Слабая і раз’яднаная? А што зрабілі вы?

Ужо набіла аскому чуць ад сеткавых экспертаў нараканні на беларускую апазіцыю. Слабая, нягеглая, на яе акцыі прыходзяць лічаныя сотні, хранічна не здольная аб’яднацца — ажно да таго, што лепш бы ёй самараспусціцца.

img_4618_logo.jpg

Але давайце ўявім: сёння апазіцыя самараспускаецца. Дзе мы прачнёмся заўтра? Зразумела, у іншай краіне. І называцца гэтая краіна будзе Расіяй.


На варце Незалежнасці

Як ні дзіўна, але беларуская апазіцыя, пры ўсёй яе раз’яднанасці і іміджы «лузераў», навучылася адной фундаментальнай рэчы — яна стварае трэнды ў грамадстве. І гэтыя трэнды потым так ці інакш адбіваюцца на дзеяннях улады і на нашым жыцці.

Не так даўно стала вядома, што расійскія самалёты Су-27СМ, якія са снежня 2013 года атабарыліся ў Баранавічах, пакінулі Беларусь. Пакінулі даўно, і бачна па ўсім, надоўга, калі не назаўсёды. Прынамсі, выданне «Bellingcat», якое спецыялізуецца на расследаваннях з адкрытых крыніцаў інфармацыі, піша, што на спадарожнікавых здымках расійскіх «Сушак» на аэрадроме Баранавічаў не бачна з мая гэтага года.


img_6630_logo.jpg

Фактычна, гэта азначае, што Расія калі не адмовілася, дык надоўга замарозіла праект стварэння ў Беларусі сваёй авіябазы. І адклікала нават тыя самалёты, якія ўжо атабарыліся ў нашай краіне.

Пры чым тут апазіцыя? Ды пры тым, што не ў малой частцы дзякуючы ёй гэтая база не з’явілася. Калі перадыслакацыя «Сушак» яшчэ толькі пачыналася, у снежні 2013-га, сябры АГП выходзілі на пікеты да Камароўскага рынку з плакатамі «Расія — гэта вайна!». Тэма поўнага нейтралітэту Беларусі, у тым ліку адсутнасці замежных вайсковых базаў, была адной з асноўных у кампаніі «Народны рэферэндум», куды ўваходзілі Партыя БНФ, Рух «За Свабоду», кампанія «Гавары праўду» і прымкнулая да іх БСДП (Грамада). У самой ПБНФ тэма супрацьдзеяння стварэнню расійскай авіябазы ў Беларусі ўвесь 2014 год была цэнтральнай.

Праз розныя круглыя сталы і брыфінгі з удзелам вайсковых экспертаў народу даводзілася, што гэты вайсковы аб’ект Беларусі непатрэбны, і складае рознага кшталту пагрозы: ад экалагічнай, бо авіяпаліва ў гэтым плане небяспечнае, да вайсковай, бо база з’яўляецца мэтай першага ракетнага ўдару.

Дый кампанія Таццяны Караткевіч на прэзідэнцкіх выбарах працэнтаў на сорак складалася менавіта з крытыкі авіябазы.

У выніку агульных намаганняў грамадская думка схілілася ў бок непрымання гэтага аб’екту на тэрыторыі краіны. Як следства, Аляксандр Лукашэнка ў час перадвыбарчай кампаніі заявіў, што ні з кім ні пра якія базы ён не дамаўляўся, размовы пра гэта ніколі не ішло, і ён пра гэта нічога не ведае.

Калі б не дзеянні «слабой і раз’яднанай апазіцыі», у грамадстве наўрад ці б узнікла дыскусія наконт авіябазы, і наўрад ці б Аляксандр Рыгоравіч у гэтым пытанні «здаў назад». Але кіраўнік Беларусі, як палітык, усё ж адчувае настроі народа і вымушаны быў адрэагаваць так, як склалася думка ў грамадстве.

img_6653_logo.jpg


«Русский мир»

Пасля ўкраінскіх падзеяў самымі паспяховымі акцыямі беларускай апазіцыі можна назваць тыя, якія былі скіраваныя на супрацьдзеянне «русскому миру». Шляхам петыцый і пратэстаў у Мінску была сарваная сустрэча ідэолага «русского мира» Мікалая Старыкава. Планавалася, што апалагет ДНР/ЛНР будзе чытаць лекцыі ў кніжнай краме «Светач» і гатэлі «Беларусь». Аднак, пасля прыцягнення ўвагі да Старыкава, дзяржаўныя ўстановы адмовіліся даваць яму памяшканні. Сустрэчу ўдалося арганізаваць толькі ў «Доме Масквы». Але і туды прасачыліся малалафронтаўцы з заклікам: «Чамадан — вакзал — Расія».

У маі гэтага года журналісты «Нашай Нівы» дакапаліся да вайсковых лагераў у Падмаскоўі, дзе беларускіх дзяцей навучалі «патрыятызму» сепаратысты з ДНР, у прыватнасці Аляксей Мільчакоў. Зразумела, гэта ўзрушыла дэмакратычную грамадскасць, адразу ж пайшлі лісты пратэсту і запыты ў МУС, КДБ і пракуратуру, каб гэтую справу прыкрыць.

img_6688_logo.jpg

У выніку ў Віцебску былі закрытыя клубы, якія выпраўлялі падлеткаў на «трэнінгі», аналагічныя «патрыятычныя клубы» былі закрытыя ў Гродне. На запыты актывістаў вымушаныя былі рэагаваць сілавікі, праверку праводзіў нават Сінод беларускага экзархату РПЦ. Гэтай праблеме былі прысвечаныя сюжэты на АНТ і артыкулы ў «Советской Белоруссии».

Ці была б такая рэакцыя дзяржаўных органаў і СМІ, калі б дэмакратычная грамадскасць (то бок актывісты апазіцыі) не ўздымала вэрхал з гэтай нагоды? Ці звярнуў бы ўвагу МУС на «патрыятычныя клубы», калі б яго не бамбардавалі адпаведнымі заявамі? Дакладна не. Проста ўзгадаем, як калісьці афіцыйныя СМІ замоўчвалі «плюшавую бамбардзіроўку», калі шведскі легкаматорны самалёт праляцеў беларускія межы і вярнуўся назад, незаўважаны для нашых сістэмаў СПА. І толькі дзякуючы незалежным СМІ і грамадскасці на «дзірку ў паветры» звярнулі ўвагу. Што, дарэчы, паспрыяла абароназдольнасці Беларусі.

І сілавікі, і дзяржаўныя СМІ змаўчалі б і зараз — але грамадства не дала.

Хто гэта ўсё зрабіў магчымым? Тут унёсак і «Маладога фронту», які стварыў свой спіс «Чорнай сотні» — груповак і з’яваў «русского мира» ў Беларусі, што дало падставы журналістам пакапацца ў дзейнасці пэўных арганізацый.

unnamed__17__logo_1.jpg


Кропля камень точыць

Зноў жа, навіны апошніх тыдняў. МУС праціснуў ва ўрад праект указу пра абмежаванне гандлю алкаголем і аддзяленне яго ад «асноўных» прадуктаў у буйных крамах. У сярэдзіне кастрычніка ў краіне прайшоў «тыдзень без абортаў», — на працягу тыдня медыкі праводзілі аборты толькі па медычных паказчыках. У 2014 годзе былі прынятыя змены ў заканадаўства, паводле якіх доктар можа адмовіцца рабіць аборт, калі гэтая адмова не пагражае жыццю і здароўю пацыенткі.

Менавіта за гэта — як у плане алкаголю, так і ў плане абортаў, — некалькі гадоў вядзецца кампанія «Моцная сям’я — моцная Беларусь». Ініцыявала тую кампанію Беларуская хрысціянская дэмакратыя, і цягнецца яна бесперапынна ад 2009 года. Былі ў гэтай кампаніі свае ўзлёты (як у 2014-м, калі дактары займелі магчымасць выбару наконт абортаў) і свае падзенні (як у 2015-м, калі пасля «алкагольнай нарады» з Лукашэнкам фактычна была знятая забарона на гандаль алкаголем з 22.00 да 9.00). Тым не менш, актывісты БХД рэгулярна «тузаюць» урад сабранымі па той ці іншай праблеме подпісамі. І ў выпадку з абартаваннем гэта дало вынік, абгрунтаваўшы патрэбы медыкаў «народным волевыяўленнем».

fota_juryja_dzjadzinkina_2009_h._logo.jpg


Сімвал непераможнасці

Напрыканцы кастрычніка Зміцер Дашкевіч перадаў у Міністэрства культуры больш за 10 тысяч подпісаў, якія сабралі шэсць (!) чалавек, за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi. У матэрыяле на сайце naviny.by палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі па паліцах расклаў, чаго дамагліся маладзёны, нават калі Мінкульт не прыме па гэтым пытанні станоўчае рашэнне.

Гэта і абуджэнне грамадскай свядомасці, і канкрэтная праца апазіцыі, і мэтанакіраванае дзеянне меншасці, якая хоча, каб яе заўважылі, і «курсы асабістага развіцця», і пашырэнне «тэрыторыі свабоды» («Тое, што на іх — зборшчыкаў подпісаў — складаюць пратаколы і, верагодна, аштрафуюць, не бачна мінаку. Затое яму бачна, што выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга дапускаецца ўладамі», — піша Быкоўскі). І «тэрапеўтычны эфект» — «прышчэпка супраць страху» ў грамадстве, якое дасюль хворае на той страх пасля падзей 2010 года.

Падаецца, што глабальна зробіць гэты збор подпісаў? Але ўжо ў эфіры БТ прагучала думка пра тое, каб зрабіць бел-чырвона-белы сцяг «нацыянальным», і Генадзь Давыдзька, кіраўнік таго самага БТ, кажа: «Сярод 10 тысяч падпісантаў мог быць і я... Сцяг сімпатычны, чаму б ні надаць яму гістарычны статус ці яшчэ які-небудзь».

Падаецца, дробязі. Але з гэтых дробязяў потым складаецца малюнак краіны. Колькі было спрэчак наконт «георгіеўскай стужкі»? Колькі актывісты дамагаліся яе забароны, як сімвалу акупацыі Украіны Расіяй? А потым улада стварыла свой сімвал перамогі і калі не забараняла, дык не падтрымлівала выкарыстанне «георгіеўкі» на святах.

А ў што выліўся «Дзень вышыванкі»? Сёлета яго праводзіў БРСМ, які банальна скраў ідэю ў «Арт-Сядзібы». Той самай «Арт-Сядзібы», якую ў свой час улады шчамілі па кутах, пазбаўляючы офісаў і залаў.

Хто зрабіў такое магчымым? Так, тая самая «слабая і раз’яднаная апазіцыя».


Не горш за іншых

Навучыўшыся працаваць з грамадствам (прынамсі, з пэўнай яго часткай), апазіцыя проста не ўмее піярыць свае дасягненні. Але, калі глядзець рэтраспектыўна, аказваецца, што гэтых дасягненняў даволі багата. Проста мы засяроджваемся не на іх, а на скандалах ды ўнутраных спрэчках той самай апазіцыі. Іх сапраўды хапае.

Паглядзіце на Украіну. Ці ведаеце вы, якія там дасягненні ў апазіцыі? Альбо ў Польшчы? Так, палякі нядаўна адстаялі сваё права на аборты, аднак гэта, пэўна, адзіная іх перамога за некалькі гадоў. Але і становішча іх апазіцыі зусім непараўнальнае з нашым. Наша апазіцыя выціснутая з сістэмнай палітыкі, не мае ўнутранага фінансавання, не дапушчаная да агульнадзяржаўных СМІ і сціснутая межамі крымінальнай адказнасці (артыкул за дзеянні ад імя незарэгістраванай арганізацыі ніхто не адмяняў).

Так што наша апазіцыя можа быць якой заўгодна: раз’яднанай, нецікавай, нягеглай. Але толькі не слабой.

Фота Юрыя Дзядзінкіна