Праваабарончае назіранне — ужо ў працэсе

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» афіцыйна распачала сваю працу. 1 ліпеня ўжо пачалося доўгатэрміновае назіранне за выбарамі — на пасяджэнні ЦВК прысутнічае прадстаўнік кампаніі назірання.



gulak1072015_logo.jpg

Алег Гулак. Архіўнае фота

Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў сераду паведамілі старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта (БХК) Алег Гулак і намеснік кіраўніка зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Па словах Алега Гулака, мэтаю кампаніі з’яўляецца назіранне за выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу і забеспячэння правоў чалавека падчас яго правядзення з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці пра ход выбарчай кампаніі ды пра высновы праведзенага маніторынгу.

Кіраўнік БХК распавёў, што 1 ліпеня пачалося доўгатэрміновае назіранне. «Сёння адбываецца пасяджэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі, і на ім ужо прысутнічае наш прадстаўнік», — паведаміў Гулак. Увогуле доўгатэрміновае назіранне за ўсімі этапамі выбарчага працэса і грамадска-палітычнай сітуацыяй будуць ажыццяўляць 50 (а мо і болей) доўгатэрміновых назіральнікаў, якія размеркаваны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Яны будуць акрэдытаваныя ў тэрытарыяльных камісіях — раённых, гарадскіх, абласных і Мінскай гарадской.

Што да кароткатэрміновага назірання, то за правядзеннем галасавання на выбарчых участках з пачатку датэрміновага галасавання і да падліку галасоў будуць назіраць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў на 200 участках для галасавання па ўсёй тэрыторыі краіны.

Асабліва Алег Гулак падкрэсліў, што кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з’яўляецца незалежнай і не мае палітычнай заангажаванасці. «Мы не ставім за мэту падтрымку палітычных партыяў, а таксама якіх-небудзь палітычных дзеячоў, у тым ліку і тых, хто заявіў пра свой намер удзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата ў прэзідэнты Беларусі. Увесь выбарчы працэс будзе ацэньвацца намі максімальна неперадузята, сыходзячы выключна з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ нашай краіны можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай і выбар кіраўніка дзяржавы», — адзначыў праваабаронца.

У сваю чаргу, Валянцін Стэфановіч акрэсліў фон, на якім будзе адбывацца гэтая самая важная электаральная кампанія пяцігоддзя. Юрыст назваў яго неспрыяльным для правядзення свабодных і дэмкратычных выбараў. Напрыканцы мінулага году і на пачатку года бягучага, канстатаваў прамоўца, на жаль, у Беларусі не адбылося ніякіх пазітыўных сістэмных зменаў у галіне правоў чалавека.

stefanovich01072015_logo.jpg

Валянцін Стэфановіч: палітычны фон неспрыяльны для правядзення дэмакратычных выбараў

«Я маю на ўвазе, найперш, на ўзроўні заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. У месцах пазбаўлення волі застаюцца шэсць палітвязняў. Апошняе вызваленне, якое было не звязана з заканчэннем тэрміна зняволення, а было палітычным рашэннем уладаў, было вызваленне кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, пасля чаго гэты працэс свайго развіцця не атрымаў, — адзначыў Стэфановіч. — А ўвогуле, калі казаць пра грамадскія і палітычныя правы, то яны маюць даволі абмежаваны характар. Гэта тычыцца рэалізацыі такіх свабодаў, як права на мірныя сходы, асацыяцыі, выказванне свайго меркавання. Нашу асаблівую занепакоенасць выклікае тое, што зараз адбываецца з журналістамі. Я маю на ўвазе ціск найперш на тых журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, а таксама працяглую кампанію кантролю над сродкамі масавай інфармацыі ў прынцыпе. Гэта і змены ў закон аб СМІ, і выпадкі блакавання сайтаў».

Стэфановіч нагадаў, што папярэднія выбарчыя кампаніі заўсёды вызначаліся павелічэннем колькасці рэпрэсіяў у краіне. «Мы не проста кампанія па назіранні, мы — «Праваабаронцы за свабодныя выбары», гэта азначае, што наш праваабарончы складнік нікуды не дзяецца, і мы ацэньваем як працэдуры, так і тое, што адбываецца падчас выбарчай кампаніі. І калі мы будзем сутыкацца з такімі з’явамі, як прэвентыўныя затрыманні актывістаў напярэдадні выбараў, блакаванне сайтаў, ціск на ўдзельнікаў выбарчага працэса, на грамадзянаў, парушэнні правоў (у тым ліку і выбарчых) людзей падчас выбараў, мы, канешне, пра ўсё гэта будзем гаварыць і пісаць. Гэта, напрыклад, прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, што мы назіралі на папярэдніх выбарах, і гэтак далей».

Па словах праваабаронцы, хацелася б верыць, што ўстаноўкі ўладаў на тое, каб выбары прайшлі спакойна, не будуць суправаджацца парушэннямі правоў чалавека і нейкімі прэвентыўнымі захадамі ў выглядзе арыштаў і ціску спецслужбаў.