Сяргей Богдан: Асноўная рызыка Беларусі — каб не стаць другой Паўднёвай Асеціяй

Беларуская дзяржаўнасць аказалася пад пагрозай, таму што беларускае кіраўніцтва вырашыла: ніякага транзіту ўлады яно рабіць не будзе, а лепш страціць фактычна аўтаномію ў многіх пытаннях, чым будзе шукаць кансэнсус унутры краіны.

Сяргей Богдан

Сяргей Богдан

У лістападзе Рада па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог» апублікавала аналітычную запіску пад назвай «Адносіны Беларусі і Расіі ў 2021 годзе».

Адна з высноваў аналітычнага матэрыялу гучыць несуцяшальна: калі адносіны з суседнімі краінамі і Захадам не палепшацца, збліжэнне Беларусі і Расіі працягнецца. Мінск можа запавольваць працэсы росту ўплыву Масквы, аднак для многіх сфераў рост расійскай прысутнасці стане незваротным ужо ў найбліжэйшыя месяцы.

Карэспандэнтка «Радыё Рацыя» Вольга Сямашка паразмаўляла з аўтарам аналітычнага матэрыялу, навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі ім. Фрыдрыха Майнэку Свабоднага ўніверсітэту ў Берліне Сяргеем Богданам пра тое, наколькі непазбежная поўная рэалізацыя саюзных праграм надалей, ці з’яўляецца сітуацыя магчымага аншлюсу вынікам 30-гадовай інтэграцыі, які ўплыў аказалі санкцыі ў дачыненні да Беларусі на яе небяспячнае збліжэнне з Расіяй і які «рыкашэт» ад гэтага чакае Еўропу і Польшчу.

— На ваш пункт гледжання, ці Беларусь сапраўды можа ўвайсці ў склад Расіі. Гэтае збліжэнне адбываецца дзякуючы знешняму ціску, ці гэта ўнутраны інтэграцыйны працэс, які развіваўся працяглы час і ён не залежыць ад ціску знешніх сіл?

— Гэты працэс змяніў радыкальна сваю дынаміку ў апошнія гады, і перш за ўсё ён змяніў сваю дынаміку ў звязку з тым, што адбывалася вакол дарожных картаў, якія выклікалі процьму спрэчак паміж краінамі. У выніку яны таксама наклаліся на тое, што адбывалася ў працэсе леташняй палітычнай кампаніі — перадусім пратэстаў пасля падману на выбарах. У працэсе ўсяго гэтага сапраўды дынаміка моцна змянілася. Безумоўна, змена дынамікі звязана з вонкавым ціскам, які пачаўся на беларускую дзяржаву. Ціск з Захаду, практычна блакада, не пакідае для Беларусі іншага выбару, як ісці на ўсё большыя саступкі Крамлю.

— Дапусцім, што адбудзецца адмоўны сцэнар і Беларусь увойдзе ў склад Расіі. Гэта плануецца як далучэнне новых губерняў, ці будзе нейкая аўтаномія, што гэта можа быць?

— Па тым, што гавораць кіраўнікі Беларусі і Расіі, праглядаецца сцэнар такой вялікай Паўднёвай Асеціі, то-бок, дзяржавы, якая залежная ва ўсім ад Масквы, але пры гэтым захоўвае пэўныя атрыбуты сваёй дзяржаўнасці. Гэта дазваляе, у тым ліку, стварыць вялізную шэрую зону, якая ў прынцыпе, гледзячы на характар расійскага рэжыму, сама па сабе з’яўляецца цікавым варыянтам для пэўных спраў бізнесу. Але не думаю, што тут можна казаць пра фармальны аншлюс, тут хутчэй гаворка пра тое, што з гаспадарчага пункту гледжання, з вайсковага пункту гледжання звесці да мінімуму дзяржаўнасць і аўтаномію Беларусі. Гэта ўжо сёння адчуваюць беларускія грамадзяне, калі ў любы кірунак свету можна даехаць толькі праз Маскву.

— Наколькі беларуская эканоміка звязана з расійскай? Ці ёсць ужо повязі непарыўныя, на якія не паўплывае ніякая дапамога, напрыклад Еўропы, у гэты кірунку?

— Я зноў-такі падкрэслю, што гісторыя сённяшняй інтэграцыі, гэта не тая гісторыя, якую пачалі Лукашэнка і Ельцын. Гэта гісторыя, якая вельмі намінальна прывязаная да тых актаў, якія былі падпісаныя ў 90-х, і якія з большага былі звязаныя з патрэбамі ўмацаваць уладу Ельцына і павысіць яго рэйтынг, чым з нейкімі сур’ёзнымі інтэграцыйнымі дамоўленасцямі. Пасля падпісання гэтыя акты фактычна не ажыццяўляліся. Калі казаць пра вайсковую сферу, рэгіянальная групоўка войскаў заставалася не тое што папяровым тыграм, яна ўвогуле заставалася выключна на паперы.

Безумоўна, леташнія падзеі прывялі да чаканага выніку, да таго, што былі ўведзеныя санкцыі, і яны спрычыніліся да цалкам чаканага выніку — Беларусь стала залежнай і ў эканамічным дачыненні, пры гэтым не атрымаўшы нейкіх эканамічных выгодаў.

Тут трэба зразумець, што ніякіх падарункаў у звязку з гэтым не было. Тое, што было атрымана, яно было атрымана толькі таму, што гэта або было выгадна Крамлю, або пэўным асобам з атачэння Пуціна, або гэта было тое, што прывязвала бліжэй Мінск да Масквы і стварала большую залежнасць. Таму дынаміка памянялася ў апошнія два гады. Гэта не вынік 30 гадоў інтэграцыі. Гэта вынік апошніх 3 — 4 гадоў, калі беларускае кіраўніцтва вырашыла, што ніякага транзіту ўлады яно на гэты момант рабіць не будзе, лепш ахвяруе пэўнымі вонкава-палітычнымі момантамі, то-бок, страціць фактычна аўтаномію ў многіх пытаннях, чым будзе шукаць кансэнсус унутры краіны. І таму дзяржаўнасць аказалася пад пагрозай.

«Беларускае Радыё Рацыя»