Размаўляйце па-ўкраінску!
Ва Украіне раскручваецца новая спіраль моўнай вайны. Якія могуць быць наступствы?
Дэтанатарам чарговага канфлікту вакол мовы стаў законапраект дэпутатаў Руслана Княжыцкага і Вікторыі Сюмар. Законапраект прадугледжвае ўвядзенне нормы, згодна з якой «мінімум 75 працэнтаў эфіру «тэлерадыёарганізацый агульнанацыянальнай катэгорыі вяшчання» з 7.00 да 22.00 павінны выходзіць на ўкраінскай мове». Акрамя таго, у законапраекце прапануецца забараніць тэлеканалам і радыёстанцыям абіраць мову вяшчання на сваё меркаванне. За рэгіянальнымі СМІ пакідаюць крыху больш свабоды — там вяшчанне на ўкраінскай мове павінна займаць не менш за 50 працэнтаў эфіру. Законапраект ужо прайшоў першае чытанне.
Менавіта 75 працэнтаў украінамоўнага эфіру і сталі каменем сутыкнення, паколькі вядучыя інфармацыйных выпускаў і рознага кшталту палітычных шоў (вельмі папулярны ва Украіне жанр) традыцыйна гавораць па-руску.
Гэтая акалічнасць дапамагала і дапамагае лёгка працаўладкавацца ва Украіне вялікай колькасці журналістаў-палітэмігрантаў з Расіі. Напрыклад, Мацвей Ганапольскі, які атрымаў украінскае грамадзянства 20 ліпеня гэтага года, адкрыта выступіў супраць новаўвядзенняў. «…Кіраваць мной ніхто не будзе! Не падабаецца, не падыходжу — да пабачэння! Таму што для мяне эфір — гэта мой свет, у якім я жыву. І ніхто не мае права абмежаваць мой свет. І гэта мой канчатковы адказ», — падкрэсліў наўпрост у эфіры Мацвей Ганапольскі.
Трэба адзначыць, што ў Ганапольскага ва Украіне асаблівы статус. Ён перабраўся сюды з Расіі і хутка стаў адным з самых папулярных крытыкаў пуцінскага рэжыму. Асабліва памятае аўдыторыя яго дыялог з нейкім аматарам Пуціна з Днепрапятроўску (нядаўна перайменаванага ў Дняпро), якога Ганапольскі паслаў у вядомым напрамку ў прамым эфіры. Гэты ўчынак быў ацэнены ў тым ліку прадстаўнікамі адміністрацыі Парашэнкі. Аднак крытыка законапраекта змяніла стаўленне да вядоўцы ў вачах грамадства. У яго заявах пабачылі шантаж дэпутатаў. Найбольш радыкальныя нацыяналісты нават заклікаюць да дэпартацыі Ганапольскага.
Другім — нечаканым — крытыкам законапраекта апынуліся прыхільнікі Майдана з рускамоўнага Паўднёвага Усходу. Адэская дэмакратычная грамадскасць падпісала ліст пратэсту супраць закона «па фактычным выгнанні рускай мовы з украінскіх СМІ». На іх думку, праект з’яўляецца абуральным, ён створаны «ў духу традыцыйных савецкіх партыйных рашэнняў», і ўяўляе сабой «тыповы прыклад чыста бальшавіцкага насаджэння ідэалогіі».
Аўтары асобна акцэнтуюць увагу на негатыўных палітычных наступствах рэалізацыі закона, паколькі гэта «здольнае распаліць нянавісць паміж рускамоўнымі і ўкраінамоўнымі грамадзянамі Украіны». Нагадваюць, што перадумовай да Крымскіх падзей вясной 2014-га была ідэя забароны ва Украіне рускай мовы, агучаная ў парламенце нацыяналістамі з партыі «Свабода».
Магчыма, гэтым разам «крымскай вясны» не будзе, але адназначна будзе рост колькасці спадарожнікавых антэн, якія прымаюць расійскія каналы. Таксама можна чакаць буму моды на рускамоўныя праграмы ў інтэрнэце, якія не падпарадкоўваюцца адміністратыўным нормам. Такім чынам, асноўная задача моўнага закону — стварэнне адзінай украінскай нацыі — выкананая не будзе.
Што тычыцца прыхільнікаў законапраекта, то яны лічаць з’яўленне падобнага нарматыўнага акту лагічным, паколькі ён шмат у чым абумоўлены гістарычна. Нельга прасоўваць украінскую мову, нічога не робячы. «На маю думку, гэта слушнае рашэнне ў дадзенай сітуацыі. Мова — гэта не толькі выпрабаванне нашай ідэнтычнасці, але і выпрабаванне нацыянальнай бяспекі. Так, я разумею перавагі білінгвізму. Для ўкраінскіх грамадзян было б шкада страціць веданне рускай, як тое адбылося ў Грузіі. Але і беларускі варыянт, калі грамадзяне не валодаюць роднай мовай, з’яўляецца непрымальным. На жаль, пасля татальнага выкаранення Расіяй украінскай мовы трэба ствараць умовы для яе росту», — піша эксперт Багдана Бабіч.
Што да рэакцыі рускамоўных рэгіёнаў, то, на думку той жа Бабіч, далей за межы побытавага раздражнення яна не выйдзе. У якасці аргументу прыводзяцца вынікі апытанняў, паводле якіх моўнае пытанне нават у самых рускамоўных рэгіёнах займае 12–13 месца ў рэйтынгу актуальнасці.
Чым усё скончыцца? Хутчэй за ўсё, на думку экспертаў, заканадаўчую ініцыятыву Княжыцкага-Сюмар, у выпадку падтрымкі ў парламенце, чакае разгляд у Канстытуцыйным судзе. У законапраекце ёсць месцы, якія можна разглядаць як парушэнне Асноўнага закону. Напрыклад, цяперашняя Канстытуцыя Украіны дэкларуе падтрымку ў развіцці рускага і іншых рэгіянальных моваў. Прапанавая ў законапраекце моўная рэгуляцыя таксама абмяжоўвае і права грамадзян на атрыманне інфармацыі.
Магчымы і іншы сцэнар. Закон у парламенце пройдзе, аднак на практыцы ўсё застанецца, як сёння. Яго будуць ціха сабатаваць, як сабатавалі папярэднія законы, якія павінны былі пашырыць «украінскую» квоту ў эфіры. Праблемы не ў тым, што ў рэдакцыях тэлеканалаў і радыё сядзяць украінафобы. Проста дасюль у краіне мала якаснага ўкраінскага культурнага прадукту. Таму патрэбная не рэгуляцыя квотаў, а дзяржаўная падтрымка прадзюсарскіх цэнтраў, якія могуць дапамагаць артыстам ствараць якасны канкурэнтаздольны прадукт на ўкраінскай, і прэферэнцыі для медыя, якія іх раскручваюць.
У гэтым плане сімвалічна, што ў кастрычніку ва Украіне без усялякіх законаў пачала працаваць першая камерцыйная радыёстанцыя, якая круціць выключна ўкраінскую музыку.