізнесмен Дзмітрый Кірылаў. На прадпрымальніка і ягоную былую жонку запісаная кватэра агульнай плошчай 81 квадратны метр, якую ацэньваюць 129 тысяч долараў. Кірылаў калісьці быў дырэктарам «Беларускай цукровай кампаніі», у пачатку 2020 года ён трапіўся на хабарах, і КДБ затрымаў яго, абвінаваціўшы ў махінацыях. Дзмітрыя Кірылава пазбавілі волі на 7,5 гадоў.

Дзмітрый Хадкевіч, па інфармацыі «Кібэрпартызанаў», працаваў намеснікам дырэктара і намеснікам старшыні праўлення ў кампаніі «Белтэхэкспарт». Гэты буйны экспарцёр беларускіх узбраенняў не раз трапляў пад заходнія санкцыі, апошні раз — у 2021 годзе. Кампанія таксама паспела засвяціцца ў дакладзе ААН у ліку пастаўшчыкоў зброі ў Кот-д'Івуар для сіл дыктатара Гбагба.

У Дубаі Хадкевічу належаць чатыры кватэры агульнай плошчай 330 квадратных метраў. Апартаменты размешчаны ў комплексе Jumeirah Lakes Towers, які складаецца з 80 вежаў, пабудаваных па краях трох штучных азёр. Ацэначны кошт нерухомасці Хадкевіча — 776 тысяч долараў.

Ёсць сярод уласнікаў нерухомасці ў Дубаі і знакамітасці. Вольга Мінец у Беларусі больш вядомая як спявачка Алеся. У 2011 года яна выйшла замуж за бізнесоўца Леаніда Мінца і яны пачалі разам будаваць медыя-імперыю. Пасля атрымання ва ўласнасць «БелМузТВ», а затым і паловы тэлеканала ВТВ пара занялася продажам рэкламы не толькі на сваіх тэлеканалах, але і на дзяржаўных, а таксама на некаторых радыёстанцыях. Партнёрам Мінцаў па бізнесе стаў былы спартыўны функцыянер і бізнесмен Сяргей Цяцерын, які пабудаваў сваю дзелавую кар'еру за кошт сяброўства з Лукашэнкам.

У Дубаі ў спявачкі і бізнес-ледзі ёсць апартаменты з трыма спальнямі ў комплексе Marina Gate II на ўездзе ў Дубаі з вокнамі на Фарсі заліў. Агульная плошча — 168 квадратных метраў. Ацэначны кошт нерухомасці — 666 тысяч долараў.

Яшчэ адна знакамітасць, якая атабарылася ў Дубаі, Міхаіл Грабоўскі лічыцца самым выніковым беларускім гульцом у гісторыі Паўночнаамерыканскай Нацыянальнай хакейнай лігі. У 2016 годзе пасля чарговай траўмы Грабоўскі перастаў выходзіць на лёд, з тых часоў зорку НХЛ сталі бачыць у кампаніі з Лукашэнкам. Ён нават стаў выступаць за яго аматарскую хакейную каманду. Грабоўскаму належыць двухспальная кватэра агульнай плошчай 181 квадратны метр. Яна знаходзіцца на штучных выспах Палм-Джумейра. Ацэначны кошт апартаментаў Грабоўскага — 716 тысяч долараў.

Актуальная на 2020 год інфармацыя аб дубайскай нерухомасці трапіла ў рукі амерыканскай некамерцыйнай арганізацыі C4ADS, якая вывучае міжнародныя злачынствы і канфлікты. Яна падзяліліся звесткамі з Беларускім расследавальніцкім цэнтрам.

У дубайскай базе аказалася больш за 130 беларусаў. Яны валодаюць 220 аб'ектамі нерухомасці агульным коштам у 60 мільёнаў долараў. На аснове дадзеных БРЦ вылучыў пяць чалавек, якія блізкія да беларускіх уладаў, атрымлівалі падтрымку ад Аляксандра Лукашэнкі і трапілі пад заходнія санкцыі альбо могуць быць уцягнутыя ў сумніўны бізнес.