Суд арыштаваў затрыманых у Крыме «ўкраінскіх дыверсантаў»

Ленінскі раённы суд Севастопаля на два месяцы арыштаваў траіх чалавек, якіх у ФСБ назвалі ўдзельнікамі дыверсійна-тэрарыстычнай групы Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны.

fsb_1.jpg

Пасяджэнне прайшло ў закрытым ад прэсы рэжыме. Імёны арыштаваных афіцыйна не паведамляліся.
Па дадзеных «Федэральнага агенцтва навінаў», ФСБ затрымала Аляксея Бесарабава, Дзмітрыя Штыблікава і Ўладзіміра Дудко. Аляксей Штыблікаў распавёў расійскаму тэлеканалу «Дождь», што ягоны брат Дзмітрый не мае дачынення да Мінабароны Украіны і раней працаваў у Крыме аналітыкам Цэнтра садзейнічання вывучэнню геапалітычных праблем і еўраатлантычнага супрацоўніцтва Чарнаморскага рэгіёну «Номос».
Пра затрыманне дыверсійнай групы ФСБ адсправаздачылася раніцай 10 лістапада. Паведамлялася, што трое чалавек былі затрыманыя ў Севастопалі, у іх выявілі выбухоўку, зброю і боепрыпасы. Арыштаваных падазраюць у падрыхтоўцы тэрактаў на электрастанцыях, станцыях ачысткі вады, а таксама газаразмеркавальных сетках Крыма.
Мінабароны Украіны заявіла, што ў Крыме ніякіх дыверсантаў няма, а паведамленне ФСБ там назвалі спробай «даказаць сваю эфектыўнасць».
У жніўні ФСБ заявіла аб прадухiленнi прарыву дыверсантаў ў Крым з тэрыторыі Украіны. У перастрэлцы загінулі расійскі ваенны і супрацоўнік ФСБ. Былі затрыманыя, а затым арыштаваныя грамадзяне Украіны Яўген Паноў і Андрэй Захцей. Украінскія ўлады заявілі, што «дыверсанты» не маюць да іх адносінаў.
Паводле meduza.io