Улады стварылі новыя працоўныя месцы: зборшчыкам подпісаў цяпер можна плаціць

З 2 ліпеня патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты змогуць падаваць дакументы для рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў.



lozovik.jpg

Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, перадае радыё «Свабода».

Пасля набыцця моцы пастановы Палаты прадстаўнікоў (гэта значыць з моманту публікацыі) аб прызначэнні прэзідэнцкіх выбараў, асобы, якія маюць намер вылучацца кандыдатамі ў прэзідэнты, маюць права прадстаўляць неабходныя дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўных груп.

Рэгістрацыя ініцыятыўных груп пачынаецца на працягу пяці дзён пасля падачы дакументаў.

«Калякіна (лідэра партыі «Справядлівы свет», аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы — «НЧ».) спыталі, калі ён панясе свае спісы ініцыятыўнай групы. Ён сказаў, што асабліва спяшацца не будзе, бо незалежна ад таго, калі была зарэгістравана ініцыятыўная група, збор подпісаў можна будзе пачынаць за 80 дзён да дня выбараў. Гэта значыць, з 23 ліпеня. Таму, калі ініцыятыўная група будзе зарэгістраваная раней, яе дзеянні да 23 ліпеня будуць незаконнымі», — паведаміў Лазавік.

Лазавік таксама распавёў пра «істотныя змены», якія тычацца працы, а дакладней, аплаты працы ініцыятыўных груп.

«Мы выдатна ведаем, што раней некаторыя патэнцыйныя кандыдаты плацілі грошы зборшчыкам подпісаў. Прычым гэта рабілася незаконным шляхам, гэта была незаконная працэдура. Сёння закон прадугледжвае, што асоба, якая мае намер вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты, можа сфармаваць свой асабісты выбарчы фонд не пасля рэгістрацыі яго кандыдатам, а пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Гэта значыць на месяц раней. І з гэтага фонду ён мае афіцыйнае права аплачваць працу сваёй ініцыятыўнай групы, гэтак жа як і іншыя арганізацыйныя мерапрыемствы», — патлумачыў Лазавік.

Патэнцыйны кандыдат Таццяна Караткевіч падала заяўку ў Мінгарвыканкам на правядзенне 15 ліпеня трох пікетаў для таго, каб запрасіць грамадзян ўвайсці ў склад ініцыятыўнай групы.

Мікалай Лазавік лічыць гэта дачасным, бо невядома, ад каго падаюцца заяўкі: «Пікеты па зборы подпісаў праводзяцца ва ўсіх не забароненых для гэтага месцах, і ніякія заяўкі не патрэбныя. Гэта значыць, выканкам павінен прыняць рашэнне, дзе гэтыя пікеты забароненыя. І ва ўсіх не забароненых месцах без усялякіх заявак пікеты можна будзе праводзіць».

Нагадаем, 30 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прызначыла выбары прэзідэнта Беларусі на 11 кастрычніка 2015 года.