Талерантныя прагматыкі

Беларускае грамадства ў сваім геапалітычным выбары кіруецца прагматычнымі разлікамі — такія высновы сумеснай сацыялагічнай працы «Беларусь і свет: геапалітычны выбар і бяспека скрозь прызму эканомікі і культуры», праведзенай Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў і лабараторыяй аксіяметрычных даследаванняў «НовАК».

Беларускае грамадства ў сваім геапалітычным выбары кіруецца прагматычнымі разлікамі — такія высновы сумеснай сацыялагічнай працы «Беларусь і свет: геапалітычны выбар і бяспека скрозь прызму эканомікі і культуры», праведзенай Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў і лабараторыяй аксіяметрычных даследаванняў «НовАК».
Сацыёлагі гавораць, што цяпер беларусы аб’ектыўна ацэньваюць магчымыя рызыкі, калі б краіна ўвайшла ў зону ЕС. Каштоўнасная матывацыя геапалітычнага выбару адсутнічае амаль цалкам. Мы сталі прагматыкамі. Палітычны хаўруснік Беларусі — не той, хто будзе спрыяць умацаванню культуры ці вяртанню ў часы СССР, а той, хто палепшыць эканамічнае становішча ў краіне (55,1 працэнта апытаных), а таксама паспрыяе ўмацаванню бяспекі, міру і стабільнасці (17,8 працэнта рэспандэнтаў).
Да шырока разрэкламаванай у тым ліку і ўладамі праграмы «Усходняе партнёрства» ў апытаных такое ж меркантыльнае стаўленне: 59,4% чакаюць, што павялічыцца таваразварот з ЕС, 47,6% разлічваюць, што палепшыцца агульная эканамічная сітуацыя, 53,6% спадзяюцца на паляпшэнне адукацыйных магчымасцяў, 40,5% — на паслабленне візавага рэжыму. Разам з тым даследаванне паказала, што ў краіне захоўваецца крайне нізкі ўзровень разумення інстытуцыйных узаемасувязей Беларусі і ЕС.
У прыватнасці толькі траціна апытаных ведае, што Беларусь удзельнічае ў праграме «Усходняе партнёрства», кожны пяты памылкова думае, што наша дзяржава з’яўляецца сябрам Савета Еўропы, і амаль палова рэспандэнтаў (47%) мяркуюць, што Беларусь удзельнічае ў Еўрапейскай палітыцы добрасуседства, хаця насамрэч не.
Сацыёлагі канстатуюць правал камунікацыйнай палітыкі Еўрапейскага саюза ў дачыненні да беларускага грамадства. Беларускія ўлады цалкам перайгралі ЕС у інтэрпрэтацыі прычынаў увядзення санкцыяў супраць вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў.
Адмена санкцыяў была ўспрынятая беларусамі як прызнанне Еўрасаюзам сваёй паразы — такога меркавання трымаюцца 27,9 % апытаных, 18 % мяркуюць, што ЕС пайшоў на саступкі, бо хоча атрымаць доступ да беларускіх рынкаў. Пра ўвядзенне эканамічных санкцый супраць Беларусі не ведалі 60% апытаных, пра 12 патрабаванняў ЕС да Беларусі ў галіне дэмакратызацыі — 84,7% (амаль славутыя 83% «элегантнай перамогі»). Ды і санкцыі 56,4% рэспандэнтаў лічаць не вынікам таго, што ў нас парушаюцца правы чалавека, а караю Захаду за незалежную знешнюю палітыку Беларусі.
А вось адносіны да NAТА — яскравы прыклад таго, як дзейнічаюць створаныя аднойчы стэрэатыпы. На пытанне «Ці пагражае нешта Беларусі?» 19 % рэспандэнтаў адказалі, што існуе ваенная пагроза. Калі задавалі пытанне, ці пагражае краіне NAТА, то 50 з лішкам працэнтаў сказалі «так». «Маем такую карціну, — тлумачыць кіраўнікі BISS Віталь Сіліцкі. — Вам нешта пагражае? — Не. — А NAТА? І тут у галаве ўключаецца нейкі маяк, што гэта кепска, хаця насамрэч мы не звязваем гэту структуру з сапраўднай ваеннай пагрозай нашай дзяржаве».
«Біпалярнасць» (Расія — Захад) геапалітычнай арыентацыі беларусаў з мінімальнай перавагай прыхільнікаў далучэння да ЕС па ранейшаму захоўваецца. Свой выбар рэспандэнты матывуюць двума асноўнымі фактарамі — сацыяльнай стабільнасцю (магчымасцю карыстацца дабротамі, якія адкрывае геапалітычны разварот) і ацэнкай балансу эканамічных даброт і стратаў у выніку рэалізацыі таго ці іншага геапалітычнага сцэнару. Разам з тым сацыёлагі прыйшлі да высновы, што ў плане сумяшчальнасці культуры беларускае грамадства больш гатовае прыняць еўрапейскія палітычныя каштоўнасці, чым культурныя.
Доступ да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі пра Еўрапейскі саюз і магчымасць свабодна падарожнічаць па краінах ЕС падвышаюць праеўрапейскія настроі ва ўсіх без выключэння сацыяльных групах на 20–30 працэнтаў. Адначасова даследчыкі канстатуюць поўны правал спробаў «еўрапеізаваць» масавую свядомасць пры дапамозе знешніх электронных СМІ (радыёстанцый і тэлеканалаў, якія транслююць свае перадачы з-за мяжы). Ролю «еўрапеізатара» замацавалі за сабою інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы.
Паспрабавалі сацыёлагі прааналізаваць і беларускі брэнд — талерантнасць. Прэзентуючы гэты блок, кіраўнікі BISS Віталь Сіліцкі падкрэсліў, што талерантнасць — гэта тое, што мы трываем, нават калі непрыемна, але не лічым узорам паводзінаў для сябе. Паводле яго слоў, выявілася, што беларусы значна больш цярпімыя, талерантныя ў пытаннях палітыкі, чым культуры. Напрыклад, наша грамадства пагаджаецца на цэнзуру ў СМІ (42% апытаных), абмежаванне дзейнасці палітычнай апазіцыі (32%), не лічыць патрэбным падвышаць ролю палітычных партый (29%). Адпаведна, сацыёлагі прыходзяць да высновы, што палітычныя трансфармацыі нацыя прыме лягчэй, чым культурныя.