Статкевіч прапануе вылучыць адзіным кандыдатам ад апазіцыі палітвязня

Гэты варыянт нанясе найбольшы ўдар па рэжыме, піша Статкевіч у лісце, перададзеным на волю з магілёўскай турмы.



statkevich_nikolay.jpg

«Мэтай прэзідэнцкай кампаніі можа быць толькі перамога. Але магчымая і мінімальная мэта — забяспечыць перамогу ў бліжэйшай будучыні», — піша экс-кандыдат у прэзідэнты, які быў асуджаны разам з іншымі супернікамі Аляксандра Лукашэнкі і апошнім з іх застаецца ў зняволенні.
«Дасягнуць гэтых мэтаў у нашых умовах вельмі складана, бо рэальных выбараў у Беларусі даўно няма, — прызнае ён. — Замест іх праводзіцца рытуал, які імітуе выбары».


Статкевіч мяркуе: «У такіх умовах дасягнуць перамогі дэмакратыі магчыма толькі праз ціск на ўладу шляхам масавых акцый. Мінімальная мэта, у такім выпадку, дасягаецца нанясеннем рэжыму непрымальнай палітычнай, міжнароднай і маральнай шкоды. Усе выбарчыя кампаніі ўсіх відаў павінны быць прысвечаны падрыхтоўцы, а прэзідэнцкая — вываду на вуліцы як мага большай колькасці людзей».


Былы кандыдат таксама робіць высновы з папярэдніх кампаній. «Кіраванне гэтымі людзьмі можа ажыццяўляць толькі «адзіны» кандыдат у прэзідэнты, бо ўсе астатнія апазіцыйныя лідэры могуць быць прэвентыўна арыштаваныя, — піша ён. — Арыштаваць жа «адзінага» да выбараў — значыць, сарваць увесь спектакль».
Адзіны кандыдат патрэбны і на выпадак, калі падзеі будуць ісці да пераменаў. «Без «адзінага» не можа быць пераходу сілавікоў і чыноўнікаў, якім патрэбна «персаналізаваная» альтэрнатыва для вядзення перамоваў, а без гэтага перамога магчымая толькі ў выпадку поўнай дэмаралізацыі сілавых структур», — адзначае Статкевіч.


Статкевіч называе праблемай беларускай апазіцыі тое, што яна сфармавана на базе палітычных партый, якія заточаны пад удзел у выбарах. А калі замест выбараў муляж, партыі працуюць ухаластую. Іх лідары, будучы палітыкамі добрага ўзроўню, не маюць якасцяў, неабходных для здабыцця перамогі ва ўмовах, калі выбараў няма, а ад палітыкаў патрабуецца самаахвярнасць.


Асаблівасцю кампаніі 2015 года Статкевіч называе тое, што яна пройдзе ва ўмовах рэальнай пагрозы анэксіі з боку Расіі. «У такой сітуацыі апазіцыі, магчыма, прыйдзецца адмовіцца ад барацьбы за перамогу падчас выбараў», — дапускае Статкевіч. «Але, — піша ён, — ёсць небяспека, што апазіцыйны кандыдат выкарыстае гэта як падставу, каб не рызыкаваць і не змагацца нават за дасягненне задачы-мінімуму — нанясення непрымальнай шкоды кіроўнаму рэжыму».


«Многія перабольшваюць рашучасць Лукашэнка абараняць незалежнасць Беларусі, — мяркуе Статкевіч. — Калі сітуацыя будзе змушаць прадаць гэтую «маёмасць», ён пагодзіцца. Таму апазіцыя абавязаная працягваць барацьбу супраць рэжыму, хоць і з улікам новых геапалітычных рэалій».


«У сувязі з тым, што рукі ў апазіцыі ў 2015 годзе могуць быць звязаныя расійскай пагрозай, каб не дапусціць паспяховай рэалізацыі сцэнара ўлады, распрацаванага ў 2010 годзе [імітацыя выбараў з мэтай дабіцца прызнання Захадам], прапаную вылучыць кандыдатам у прэзідэнты апазіцыйнага лідара, які мае «палітычную судзімасць» ці нават які знаходзіцца па палітычных матывах у турме. У выпадку прагназаванай адмовы ўлады зарэгістраваць такога кандыдата апазіцыя магла б разгарнуць акцыі пратэсту падчас агітацыйнай кампаніі (не чакаючы дня галасавання), а потым абвесціць пра байкот выбараў і аб непрызнанні самога факта выбараў. Гэта дазволіць апазіцыі захаваць свой аўтарытэт», — прапануе Статкевіч.

Паводле statkevich.org