Рэферэндум 1995 і незваротнасць незалежнасці

14 мая — 18-я гадавіна рэферэндуму 1995 году. Які ўплыў аказала гэтая падзея на грамадска-палітычнае жыццё краіны? Ці паглыбіў рэферэндум раскол грамадства? Ці незваротная беларуская незалежнасць?



sc14_1.jpg

Сімвал незалежнасці

На гэтыя пытанні адказваюць: старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў і мэтадоляг Уладзімір Мацкевіч.

Уплыў рэфэрэндуму на грамадска-палітычнае жыццё краіны

Валер Карбалевіч: «Рэфэрэндум 1995 году тычыўся пытанняў дзяржаўнай мовы, сцяга і герба, адносін з Расіяй, права прэзідэнта распускаць парламент. Ён праходзіў у недэмакратычных умовах. Але, несумненна, большасць насельніцтва падтрымала пазіцыю прэзідэнта па ўсіх прапанаваных ім пытаннях. Які ўплыў аказаў рэферэндум на дзяржаўную ідэалогію, палітыку, саму канцэпцыю беларускай дзяржаўнасці?»

Алег Трусаў: «Хачу трохі вас паправіць. Па пытанні аб сімволіцы 50% Лукашэнка не набраў. Толькі трохі больш за 48% ад усіх выбарцаў прагаласавала за змену сімволікі.

sc14-2.jpg

А ў цэлым рэферэндум быў мяжой. Скончыўся пэрыяд рэфармацыі і пачаўся пэрыяд контрарэфармацыі. Пасля дэмакратычнага пад’ёму пачаўся заняпад.

Але ўплыў гэтага рэферэндуму дваісты. З аднаго боку, Беларусь атрымала вялікую падтрымку з Расіі, танныя энэргарэсурсы. Хоць Лукашэнка шмат што абяцаў Расіі, але не выконваў. У выніку ўжо больш як 20 гадоў існуе незалежная Беларусь, у якой вырасла ўжо новае пакаленне беларусаў. У галіне палітычнай адбыўся пераход да аўтарытарызму, разбураныя грамадскія структуры.

Цікава, што рэферэндум абвясціў роўнасць дзвюх моваў. Але дзе тая роўнасць? Улады не выконваюць рашэньне рэферэндуму. І яны вельмі ня любяць, калі наша таварыства ім пра гэта нагадвае».

Уладзімір Мацкевіч: «Рэферэндум меў лёсавызначальныя наступствы. Але гэта была сярэдзіна працэсу. Пачаўся ён прэзідэнцкімі выбарамі 1994 году. А скончыўся дзяржаўным пераваротам 1996 году.

На гэтым рэферэндуме 1995 году Лукашэнка пацвердзіў, што ён цалкам кіруе масавай свядомасцю грамадства. Быў узяты савецкі рэванш за першыя гады незалежнасці. Але тады адначасова адбыўся байкот выбараў у Вярхоўны Савет 13-га склікання.

Я ведаю, што выкладчыкі ва ўнівэрсітэтах праводзілі апытанне сярод студэнтаў наконт таго, што выяўлена на нашым гербе. Высветлілася, што студэнты нічога ня ведаюць».

Ці паглыбіў рэферэндум раскол грамадства?

Карбалевіч: «Раскол беларускага грамадства існаваў і да гэтага рэферэндуму. Рэферэндум паглыбіў яго ці проста зафіксаваў статус-кво? Гэты раскол з цягам часу паглыбляецца ці згладжваецца?»

sc14-3.jpg

Трусаў: «Хачу нагадаць, што першы рэферэндум быў у сакавіку 1991 году наконт лёсу СССР. Тады з больш як 7 мільёнаў выбарцаў каля 1 мільёна прагаласавала за незалежную Беларусь. Гэта нямала, гэта прыкладна насельніцтва Эстоніі.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 году за двух дэмакратычных кандыдатаў, Пазьняка і Шушкевіча, прагаласавала ўжо 1,5 мільёна чалавек. Так што дынаміка была пазітыўная. Астатняе насельніцтва — гэта людзі, якія плакалі па СССР. Таму перамагчы на тым рэферэндуме 1995 году, нават калі б ён прайшоў у дэмакратычных умовах, было вельмі няпроста.

Гэты заняпад нацыянальна-дэмакратычнай хвалі спыніўся ў 1998 годзе. Тым годам падчас перапісу насельніцтва актыўна падтрымала беларускую мову. З гэтага году пачаўся рост падтрымкі нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасцяў. І цяпер мы маем сітуацыю 50% на 50%».

Мацкевіч: «Цяжка сказаць, ці адбываецца паглыбленьне расколу. Напэўна, у абсалютных лічбах колькасць прыхільнікаў бел-чырвона-белага і чырвона-зялёнага сцягоў у 1994 годзе была большая. Абвастрэнне расколу адбываецца падчас нейкіх палітычных кампаніяў, напрыклад, выбараў.

А свядомых прыхільнікаў абодвух сцягоў і адпаведных каштоўнасцяў — меншасць. Большасць — гэта "балота“, якое выцясняе свядомых прыхільнікаў у маргінальны стан».

Карбалевіч: «Але ж глядзіце. Падчас футбольных матчаў зборнай Беларусі абсалютная большасьць заўзятараў прыходзіць на стадыён падтрымаць сваю каманду з чырвона-зялёнымі сцягамі. І падчас святкавання Дня Незалежнасці тысячы людзей выходзяць на вуліцы зноў жа з чырвона-зялёнымі сцяжкамі. Прычым робяць гэта добраахвотна, без прымусу, проста аўтаматычна. Гэта значыць, што менавіта гэты сцяг замацаваўся ў масавай свядомасці як сапраўдны беларускі сімвал. Таму тэзіс, што мы маем суадносіны 50% на 50%, выклікае сумненні».

Мацкевіч: «Так, 50% на 50% не атрымліваецца. Паглядзіце, нават вось цяпер у Швецыі на Чэмпіянаце свету па хакеі падчас гульні беларускай зборнай на адзін бел-чырвона-белы сцяг прыпадала тры чырвона-зялёныя. Але людзі, якія трымаюць гэтыя апошнія, — не апантаныя прыхільнікі Лукашэнкі. Яны проста карысталіся дзяржаўнымі сцягамі».

Трусаў: «Калі я казаў пра суадносіны 50% на 50%, я меў на ўвазе вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2010 году. Лукашэнку падтрымала каля 50%. І калі палічыць колькасць тых, хто галасаваў за апазіцыйных кандыдатаў, плюс тых, хто не прыйшоў на выбары, то атрымліваецца таксама каля 50%.

А што да выкарыстання дзяржаўнай сімволікі, то сапраўды — людзі яе проста ня ведаюць. Вось сп. Мацкевіч казаў, што студэнты ня ведаюць зместу герба. "Белсат“ правёў апытанне на вуліцах наконт гімна. Высветлілася, што 99% яго ня ведаюць».

Ці незваротная беларуская незалежнасць?

Карбалевіч: «Пасьля рэфэрэндуму адбылася зьмена афіцыйнай ідэалогіі. Замест беларускага этнакультурнага адраджэння зацвердзіўся панславізм — ідэя славянскага адзінства. Але праз пэўны час адбылася эвалюцыя дзяржаўнай ідэалогіі. Замест панславізму з'явіўся беларускі нацыяналізм, няхай і не ў этнакультурным варыянце, а ў нейкім іншым.

Напярэдадні Дня Перамогі Лукашэнка патлумачыў, што за палац будуецца аўральнымі тэмпамі на праспекце Пераможцаў побач з комплексам "Белэкспа“. Аказваецца, гэта Палац Незалежнасці, у якім будуць праходзіць асноўныя ўрачыстыя мерапрыемствы. Як патлумачыў афіцыйны лідар, разам з плошчай Дзяржаўнага сцяга, якая павінна была адкрыцца 12 траўня, гэта мае канчаткова падкрэсліць непахіснасць беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці, будзе апошняй кропкай. Ці можна лічыць, што гэта сапраўды будзе апошняя кропка ў беларускай дзяржаўнасці, што беларуская незалежнасць незваротная?»

Мацкевіч: «Незалежнасць — безумоўная каштоўнасць нават для сённяшніх уладаў. Ня думаю, што ў 1995 годзе Лукашэнка мяняў сімвалы з-за вялізарнай прыхільнасці да іх. Проста яму трэба было знайсці апірышча ў насельніцтва. І ён знайшоў пытанні, па якіх змог яго атрымаць. Цяперашняя эліта не атрымае тых магчымасцяў, улады, маёмасьці, калі апынецца ў складзе Расіі. Але гарантыяў незваротнасці незалежнасці няма. Таму мы не павінны губляць пільнасць».

sc14-4.jpg

Трусаў: «У гэтым шматкроп’і на адну кропку стала меней. Але гэта ня значыць, што з'явіліся жалезныя гарантыі. Лічу, што гарантыяй незалежнасці будзе далучэнне да ЕС. А датуль Расія будзе марыць забраць нас альбо губернямі, альбо цалкам. Зразумела, нашыя эліты адчулі за больш чым 20 гадоў смак незалежнасці. Але ці здольныя яны будуць яе бараніць, калі ўзнікне рэальная небяспека? Я ў гэтым сумняваюся».

Радыё Свабода