Святлана Ціханоўская: «Беларусы — еўрапейцы і павінны вярнуцца назад у Еўропу»

Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла на пленарнай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы з прамовай «Еўропа: ад трагедыі да надзеі».

10040000_0aff_0242_1d59_08da5370b0cf_w1023_r1_s.jpg


Ціханоўская нагадала аб прамове Уінстана Чэрчыля, з якой ён выступіў у Цюрыху пасля Другой сусветнай вайны. Чэрчыль тады казаў, што трагедыя можа ператварыцца ў абяцанне і што былыя агрэсары і іх ахвяры могуць пабудаваць новае годнае жыццё на еўрапейскім кантыненце.

Аднак, на думку Святланы Ціханоўскай, і праз 80 гадоў пасля той прамовы Чэрчыля трагедыя Еўропы яшчэ не закончылася, «агонь вайны зноў гарыць на нашым кантыненце. І зноў раздаюцца галасы, якія заклікаюць нас улагоджваць, а не супрацьдзейнічаць паводзінам, якія супярэчаць усяму, за што выступае гэтая арганізацыя(ПАРЕ)».

Гаворачы пра Беларусь, Ціханоўская заявіла:

«Спадарыні і спадары, мы павінны раз і назаўжды пакласці канец трагедыі Еўропы. У Беларусі гэта несправядлівае пазбаўленне волі, катаванні і смяротнае пакаранне. Дыктатура і цэнзура. Карупцыя і крадзеж нашых нацыянальных рэсурсаў. Продаж нашага суверэнітэту для захавання ўлады. Згон міжнароднага рэйсу для захопу актыўных грамадзян. Жорсткае абыходжанне з мігрантамі для стварэння хаосу на нашых межах. І выкарыстанне нашай краіны ў якасьці стартавай пляцоўкі для нападу і пагроз нашым суседзям. Гэта ня тое, чаго мы, беларусы, жадаем для сваёй краіны… ці для Еўропы. Наша перамога на выбарах 2020 году стала гучным і ясным пасланнем: мы еўрапейцы, мы жадаем вяртання нашай краіны назад — назад беларусам і назад у Еўропу».

Ціханоўская таксама сказала, што леташні яе выступ у Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу быў папярэджаннем, што трагедыя Беларусі стане новай трагедыяй Еўропы, калі на яе не будзе дадзены рашучы, прынцыповы і практычны адказ. Яна лічыць, што ў святле апошніх падзеяў мела рацыю і што яе леташняя прамова стала яшчэ больш актуальнаю:

«Ці будзе трагедыя Еўропы працягвацца, таму што добрыя ўрады адмаўляюцца ад сваіх каштоўнасцяў і не ў стане дзейнічаць своечасова? Украінцы не адмовіліся ад гэтых каштоўнасцяў. І яны паказалі смеласць дзейнічаць. Яны ведаюць, што замах на іх суверэнітэт ёсць замах на суверэнітэт усіх. Яны ведаюць, што ўкус мядзведзя толькі распаліць ягоны апетыт.

Украінцы працягваюць змагацца і лічаць, што трагедыя Еўропы працягваецца. Мы, беларусы, таксама не адмовіліся ад гэтых каштоўнасцяў. Нашы людзі працягваюць супраціўляцца нават пасля масавых рэпрэсій за апошнія два гады. Амаль 2000 чалавек былі затрыманыя за пратэсты супраць вайны ва Ўкраіне. Партызаны ўнутры Беларусі ўчынілі больш за 80 дыверсій супраць расійскіх вайскоўцаў. І да 1500 беларускіх добраахвотнікаў далучыліся да ўкраінскай арміі. Адзін з іх — Цімур Міцкевіч. Яму было 17 гадоў, калі яго пабілі міліцыянты да непрытомнага стану ў першыя дні нашых мірных пратэстаў у 2020 годзе. Ён тыдзень быў у коме. Ягоная маці памерла ад стрэсу. Нашы людзі дапамаглі Цімуру ўцячы ў Чэхію, дзе лекары паставілі яго на ногі. Гэтай вясной ён паехаў абараняць Украіну. Цімур разумее, што пагроза, з якой сёння сутыкаецца Украіна, большая, чым пагроза толькі адной краіне. Што барацьба ва Украіне — гэта барацьба „за нашу і за вашу свабоду“».

10040000_0aff_0242_8a04_08da5370b0c4_w650_r0_s.jpg


На думку дэмакратычнай лідаркі Беларусі, супрацоўніцтва з ПАРЕ павінна будавацца па двух асноўных кірунках — інстытуцыйным будаўніцтве і развіцці грамадства. Яна заклікала Раду Еўропы стварыць каардынацыйны камітэт па дачыненнях з Беларуссю, які павінен складаецца з прадстаўнікоў розных органаў Рады Еўропы і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Далей Святлана Ціханоўская зноў нагадала дэпутатам ПАРЭ, што беларусы культурна і гістарычна належаць да Еўропы, і заявіла, што гэты факт яе абнадзейвае.

На думку Ціхноўскай, гэтая група будзе сумесна вызначыць прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва, сплануе, падрыхтуе і запусціць праграмы і праекты дапамогі і кантролю за іх рэалізацыяй. Гэта зробіць Беларусь бліжэйшай да Рады Еўропы.

«Спадарства, гісторыя нашага кантыненту паказвае нам шлях. Нашы каштоўнасці — наша сіла. І сёння мы павінны выкарыстоўваць усе нашы сілы, каб абараняць гэтыя каштоўнасці — дзеля ўсёй Еўропы. У нашых сілах пакласці канец трагедыі Еўропы раз і назаўжды. А таксама перадаць Абяцанне Еўропы ўсім тым, хто імкнецца жыць разам у свабодзе, міры і працвітання. Давайце зробім гэта. Дзякуй вам! Жыве Беларусь, слава Украіне, жыве Еўропа!» — сказала на заканчэнне Святлана Ціханоўская.

Выступ Святланы Ціханоўскай завяршыўся доўгімі воплескамі дэпутатаў, якія віталі дэмакратычную лідарку Беларусі стоячы.

Пасля выступу Святланы Ціханоўскай на пленарным пасяджэнні выступалі дэлегаты ПАРЕ. Яны пыталіся, што Рада Еўропы можа зрабіць для Беларусі, якая цяпер не з’яўляецца чальцом Рады Еўропы. Таксама дэлегаты згадвалі мігранцкі крызіс, казалі, што ведаюць пра барацьбу беларускага народу за дэмакратыю. Гучалі воклічы: «Жыве Беларусь! Жыве Украіна! Жыве Польшча!» як сведчанне блізкасці гэтых краінаў.

У сваім заключым выступе пасля дэбатаў Ціханоўская, адказваючы на пытанні, заклікала сябраў ПАРЕ не называць Лукашэнку прэзідэнтам, бо ён прайграў выбары і не мае легітымнасці, утрымлівае ўладу сілай. З рэжымам без вызвалення палітвязняў немагчымыя ніякі дыялог і перамовы, трэба размаўляць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, падкрэсліла яна. Таксама Ціханоўская казала пра пакет рэформаў, падрыхтаваны дэмакратычнымі сіламі, каб «быць падрыхтаванымі, калі падзьме вецер магчымасцяў».

Перад прамовай на пленарнай сесіі ПАРЭ адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам ПАРЭ Тыні Коксам. Падчас сустрэчы з палітыкам Ціханоўская падзякавала за магчымасць выступіць на пленарным пасяджэнні Парламенцкай асамблеі і сказала, што яе выступ — гэта «ўнікальная магчымасць заявіць аб зацікаўленасці беларускага народу ў больш цесных адносінах з Радай Еўропы».

«Мы ўжо працуем з Камітэтам міністраў над вывучэннем варыянтаў фармалізацыі адносін паміж Радай Еўропы і народам Беларусі. Падтрымка ПАРЭ будзе мець вырашальнае значэнне ў гэтым працэсе ўсталявання інстытуцыйных адносінаў з Радай Еўропы. Для нас важна, што тэма Беларусі закранаецца ў дакументах ПАРЭ», — сказала Ціханоўская Коксу.