Арменія адмовілася ўдзельнічаць яшчэ ў адным мерапрыемстве АДКБ

Арменія не будзе ўдзельнічаць у пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АДКБ у Маскве. Спікер армянскага парламента Ален Сіманян паведаміў пра гэта старшыні расійскай Дзярждумы Вячаславу Валодзіну, накіраваўшы яму афіцыйны ліст.

Ален Сіманян. Фота з сайта парламента Арменіі

Ален Сіманян. Фота з сайта парламента Арменіі

Спікер парламента Арменіі Ален Сіманян не будзе ўдзельнічаць у пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (ПА АДКБ), якое адбудзецца 19 снежня ў Маскве. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Сіманяна Цавінар Хачатран.

«Ален Сіманян не возьме ўдзел у пасяджэнні АДКБ у Маскве. Пра гэта ён паведаміў спікеру Дзярждумы Вячаславу Валодзіну, накіраваўшы яму афіцыйны ліст. У пасяджэнні не возьме ўдзел і дэлегацыя парламента Арменіі», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратаркі, апублікаванай на сайце парламента.

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян не браў удзелу ў саміце АДКБ у Мінску 23 лістапада. Ад удзелу ў мерапрыемствах у беларускай сталіцы таксама адмовіліся міністры замежных спраў і абароны Арменіі. Ерэван таксама адклікаў свайго амбасадара ў АДКБ і не прызначыў новага.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў у сувязі з адмовай прадстаўнікоў Ерэвана ўдзельнічаць у мерапрыемствах АДКБ у Мінску заявіў, што ў Маскве разлічваюць на працяг працы Арменіі ў арганізацыі.

Непрыезд на саміт у Мінск Пашыняна ці кагосьці з прадстаўнікоў Арменіі вельмі засмуціў Лукашэнку, які меў намер перадаць старшынства ў арганізацыі на наступны год Казахстану з максімальным піяраўскім эфектам. Але не атрымалася. Больш за тое, адсутнасць армянскага боку пазбавіла юрыдычнай моцы ўсе прынятыя ў Мінску рашэнні. Справа ў тым, што рашэнні ў АДКБ прымаюцца агульным кансэнсусам, а без прадстаўнікоў афіцыйнага Ерэвана на саміце не было кворуму.


Глядзіце таксама

«Мы абмяркоўвалі сітуацыю на Каўказе і некаторыя незадаволенасці аднаго з членаў АДКБ. Мы прыйшлі да адзінай высновы, што праблемныя пытанні заўсёды былі, будуць. Калі мы іх маем намер вырашаць, то трэба іх вырашаць за сталом перамоў, а не рабіць дэмаршаў без прычын», — пакрыўджана заявіў Лукашэнка падчас саміту ў Мінску.

Беларускі дыктатар адзначыў, што лідары краін АДКБ «выказалі пэўнае меркаванне, пажаданне, што, хутчэй за ўсё, у Піцеры на эканамічным мерапрыемстве мы ўбачым нашых армянскіх сяброў».

У Санкт-Пецярбургу напрыканцы снежня Пуцін звычайна збірае кіраўнікоў краін СНД на нефармальны перадсвяточны саміт. Ваенна-палітычнага складніка там няма, таму прыезду Пашыняна выключаць нельга.

Арменія расчаравалася ў АДКБ пасля таго, як арганізацыя анічым не дапамагла свайму члену ў канфлікце з Азербайджанам вакол Нагорнага Карабаха. Пасля гэтага ў Ерэване не выключылі наогул выхаду з АДКБ. Апошнім часам Ерэван вядзе палітыку збліжэння з Захадам.