Казахстан рыхтуецца да поўнага закрыцця мяжы Беларусі і ЕС

Міністэрства транспарту Казахстана правяло перамовы з Туркменістанам і Іранам аб альтэрнатыўным транзіце грузаў, уключаючы забароненыя для ўвозу ў Беларусь і Расію тавары, паміж краінай і Еўропай на выпадак поўнага закрыцця меж Беларусі і Расіі з ЕС.

_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__2___4__logo.jpg.webp

«Намі праведзены перамовы з Туркменістанам і Іранам для забеспячэння свабоднага транзіту пры выкарыстанні айчыннымі перавозчыкамі паўднёвага маршруту дастаўкі грузаў у Еўропу. Павышаецца фрахт перавозак, павялічваюцца тэрміны дастаўкі, але гэты маршрут з'яўляецца альтэрнатывай пры перавозцы санкцыйных грузаў і пры закрыцці ўсіх пунктаў пропуску краін ЕС, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю», — паведаміў у аўторак намеснік міністра транспарту Казахстана Сатжан Аблаліеў.

Ён нагадаў, што паміж Беларуссю і ЕС закрыты 8 пунктаў пропуску з 13-ці, і ўсе 8 пунктаў пропуску паміж Расіяй і Фінляндыяй, перадае АФН.

«Паводле інфармацыі беларускага боку, еўрапейскія пункты пропуску працуюць не больш чым на 40% ад нарматыўнай магутнасці. Праз такую сітуацыю павялічваецца час прастою казахстанскіх аўтатранспартных сродкаў на мяжы Беларусі з Літвой і Латвіяй», — адзначыў Аблаліеў.

Нагадаем, што Польшча і краіны Балтыі закрылі частку сваіх памежных пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю ў адказ на «мігранцкі крызіс», зладжаны з беларускай тэрыторыі, і парушэнне правоў польскай меншасці ў Беларусі.

Польшча, Літва і Латвія могуць супольна закрыць мяжу з Беларуссю ў выпадку «крытычнага інцыдэнту». Пад «крытычнымі інцыдэнтамі» суседзі Беларусі маюць на ўвазе дзве рэчы:

  • узброеная правакацыя на мяжы;
  • арганізаваны масавы выезд мігрантаў.

Калі любая з гэтых умоў узнікне на мяжы з любой з краін, будзе дадзеная ацэнка, ці з'яўляецца гэта пагрозай нацыянальнай бяспецы. Калі так — урады трох краін прымаюць рашэнне аб закрыцці ўсіх пунктаў пропуску.

Глядзіце таксама