Рэжым распачаў новае паляванне. На стогадовых нацысцкіх злачынцаў

Генпракуратура даслала шэсцьдзесят запытаў у васямнаццаць краін у сувязі са справай аб так званым «генацыдзе беларусаў», як сцвярджае галоўны ідэолаг Мінабароны Леанід Касінскі.

Леанід Касінскі

Леанід Касінскі

«Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь у пачатку 2022 года, валодаючы інфармацыяй аб месцах знаходжання не менш як 400 жывых нацысцкіх злачынцаў, якія карыстаюцца абаронай замежных дзяржаў, скіравала 60 просьбаў аб аказанні прававой дапамогі па справе аб генацыдзе беларускага народа ў 18 краін», — заявіў Касінскі, выступаючы на ​​I Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе. Паводле яго, запыты скіраваныя ў Канаду, ЗША, Вялікабрытанію, Аргенціну, Бразілію, Аўстралію, Літву, Латвію і іншыя краіны.
Па словах ідэолага, Літва і Латвія адразу адмовілі ў аказанні «прававой дапамогі» рэжыму Лукашэнкі, спаслаўшыся на тое, што задавальненне просьбаў Мінска «нанясе шкоду бяспецы іх дзяржаў».
Вялікая Айчынная вайна пачалася ў 1941 годзе. Яе жывым удзельнікам цяпер амаль сто гадоў. На дадзены момант пошукам нацыстаў, якія выжылі, займаецца міжнародны Цэнтр Сымона Візенталя. У чэрвені яго прадстаўнік, доктар Эфраім Зураф заявіў, што спіс такіх злачынцаў налічвае «як мінімум шмат дзясяткаў». Прычым гаворка ідзе аб злачынцах ва ўсім свеце.
Гэта значыць, колькасць ваенных злачынцаў — не больш, чым сто. Адкуль беларускія ідэолагі ўзялі лічбу 400 — застаецца здагадвацца.