СБУ: Грамадзянін, праз якога вярнулі самалёт, плануе дэстабілізацыю Украіны
Служба бяспекі і Служба вонкавай выведкі Украіны на падставе аператыўных матэрыялаў заявілі пра распрацаваныя Расіяй планы маштабнай дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне.
У ім нібыта задзейнічаны і грамадзянін Арменіі Армэн Мартырасян, дзеля праверкі якога 21 кастрычніка ўкраінскія авіядыспетчары вярнулі самалёт «Белавія» ў кіеўскі аэрапорт Жуляны.
Паводле ўкраінскіх спецслужбаў, старт актыўных дзеянняў запланаваны на 15 лістапада — з усеўкраінскай акцыі пратэсту банкаўскіх укладнікаў. «З 17 лістапада асноўны акцэнт акцыяў пратэсту плануецца перамясціць на пытанне падвышэння тарыфаў. „Пратэст“ мае перарасці ў блакаванне ўрадавых структураў, пашырэнне прэтэнзіяў і патрабаванняў да ўлады», — адзначаецца ў супольнай заяве СБУ і вонкавай выведкі.
Ва Украіне сцвярджаюць, што непасрэднае кіраўніцтва планамі, распрацаванымі дарадцам прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіславам Сурковым, ажыццяўляе яго першы намеснік Інал Ардзінба. «Кантакт з палітычнымі рухамі і грамадскімі арганізацыямі ва Украіне, задзейнічанымі ў акцыях наўпрост або ўсляпую, ажыццяўляе грамадзянін Арменіі Армэн Мартырасян», — перакананыя ў СБУ.
Украінскія спецслужбы зафіксавалі выезды асобных арганізатараў акцыяў у Расію для атрымання фінансавання і інструкцыяў для правядзення акцыяў. «Пры гэтым вораг разлічвае і на эфектыўнасць выкарыстання ўсляпую актыўнасці шэрагу грамадскіх і палітычных рухаў. Мэтай плану з’яўляецца ўнутраная дэстабілізацыя, арганізацыя датэрміновых выбараў ва Украіне, узмацненне пазіцыяў прарасійскіх сілаў у новым парламенце з перспектывай рэвізіі еўрапейскага курсу і змены замежнапалітычнага вектару дзяржавы», — падкрэсліваецца ў заяве.
Пры гэтым спецслужбы ўдакладняюць, што атрыманыя звесткі сведчаць пра намер арганізаваць масавыя беспарадкі і нават гібель шэрагу ўдзельнікаў акцыяў пратэсту.
«Першай кантрольна-прамежкавай датай вызначана 24 лістапада, калі павінен адбыцца саміт Украіна—ЕС, прысвечаны фіналізацыі пытання аб прадстаўленні Украіне бязвізавага рэжыму», — адзначаюць спецслужбы.
Паводле іхных аператыўных звестак, на працягу другой паловы лістапада — пачатку снежня таксама плануецца правядзенне сесіяў некалькіх абласных радаў, на якіх прадугледжваецца пад лозунгамі дэцэнтралізацыі патрабаваць практыкі дамоўных адносінаў паміж Кабінетам міністраў Украіны і мясцовымі радамі. Апроч таго, у рэгіёнах плануецца правядзенне сходаў, каб потым арганізаваць Усеўкраінскі форум мясцовых радаў. «Наўпроставых патрабаванняў федэралізацыі не прадугледжваецца, паколькі абралі стратэгію „паўзучай эрозіі“ цэнтральнай улады», — пераконваюць спецслужбы.
«Заклікаем грамадзян не даць выкарыстаць сябе расійскім спецслужбам, якія не грэбуюць любымі метадамі для дэстабілізацыі сітуацыі і знішчэння Украіны. Заклікаем да ўзважанасці і асцярожнасці ўсе палітычныя сілы, якія не жадаюць стаць удзельнікамі чужой гульні, варожай нацыянальным інтарэсам Украіны», — адзначаецца ў заяве СБУ і Службы вонкавай выведкі Украіны.
21 кастрычніка самалёт «Боінг 737-800» (бартавы нумар EW-456PA) авіякампаніі «Белавія», які выконваў рэйс В2-840 маршрутам Жуляны (Кіеў) — Мінск, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт вылету на патрабаванне ўкраінскіх дыспетчараў. «Белавія» заявіла, што з боку дыспетчараў былі пагрозы ўзняць у паветра знішчальнікі ў выпадку невыканання іхнага распараджэння. На борце знаходзіліся 136 пасажыраў і 6 чальцоў экіпажу.
Самалёт вярнулі ў Кіеў праз вядомага блогера і «антымайданаўца» Армэна Мартырасяна. Сам Мартырасян увечары таго ж дня, пасля праверкі супрацоўнікамі СБУ (паводле блогера, у яго шукалі нейкі назапашвальнік інфармацыі), вылецеў іншым рэйсам «Белавія» ў Мінск. Цяпер ён знаходзіцца ў Маскве і абяцае звярнуцца з нагоды гэтага інцыдэнту ў суд.
Міністэрства замежных справаў Беларусі накіравала Украіне ноту пратэсту з патрабаваннем афіцыйнага выбачэння і кампенсацыі выдаткаў, да якіх прывялі дзеянні ўкраінскіх уладаў. Мінск сцвярджаў, што ўкраінскі бок пагражаў ужыць знішчальнікі супраць пасажырскага судна — надзвычайная рэч у міжнароднай практыцы.
Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла 10 лістапада, што прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ў часе тэлефоннай размовы выбачыўся за вяртанне беларускага самалёта ў аэрапорт вылету. У той жа час прэсавая служба ўкраінскага прэзідэнта гэтага не пацвердзіла.
Некалькі дзён таму прадстаўнік прадпрыемства «Украэрарух» паведаміў, што пытанне пра кампенсацыю беларускаму боку за вяртанне ў Кіеў самалёту «Белавія» будзе вырашана станоўча.