Рускае пытанне
Сустрэча Лукашэнкі і Мядзведзева ў Сочы, на думку маскоўскіх СМІ, не мела значных наступстваў. Ды і сам Аляксандр Рыгоравіч паведаміў, што супярэчнасці ў саюзных адносінах мусяць зняць толькі ў лістападзе ўрады дзвюх краін. А гэта азначае, што прагрэсу ў збліжэнні Масквы і Мінска няма. І гэта добра.
Сустрэча Лукашэнкі і Мядзведзева ў Сочы, на думку маскоўскіх СМІ, не мела значных наступстваў. Ды і сам Аляксандр Рыгоравіч паведаміў, што супярэчнасці ў саюзных адносінах мусяць зняць
толькі ў лістападзе ўрады дзвюх краін. А гэта азначае, што прагрэсу ў збліжэнні Масквы і Мінска няма. І гэта добра.
А вось сустрэча ў былым гатэлі «Беларусь», што побач са стадыёнам «Дынама», наладжаная Нацыянальным камітэтам АДС, з лідэрамі дэмакратычнай расійскай апазіцыі
падштурхнула мяне да роздуму. Пачуць меркаванні наконт стану беларуска-расійскіх адносін і пра іх перспектывы з вуснаў вядомых маскоўскіх палітыкаў Барыса Нямцова, Уладзіміра Рыжкова, Леаніда Гозмана
ды іншы было вельмі цікава. Тым больш, што апошні раз падобная сустрэча адбылася пяць гадоў таму. Аднаўленне кантактаў дэмакратычных арганізацый Расіі і Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў
надзвычай важна.
У першай праграме БНФ «Адраджэнне», прынятай у 1991 годзе, было заяўлена пра імкненне да незалежнасці і пра жаданне мець добрыя ўзаемавыгадныя адносіны з суседзямі. Па вобразнаму
выразу Зянона Пазьняка, «сябраваць праз добрую мяжу». Добрая мяжа — гэта не абавязкова ўзараная паласа з калючым дротам. Гэта найперш пільная абарона сваіх нацыянальных
інтарэсаў. Як у эканамічнай, так і ў сацыяльнай, ваеннай ды гуманітарнай сферах.
І як жа нам не клапаціцца пра ўсталяванне добрых адносінаў з Масквой, калі ў Расіі пражывае каля 2 мільёнаў беларусаў і яшчэ больш тых, хто забыў, што яны беларусы? Як нам забыць, што па загаду з
Масквы былі асаджаныя на Гомельшчыну і Магілёўшчыну радыеактыўныя хмары, а кампенсацыя ў 30 мільярдаў савецкіх рублёў не выплачана і сёння? Зараз гэта больш за 40 мільярдаў долараў. Як забыць, што
нафта- і газарадовішчы расшукваліся і асвойваліся з удзелам беларусаў? Як, зрэшты, і радовішчы алмазаў ды золата. Пры разводзе ў Белавежскай пушчы ў 1991 годзе бакі забылі абгаварыць памеры
кампенсацый Украіне і Беларусі за сумесна нажытае багацце і за чалавечыя страты ў 30-х — 50-х гадах мінулага стагоддзя, а не толькі ў падчас вайны.
Але развод і ў звычайнай сям’і рэч цяжкая і складаная. І ўжо калі мы выбралі шлях павольнага ўваходжання ў капіталізм (народ вельмі ж баяўся шокавай тэрапіі), то трэба найперш клапаціцца пра
сённяшні дзень. Многія эксперты і палітолагі не стамляюцца даводзіць, што рэжым А. Лукашэнкі трымаецца на маскоўскіх датацыях на энерганосьбіты ў памеры каля 2 мільярдаў долараў за год. Але ці так
гэта? Ці не вынік гэта павярхоўнага аналізу статыстычных табліц?
Сапраўды, Беларусь купляла і купляе энерганосьбіты па заніжаных цэнах. Вырабляе на нерэфармаваных заводах трактары, аўтамабілі д іншыя механізмы і прадае іх галоўным чынам у Расію. Па коштах больш
нізкіх, чым еўрапейскія, амерыканскія ды японскія аналагі. Так Масква вяртае тое, што яна страціла пры продажы энерганосьбітаў. І паступаць інакш яна не можа. Бо на закупку дарагой замежнай тэхнікі
грошай не хапае. А свае заводы, якія заменяць беларускія, яшчэ не пабудаваны.
Увесь пасляваенны час беларуская прамысловасць стваралася для абслугоўвання інтарэсаў ваенізаванай імперыі. Паважаны мною Мікіта Хрушчоў быў зняты са сваёй пасады зусім не за кукурузу, як лічаць
некаторыя. А за ідэю, прывезеную ім з падарожжа ў Амерыку, стварыць у СССР эканамічна незалежныя рэгіёны. Крамлёўскія стратэгі адразу ўгледзелі ў гэтай ідэі зародак сепаратызму. Таму ўсё, што
выраблялася ў Беларусі, развозілася па ўсім СССР, а сюды везлі сыравіну і камплектуючыя нават з Таджыкістана. Наш гаспадарчы комплекс насіў тыпова каланіяльны характар. Яго захаванне выгадна і
неабходна не толькі для «стабільнай» Беларусі, але і для Масквы, якая «падымаецца з кален».
Жартаўнік Нямцоў, аналізуючы складнікі паспяховай стратэгіі першага прэзідэнта РБ у адносінах з Масквою, найперш назваў якраз стаўленне да Расіі як да сыравіннага дадатку да Беларусі. Усё было б
добра, калі б з гэтай сітуацыі не вынікала няўстойлівасць нашага суверэнітэту. Здаецца, гэта разумее і Лукашэнка, які загаварыў пра неабходнасць дыверсіфікацыі крыніц энерганосьбітаў. Адзін з
маскоўскіх гасцей, спецыяліст у галіне энергетыкі, папярэдзіў слухачоў, што стан Беларусі ў энергетычнай сферы будзе толькі пагаршацца з-за нерэфармаванай эканомікі.
Маскоўскі палітолаг Андрэй Фёдараў суцешыў прысутных, запэўніўшы, што РБ — важны элемент у стратэгіі РФ. Без Беларусі немагчыма канцэпцыя супрацьстаяння з NАТO. Паколькі паляпшэнне адносінаў
з Украінаю не прадбачыцца, то патрэбны беларускі «калідор». Так атрымліваецца, што РФ наканавана шукаць кампрамісы з РБ. Аляксандр Рыгоравіч гэта разумее.
Разумее ён і вялікаю зацікаўленасць Масквы ў захаванні прэферэнцый для дзейнасці ў Беларусі РПЦ, якая хлусліва завецца Беларускай праваслаўнай царквой. Яе аграмадны прапагандысцкі патэнцыял служыць,
як паведаміў мітрапаліт Філарэт, «расійскаму ацечаству». Гэта яшчэ адна пагроза беларускаму суверэнітэту. І яшчэ адзін ланцуг, які прывязвае нас да Масквы.
Таму цяжка зразумець тых беларускіх апазіцыянераў, якія як чорт ладану баяцца кантактаў з Масквою. Добра на сустрэчы сказала Таццяна Процька — Масква розная, і не шукаць там тых, хто паважае
незалежнасць Беларусі і імкнецца да ўсталявання добразычлівых адносін з ёю, больш чым глупства. Найперш гэта тычыцца нашых «еўрапейцаў». Адзін з іх заявіў, што пераможа на бліжэйшых
выбарах, аб’яднаўшы тых, хто імкнецца ў Еўропу. На жаль, яго не было на сустрэчы, і ён не чуў даклада доктара сацыялогіі Андрэя Вардамацкага. На лічбах было паказана, што па-ранейшаму наша
грамадства расколатае прыкладна пароўну — на тых, хто гатовы аб’яднацца з ЕС, і тых, хто аддае перавагу Расіі. У такой сітуацыі выйграць выбары, арыентуючыся толькі на адну палову
грамадства, немагчыма. Апазіцыя будзе ў стане выйграць выбары, калі не будзе супрацьпастаўляць беларусаў самім сабе.