ТаК! Караткевіч назбірала подпісы
Таццяна Караткевіч з упэўненасцю заявіла, што ў яе будуць неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты сто тысячаў подпісаў выбаршчыкаў. Яны, па планах, назбіраліся 14 жніўня.
З гэтай нагоды Таццяна сабрала журналістаў на адным са сваіх пікетаў у Мінску ля ўніверсаму «Цэнтральны».
Шчыра кажучы, недзе за паўгадзіны да таго ля пікета Караткевіч была пустэча. Людзі не асабліва рэагавалі на кволыя заклікі паставіць свой подпіс за жанчыну-кандыдата. Але ўсё змянілася, калі на пікет прыбыло папаўненне з яе штабу.
Сябры ініцыятыўнай групы арганізавалі вакол «вярбовачнага пункту» «дзвіжуху»: панаставілі дадатковых стэндаў з інфармацыяй пра Караткевіч, пра статыстыку збору подпісаў і пра яе актыўнасць у сацыяльных сетках. Да таго ж яны прынеслі балёнікі з сімволікай кампаніі «Гавары праўду». Намеснік старшыні штаба Таццяны Караткевіч, Сяргей Вазняк, літаральна ўгаворваў тых журналістаў, (і не толькі журналістаў), якія прыйшлі на прэсавую канферэнцыю, паставіць подпіс у падтрымку кандыдаткі. А раптам менавіта ён стане стотысячным?
І, як ні дзіўна, некаторых угаварыў.
Гэтая «дзьвіжуха», несумненна, прыцягнула ўвагу да пікета. Калі раней цікавасць да пікету была невысокая, то за некалькі хвілінаў да пачатку прэс-канферэнцыі за Караткевіч падпісалася чалавек пяць. Гэта азначае, па-першае, што «рэзерв» для падпісання ў яе (як, канешне, і ў іншых кандыдатаў) яшчэ ёсць. І па-другое, што, калі ты збіраешся дасягнуць пэўнага выніку, трэба быць крэатыўней. На пікеце трэба не проста стаяць і заклікаць паставіць подпіс у падтрымку прэтэндэнта — трэба рабіць хоць нейкае шоў. Тады людзі зацікавяцца.
Сама Караткевіч, у пэўным сэнсе, таксама зрабіла шоў. Яна разам з кіраўніком яе перадвыбарчага штабу Андрэем Дзмітрыевым прыкаціла на месца сваёй прэс-канферэнцыі на ровары. І, запаркаваўшыся ля «Цэнтральнага», перш за ўсё павіталася і падзякавала тым людзям, якія ад самага ранку стаялі тут у пікеце. А толькі потым пайшла да журналістаў. Што паказвае яе стаўленне да сваёй каманды, і што не можа не выклікаць павагі.
Журналісты ад яе не пачулі амаль нічога новага, — усе ведалі, чаму будзе прысвечанае з’яўленне Караткевіч перад СМІ. Праўда, крыху цікавым сталася тое, што дакладна пра сто тысячаў подпісаў прэтэндэнтка не ведае. «Па падліках маёй каманды, сёння будзе пастаўлены стотысячны подпіс у маю падтрымку. Я не ведаю канкрэтна, хто яго паставіць і дзе гэта адбудзецца. Можа быць, у Мінску, альбо ў буйных гарадах — Гомелі, Гродна, Віцебску. Можа быць, недзе ў маленькім горадзе, напрыклад, Заслаўі, ці Рэчыцы, дзе мы былі ўчора. Але мы дакладна ведаем, можа быць, у гэтыя хвіліны нехта ставіць стотысячны подпіс», — сказала Таццяна.
У сувязі з гэтым яна падзякавала не толькі сябраў ініцыятыўнай групы, але і кампанію «Гавары праўду», і Партыю БНФ, якія актыўна працавалі з ёй з самога пачатку. І сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху «За Свабоду», якія самастойна вырашылі падтрымліваць Караткевіч. І нават сваіх канкурэнтаў — Анатоля Лябедзьку і Сяргея Калякіна і сябраў іх ініцыятыўных груп. Бо, па меркаванні Караткевіч, усе яны робяць адну справу: паказваюць шлях да лепшай будучыні Беларусі.
Праўда, збор ста тысячаў подпісаў — гэта яшчэ не ўсё. Гэтыя аўтографы павінны прайсці шчыльную праверку ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях. Па словах кіраўніка штаба Караткевіч, Андрэя Дзмітрыева, першая частка подпісаў за Караткевіч у гэтыя камісіі ўжо перададзеная ў якасці «пілотнай заяўкі». А масавую падачу падпісных лістоў ініцыятыўная група Караткевіч пачне напачатку наступнага тыдня. Бо ўсе аўтографы праходзяць яшчэ і ўнутраную праверку ў штабе.
Нягледзячы на заяўку ў сто тысяч, Таццяна шукае, хто яшчэ за яе падпішацца
Караткевіч — пакуль што адзіная з дэмакратычнай апазіцыі, якая заявіла пра збор 100 тысячаў подпісаў. Лідэр партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін мае за тыдзень да фінішу 62.000 подпісаў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька — 50.000. Сабраць 40.000 подпісаў за тыдзень — задача ў сённяшні час маларэальная. Таму Караткевіч апынаецца дэ-факта адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад дэмакратычнай апазіцыі.
Галоўнае зараз — каб подпісы не апынуліся фікцыяй, каб іх было 100.000 і пасля праверкі ў ТВК. Тады, за рэгістрацыяй, Караткевіч паабяцала паразмаўляць і пакансультавацца з калегамі наконт супрацы ў агітацыйным этапе кампаніі. Аднак яна катэгарычна адмовіла ў тым, што можа зняць сваю кандыдатуру на нейкім этапе кампаніі. «Я хачу, каб тыя людзі, якія падтрымалі мяне, тыя арганізацыі, што мяне падтрымалі, тыя, хто паставіў свой подпіс за мяне, ведалі — мы будзем удзельнічаць ва ўсіх этапах выбараў. Кожны трэці выбаршчык пытаецца ў мяне, ці дакладна я набяру сто тысячаў подпісаў, ці дакладна я не здыму сваю кандыдатуру? Нам трэба быць паслядоўнымі. Мы будзем удзельнічаць у кампаніі», — давяла спадарыня Таццяна.
Варта адзначыць, што пытанне аб магчымай яе нерэгістрацыі кандыдаткай у прэзідэнты неяк нават крыху збянтэжыла Караткевіч. Бачна, што яна ўпэўненая ў сваіх сілах, і варыянт яе нерэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты на сённяшнім этапе нават не абмяркоўваеца. Прынамсі, у яе ў думках такой перасцярогі ўжо няма. «У нас ёсць стратэгія, што мы будзем рабіць, калі мяне не зарэгіструюць. Будзем рыхтавацца да парламенцкіх выбараў і аб’ядноўваць людзей вакол павесткі «Народнага рэферэндуму», — сказала Караткевіч.
Фота з Караткевіч становіцца папулярным
Коратка адказаўшы на пытанні журналістаў, Тацяна пайшла «ў народ». Людзі не толькі задавалі ёй пытанні. Некаторыя не ўпусцілі свій шанец і сфатаграфавацца з ёю. Хто ведае, можа сапраўды нешта лясне? А Таццяна пакуль што — адзіны рэальны прэтэндэнт на замену Лукашэнку. Прынамсі, ад дэмакратаў.
Рэдкае фота: камуніст Сяргей Вазняк дапамагае ўсталёўваць бел-чырвона-белы сцяг на пікеце Караткевіч