Кіраўнік МЗС Украіны: Мы будзем дзейнічаць па поўнай праграме. Крым — гэта не тое пытанне, дзе мы дазваляем сабе стрыманасць

Украіна будзе ацэньваць дзеянні Лукашэнкі, а не яго словы пра Крым, заявіў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба.

d6ynqefw0acrq4p.jpg


«Я думаю, што не мае сэнсу ацэньваць кожную праяву патоку свядомасці, які рэгулярна выкідвае на розных медыйных платформах Лукашэнка. Мы будзем ацэньваць яго дзеянні. Калі Беларусь сапраўды прызнае незаконную акупацыю Крыма Расіяй, гэта нанясе непапраўны ўдар па ўкраінска-беларускіх адносінах. Мы будзем дзейнічаць па поўнай праграме. Крым — гэта не тое пытанне, дзе мы дазваляем сабе стрыманасць», — цытуе міністра REFORM.by са спасылкай на «Укрінформ».

Нагадаем, у інтэрв’ю гендырэктару МІА «Расія сёння» Дзмітрыю Кісялёву Лукашэнка сказаў, што Крым дэ-факта і дэ-юрэ з’яўляецца расійскім. Ён таксама анансаваў свой візіт на паўвостраў.

«Мы ўсе разумелі, што Крым дэ-факта — гэта расійскі Крым. Пасля рэферэндуму і дэ-юрэ Крым стаў расійскім», — сказаў ён.

«Маё наведванне Крыма, на што маю поўнае права, пад чыім бы ён там пратэктаратам, кіраўніцтвам, і чый бы ні быў Крым. Гэта і мой Крым. У нас пэўная дамоўленасць з Пуціным, што мы ў Крыме пабудзем», — сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, візіт у Крым абмяркоўвалі з Пуціным тры разы. Лукашэнка прызнаўся, што гатовы прыляцець на паўвостраў, калі яго запросіць расійскі прэзідэнт.

Лукашэнка адзначыў, што яго візіт у Крым будзе азначаць прызнанне яго расійскай тэрыторыяй.

Варта адзначыць, што Беларусь афіцыйна не прызнавала Крым расійскім. У жніўні гэтага года Лукашэнка заявіў, што прызнае паўвостраў расійскім, калі «апошні алігарх у Расіі прызнае Крым і пачне пастаўляць туды прадукцыю». У лістападзе міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей назваў Крым расійскай тэрыторыяй. МЗС Украіны ўжо тады папярэдзіў Мінск пра непапраўныя наступствы ў выпадку прызнання паўвострава расійскім.