Што думаюць палітыкі пра ідэю вылучэння адзіным кандыдатам ад апазіцыі палітвязня
Былы кандыдат на прэзідэнта, палітвязень Мікалай Статкевіч прапанаваў абраць адзіным кандыдатам на прэзідэнта ад дэмакратычных сіл былога ці цяперашняга палітвязня. Што думаюць пра ініцыятыву арыштанта магілёўскай турмы палітыкі ў Беларусі?
Ініцыятыву, якая з'явілася на сайце statkevich.org, як сцьвярджаецца, былы кандыдат на прэзідэнта падрыхтаваў у канцы чэрвеня. Жонка палітыка Марына Адамовіч кажа, што абдумваў ён гэту ідэю ўжо больш як год. Тое, што сам жа Мікалай Статкевіч і можа стаць гэтым адзіным кандыдатам, у ёй не галоўнае, кажа Марына Адамовіч.
«Міколава ініцыятыва тычыцца ўсё ж не яго канкрэтна, а найперш яна скіраваная на пошук найбольш эфектыўных крокаў, каб паламаць сцэнар улады. І ў гэтым сэнсе Мікалай гатовы падтрымаць любога
з тых, хто, на думку ўлады, удзельнічаць у выбарах не зможа. Але, паколькі ў краіне не вельмі шмат, скажам гэтак, людзей, гатовых ахвяраваць сабой, ён таксама разглядае і варыянт, што сам стане такім
кандыдатам».
«Праблема беларускай апазіцыі ў тым, што яна сфармаваная на базе палітычных партыяў, якія ў першай палове 90-х гадоў ствараліся дзеля ўдзелу ў выбарах. Апынуўшыся ў сітуацыі, калі выбарчая
сістэма ператварылася ў муляж, гэтыя партыі працягваюць рабіць тое адзінае, што ўмеюць — праводзіць выбарчыя кампаніі. Абараніць сваю перамогу ад брутальных фальсіфікацыяў яны не ў стане. Як
правіла, іхнія лідэры, будучы палітыкамі нядрэннага ўзроўню, не валодаюць неабходнымі якасцямі для дасягнення перамогі ва ўмовах адсутнасці выбараў. У тым ліку надзвычай неабходнай з такіх якасцяў
— здольнасцю да самаахвяравання», — сказана ў заяве Мікалая Статкевіча.
Як кіраўнікі беларускіх партыяў паставіліся да ініцыятывы Статкевіча?
Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, ідэя вылучэння адзіным кандыдатам на прэзідэнта ад апазыцыі аднаго з палітвязняў — не новая, яна ўжо абмяркоўваецца на закрытых пасяджэннях партыйных структураў, і асабіста Анатоль Лябедзька да гэтага ставіцца станоўча.
«Паўтараю, што гэта не ёсьць нечым зусім новым, гэта абмяркоўвалася і абмяркоўваецца. Але наколькі гэта будзе плюсам ці мінусам, не ведаю, не магу сказаць за ўсіх. Можа паспрыяць аб’яднанню, а можа і наадварот. Як ставяцца да гэтага партыйныя структуры, не магу пакуль сказаць, бо абяцаў не выказвацца пакуль. Але мне асабіста такі сцэнар сімпатычны. Недзе 7–8 месяцаў таму праз Фэйсбук я звяртаўся да калегаў, каб вылучыць адзіным кандыдатам на прэзідэнта праваабаронцу Алеся Бяляцкага, які тады адбываў пакаранне ў бабруйскай калоніі. Такі сцэнар гарманічна, мяркую, спалучаецца з тым, што робіць АГП з 2012 году — кампанія за сумленныя свабодныя выбары. І яшчэ вельмі важна, што трэба навязваць свой сцэнар выбараў уладам, а не ісці па калідорах, якія яна будуе. Таму падсумую: структуры ўжо месяц як абмяркоўваюць такі сцэнар, мне ён падаецца прымальным, але рашэння яшчэ няма. Паглядзім, якое яно будзе».
Старшыня БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што калі вылучэнне палітвязня кандыдатам на прэзідэнта аб’яднае апазіцыю, гэта будзе лепш, чым узаемныя спрэчкі і разрозненасць. Але, на думку Аляксея Янукевіча, у такім выпадку кандыдат ад апазіцыі сам пазбаўляе сябе магчымасці публічна весці перадвыбарчую барацьбу на прэзідэнцкіх выбарах 2015 году:
«Відавочна, што такі кандыдат не будзе зарэгістраваны, ён не зможа спрыяць таму, каб на ўлады быў аказаны ціск беларускім грамадствам. Ён не зможа прадстаўляць тую каштоўнасную альтэрнатыву „русскому миру“, якую апазіцыя, на маю думку, павінна прадставіць беларускаму грамадству падчас гэтых выбараў. Вылучэнне кандыдатам на прэзідэнта таго, каго апрыёры не зарэгіструюць, вядома, можа дапамагчы апазіцыі захаваць твар. Але, на маю думку, гэта занадта слабая і нізкая мэта. Яна азначае, што мы загадзя пагаджаемся з тым, што не можам уплываць на грамадства. Таму падчас перамоваў я ўсё ж буду прапаноўваць, каб мы шукалі выхаду на таго кандыдата, які зможа прайсці праз усю выбарчую кампанію».
Намеснік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч скептычна паставіўся да таго, што ініцыятыву Мікалая Статкевіча падтрымаюць ягоныя калегі ў дэмакратычным лагеры.
«Гэтак вылучаць свайго кандыдата прадстаўнікі дэмакратычных партый, ці інакш, — хай бы каго вылучылі. Але, на жаль, мяркуем, ні пра што яны не дамовяцца. І гэтая ініцыятыва
Статкевіча ні да чога не прывядзе. І другі момант — усё ж кандыдатам на прэзідэнта трэба вылучаць чалавека, які можа на роўных весці барацьбу за месца прэзідэнта. І яшчэ з чым мы не згодныя
— трэба абавязкова браць удзел у выбарах. Бо не існуе іншага шляху, каб наступілі нейкія пазітыўныя зрухі ў краіне».