«Слабая пазіцыя Лукашэнкі будзе выяўляцца нават у коле блізкіх аўтакратаў»
Палітолаг Дзімаш Альжанаў распавёў «Салідарнасці», як змяніўся Казахстан пасля пратэстаў студзеня 2022 года.
— На саміце АДКБ, які прайшоў 23 лістапада ў Мінску, Такаеў пакрытыкаваў Лукашэнку за яго заклікі супрацьстаяць Захаду («Частыя заявы на гэтую тэму спараджаюць ілюзію, быццам мы кагосьці баімся... Такія заявы могуць таксама атрымаць і, відавочна, ужо атрымліваюць зусім няслушную інтэрпрэтацыю»). Як вы лічыце, чым тлумачацца словы прэзідэнта Казахстана?
— На фоне рыторыкі Пуціна і Лукашэнкі Такаеў спрабуе заняць ролю прагматычнага і рацыянальнага палітыка, схільнага супрацоўнічаць з заходнімі краінамі, а не варагаваць. Казахстану важна, каб заходнія рынкі збыту нафты і іншых рэсурсаў, уключаючы фінансавыя інструменты, былі адкрыты. Гэта ўплывае на даходы рэжыму і яго ўстойлівасць.
Цесныя эканамічныя адносіны з заходнімі краінамі дазваляюць рэжыму задавальняць яго патрэбы і здымаць з парадку двухбаковых адносін нязручныя пытанні датычна правоў чалавека і ўшчамлення палітычных свабод.
— У траўні на II Еўразійскім эканамічным форуме Такаеў выказаўся пра саюзную дзяржаву Расіі і Беларусі («Прашу прабачэння, і нават ядзерная зброя (у іх) адна на дваіх цяпер)», а затым на прапанову Лукашэнкі ўступіць у Саюзную дзяржаву сказаў: «Я па вартасці ацаніў ягоны жарт». Як у цэлым можна ахарактарызаваць пазіцыю Такаева наконт інтэграцыі з Расіяй, Беларуссю і іншымі постсавецкімі дзяржавамі, якія ўваходзяць у ЕАЭС і АДКБ?
— Нягледзячы на тое, што эканамічная інтэграцыя ў рамках ЕАЭС негатыўна адбілася на Казахстане, Такаеў яе паслядоўны прыхільнік. Такая пазіцыя выклікае сур'ёзныя асцярогі і незадаволенасць у Казахстане.
Таму публічна Такаеў не будзе падтрымліваць заявы аб Саюзнай дзяржаве, яны моцна могуць ударыць па яго легітымнасці ўнутры краіны, паколькі пасля студзеня 2022-га многія бачаць Такаева як чалавека, які ўтрымаў уладу дзякуючы Пуціну і расійскім войскам у рамках АДКБ.
У Такаева няма яснай эканамічнай палітыкі, таму ён не зусім разумее праблемы ЕАЭС і не мае сур'ёзных амбіцый пераглядаць гэтае пагадненне. Што тычыцца АДКБ, пры ўсёй неэфектыўнасці гэтай арганізацыі яна дапамагла яму ўтрымаць уладу, таму ён катэгарычна выступае супраць выхаду з яе.
Калі ўлічыць няясныя перспектывы транзіту ўлады ў канцы яго прэзідэнцтва (у 2022-ім у Казахстане былі прыняты папраўкі да Канстытуцыі, згодна з якімі тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы павялічаны да сямі гадоў, але прэзідэнт не зможа балаціравацца на другі тэрмін), сяброўства ў АДКБ мае практычнае значэнне ў яго разуменні.
— Праз выказванні Такаева складваецца ўражанне, што ён ставіць сябе вышэй за Лукашэнку, які пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 не прызнаны легітымным прэзідэнтам у шэрагу краін і вымушаны падпарадкоўвацца патрабаванням Пуціна. Ці так гэта?
— Лукашэнка сябе і краіну загнаў у сітуацыю, у якой Такаеў пры ўсёй яго лаяльнасці Крамлю не хацеў бы апынуцца. Узмацненне асабістай залежнасці і частковая страта суверэнітэту з боку Беларусі перад Расіяй будуць негатыўна адбівацца на Лукашэнку. Гэта ставіць яго ў слабую пазіцыю, якая будзе выяўляцца і на дыпламатычным узроўні ў коле блізкіх аўтакратаў.
— Нядаўна вялікі рэзананс мела відэа, як Такаеў падчас візіту Пуціна ў Казахстан выступіў на казахскай мове, вымусіўшы расійскую дэлегацыю спешна браць навушнікі, каб паслухаць пераклад. Што апошнім часам адбываецца ў стасунках Казахстана і Расіі?
— Уплыў Расіі ў Казахстане ўзмацняецца. Расійскія кампаніі, звязаныя з Крамлём, спрабуюць пашырыць сваю прысутнасць у нашай эканоміцы. Казахстан прадастаўляе для Расіі сваю юрысдыкцыю і фінансавую сістэму для абыходу санкцый.
Важнасць Казахстана ўзрасла для Пуціна, і ён паспяхова праціскае свае ініцыятывы ў эканоміцы, у ваенным і культурным супрацоўніцтве, выкарыстоўваючы добразычлівасць і збольшага залежнасць Такаева.
Журналісты, ва ўсёй гэтай гісторыі з казахскай мовай падчас перамоў, мне здаецца, выпускаюць важнае, акцэнтуючы ўвагу не на самых істотных дэталях. Гэтае выступленне на казахскай мове было заклікана змякчыць у інфармацыйнай прасторы пагадненне з Расіяй, па якім у Казахстане сумесна з Расіяй будуць адкрыты рускія школы, пачнецца будаўніцтва электрастанцый і газіфікацыя паўночных абласцей краіны.
— Як можна апісаць пазіцыю ўлад Казахстана наконт вайны Расіі супраць Украіны? І каго падтрымліваюць шараговыя грамадзяне?
— Паводле апошніх апытанняў, большасць у нашай краіне супраць вайны і дзеянняў Расіі. Аднак пазіцыя казахскіх улад адрозніваецца.
Такаеў дапамагае Пуціну абыходзіць санкцыі, атрымліваць тавары падвойнага прызначэння для вайсковай прамысловасці. Ён бачыць у Крамлі партнёра, які можа забяспечыць выжывальнасць яго рэжыму. Тут не варта чакаць іншага.
— Як змяніўся Казахстан пасля пратэстаў студзеня 2022-га і прэзідэнцкіх выбараў лістапада-2022 — у палітыцы і эканоміцы?
— Палітычная сітуацыя значна пагоршылася. Рэжым адчуў пагрозу страты ўлады і пачаў кропкавыя рэпрэсіі. Пасля студзеня-2022 тэрміны атрымалі практычна ўсе лідары незарэгістраваных апазіцыйных партый, вядомыя актывісты. Больш жорсткім стаў шэраг законаў, звужана прастора для дзейнасці медыя і блогераў. У Казахстане ідзе не дэмакратызацыя, а аўтакратызацыя.
— У якім становішчы сёння знаходзіцца Назарбаеў?
— Ён пад гарантыямі, змацаванымі з боку Пуціна. Частка
яго радні і набліжаных, не маючы палітычнага патранажу, страцілі актывы. Перадзел уласнасці ў цэлым будзе прыярытэтнай
часткай прэзідэнцтва Такаева.