Тацяна Караткевіч: да бою гатовая!

Выбары прызначаныя на 11-е кастрычніка — у гэтым ніхто не сумняваўся. Таму ўсе былі да іх падрыхтаваныя, а некаторыя пачалі дзейнічаць ужо ў першыя гадзіны пасля іх прызначэння. Гэта зрабіла, напрыклад, Таццяна Караткевіч.



karatk_1_30062015_logo.jpg

Ужо ў 14 гадзінаў прэтэндэнтка на пасаду кіраўніка дзяржавы ад кааліцыі «Народны рэферэндум» была ля Мінскага гарвыканкаму, каб падаць заяўкі на перадвыбарчыя пікеты. Зразумела, агітацыйныя пікеты магчымыя, толькі калі кандыдат ужо зарэгістраваны. Але Караткевіч крэатыўна падышла да пачатку прэзідэнцкай кампаніі: пікеты плануюцца як «збор подпісаў па стварэнні ініцыятыўнай групы».

karatk_idet_logo.jpg

Таццяна Караткевіч прыйшла ў Мінгарвыканкам "сваімі нагамі"

Разам з ёю да Мінгарвыканкаму прыкаціў кіраўнік яе выбарчага штабу Андрэй Дзмітрыеў. «Прыкаціў» у літаральным сэнсе — на ровары. Але побач з гэтай установай няма роварнай паркоўкі, таму Дзмітрыеў і павёў журналістаў у офіс кампаніі «Гавары праўду».

dm_bike_logo.jpg

Андрэй Дзмітрыеў прыехаў на ровары і не знайшоў, дзе запаркавацца

Адразу заўважым, што зарэгістраваць сваю заяўку на пікеты Караткевіч не здолела. Потым на прэс-канферэнцыі яна патлумачыла, што адказнага за гэта чыноўніка не было на месцы: магчыма, ён пайшоў абедаць. Таму Тацяна звыкла кінула сваю заяўку ў прызначаную для гэтага скрыню. Скрыня, па яе словах, зарасла павуціннем. «Гэта і ёсць аблічча нашай дзяржавы: платная аўтапаркоўка каля Мінгарвыканкаму, адсутнасць роварнай паркоўкі і зарослая павуціннем скрыня ў Мінгарвыканкаме», — сказала Караткевіч.

 

На прэс-канферэнцыі з нагоды пачатку выбарчай кампаніі журналістам прадэманстравалі ўсю гатоўнасць прэтэндэнткі змагацца да канца. Ужо створаны сайт Таццяны — korotkevich.by (праўда, пакуль што гэтая адрэса перакідвае наведвальніка на старонку запісу ў ініцыятыўную групу Таццяны), створаны першы іміджавы відэаролік, надрукаваныя інфармацыйныя матэрыялы і бланкі заявак на ўступленне ў ініцыятыўную групу. Уступіць у яе групу, дарэчы, магчыма і на сайце. Калі там запоўніць анлайн-заяўку, то бліжэйшым жа часам з заяўнікам звяжуцца каардынатары кампаніі Караткевіч, каб усё аформіць і «ў рэале».

agitki_tk_logo.jpg

Біяграфія Таццяны Караткевіч ужо надрукаваная

Прынамсі, гэта абяцае Андрэй Дзмітрыеў.

Падчас прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Партыі БНФ і былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў пажадаў Таццяне добрага шляху па гэтай няпростай справе. «Партыя БНФ заўсёды выступала за адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Калі гэтага зрабіць не атрымалася, мы выступалі за тое, каб быў адзіны хаця б ад кааліцыі «Народны рэферэндум», — нагадаў ён. Акрамя таго, Кастусёў папракнуў іншых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта з мужчынскага асяроддзя: маўляў, ён размаўляў з усімі прэтэндэнтамі, каб яны адкінулі свае амбіцыі і падтрымалі Караткевіч. «Але джэнтльменаў, на жаль, не знайшлося», — прыкра казаў Кастусёў, і прапанаваў мужыкам падумаць пра ягоную прапанову яшчэ раз.

kastusou_30062015_logo.jpg

Рыгор Кастусёў прапануе кандыдатам-мужчынам адумацца і паступіць "па-джэнтльменску"

 

Першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі, сябрам якой з’яўляецца Таццяна, патлумачыў афіцыйнае нежаданне гэтай партыі падтрымліваць яе на выбарах. Паводле яго, 16 з 28 сябраў ЦК БСДП (Грамада) падтрымлівалі Таццяну. Тым, хто яе не падтрымаў, засталося толькі сысці з пасяджэння, чым быў сарваны кворум. Каб галасаванне адбылося, падтрымка партыі Караткевіч была б забяспечаная. «Але і без гэтага большасць сябраў партыі будуць працаваць з Караткевіч і ўвойдуць у яе ініцыятыўную групу», — упэўнена заявіў Маслоўскі. Па ягоных словах, Тацяна карыстаецца падтрымкай у самых найбуйнейшых рэгіянальных арганізацыях БСДП — Брэсцкай і Віцебскай, чальцы якіх складаюць ледзьве не палову ўсёй партыі.

maslouski_logo.jpg

Ігар Маслоўскі абяцае Таццяне падтрымку сацыял-дэмакратаў

Кіраўнік штаба Караткевіч, Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што яны поўнасцю гатовыя да выбараў. Апроч сайту і агітацыі створаны яе цэнтральны штаб Таццяны, сем абласных штабоў і 10 штабоў рэгіянальных. Можна збіраць подпісы за яе вылучэнне хоць зараз.

 

І з подпісамі, упэўнены Дзмітрыеў, усё будзе нармалёва. Як і прагназаваў «Новы час», усё проста, як блін. Каля 40 тысячаў подпісаў у падтрымку Караткевіч яе каманда плануе сабраць на пікетах. Прычым, пікеты — гэта не столькі збор подпісаў, колькі павелічэнне пазнавальнасці Таццяны і магчымасць размоваў з людзьмі. Асноўная частка подпісаў, як і планавалася, будзе збірацца сярод тых, хто раней падпісваўся за «Народны рэферэндум». А гэта — база ў 120 тысячаў подпісаў.

 

«Мы ідзем не проста так, мы ідзем да прыхільнікаў», — адзначыў Дзмітрыеў.

 

Ён, дарэчы, раней сумняваўся, што такі сцэнар можа падзейнічаць. Бо адна справа — паставіць подпісы за рэформы адукацыі і медыцыны, а зусім іншая — падтрымаць палітычнага вылучэнца ў прэзідэнты. Таму «ГП» вырашыла правесці эксперымент, і ўжо звярнулася да тых, хто раней ставіў подпісы за рэферэндум у Магілёве, Мінску і Оршы. «70% з тых, да каго мы звярнуліся, гатовыя падтрымаць Караткевіч, астатнія 30% наракалі толькі на тое, што пра яе мала інфармацыі», — зазначыў Дзмітрыеў. Аднак падчас збору подпісаў гэтая хіба будзе выпраўленая.

 

Так што каманда прэтэндэнткі ўпэўненая — яны збяруць больш за неабходныя сто тысячаў подпісаў для яе рэгістрацыі. І ніякае лета, ніякі жнівень, на час якога прыпадае збор подпісаў, ім не перашкодзіць у гэтай справе.

 

Сама ж Караткевіч, паездзіўшы па рэгіёнах і паглядзеўшы, як на яе рэагуюць людзі, рашуча настроеная на перамогу. Яна ўжо не згодная пакінуць прэзідэнцкую кампанію. Таму, напрыклад, не збіраецца прымаць прапанову свайго былога шэфа Уладзіміра Някляева, каб усе прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду паздымалі свае кандыдатуры ў падтрымку Міколы Статкевіча, які зараз за кратамі.

 

Зазвычай, калі кажуць пра вылучэнне Статкевіча, усе кажуць пра «маральнасць». Нібыта выбараў усё роўна няма, таму маральна — падтрымаць палітвязня. У Таццяны свая маральнасць — гэта адказнасць перад тымі 120-цю тысячамі грамадзянаў, якія паставілі подпіс пад ініцыятывай «Народны рэферэндум». Калі яна зараз здымецца, яна «кіне» гэтых людзей, якія разлічваюць на тое, каб іх голас быў пачуты. Гэта па-першае. А па-другое, Таццяна больш за 15 год у сацыял-дэмакратах, і добра ведае Статкевіча асабіста. «Ён той чалавек, які заўсёды ўдзельнічаў у выбарах, каб сказаць праўду і выказаць сваю пазіцыю. Я лічу, што мой удзел у выбарах і магчымасць у межах кампаніі ўздымаць і пытанне вызвалення палітвязняў — гэта будзе адной з ліній кампаніі», — зазначыла Караткевіч.

 

І нават калі ўлада выканае патрабаванні аб правядзенні рэферэндуму, і прызначыць яго разам з прэзідэнцкімі выбарамі. На пытанне, ці не здымецца яна з выбараў у гэтым выпадку, бо мэта кампаніі, атрымліваецца, выкананая, яна рашуча заявіла: «Не. Не здымуся. Проста зменіцца накірунак дзейнасці, каб кантраляваць, што менавіта тыя пытанні, якія ставілі мы, былі пастаўленыя на рэферэндум. Нашая мэта — мірныя перамены», — заявіла Караткевіч.

 

aposhniaja_logo.jpg

Удзельнікі прэс-канферэнцыі сталі першымі сябрамі ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч