Трывожны візіт. Чаго чакаць ад прыезду Пуціна?

Чаму Пуцін ляціць у Мінск праз тры гады «сядзення ў бункеры»? Вось што на гэты конт мяркуюць палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі і экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Ганчарык.

Фото: Shamil Zhumatov/AP Photo/picture alliance

Фото: Shamil Zhumatov/AP Photo/picture alliance


Уладзімір Пуцін 19 снежня ўпершыню з 2019 года наведае Мінск. Прэс-служба Лукашэнкі гаворыць пра «насычаную праграму», то-бок пра перамовы і ў шырокім складзе, і сам-насам. Маўляў, абмяркуюць «увесь спектр найбольш актуальных пытанняў беларуска-расійскай інтэграцыі»: і ход рэалізацыі саюзных праграм, і сумесныя кааперацыйныя праекты з акцэнтам на імпартазамяшчэнне, і супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы, і пытанні бяспекі.
З такім парадкам дня гаварыць можна пра што заўгодна. Але галоўнае пытанне ўсё ж адно: навошта Пуцін ляціць у Мінск? Вось што на гэты конт мяркуюць палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі і экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Ганчарык.

Расія можа нешта навязаць

1533911577_01fb26b5d098c37861881660fb2d42f4.jpeg


— Візіт Пуціна ў Беларусь Лукашэнка праанансаваў яшчэ ў канцы лістапада на сустрэчы з расійскім губернатарам. Тады ён гаварыў, з аднаго боку, што Беларусь і Расія разам будуць супрацьстаяць заходнім санкцыям, казаў пра нейкія сумесныя праграмы імпартазамяшчэння. Менавіта за імпартазамяшчэнне Масква паабяцала Лукашэнку крэдыт. Крэдыт абвешчаны, але, як я разумею, яшчэ не выплочваецца. І пры гэтым ён сказаў пра нейкае бюракратычнае тармажэнне, якое трэба вырашаць на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. То-бок у супрацоўніцтве, на якое выдзяляўся крэдыт, ёсць тармажэнне, і з гэтым трэба нешта рабіць: крэдыт трэба выбіваць.
З другога боку, зараз на БЕЛТА можна пабачыць змаганне з канспіралогіяй, як там сказана: прыводзіцца з нарады ў Лукашэнкі, што яны будуць абмяркоўваць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, сумеснае супрацьстаянне заходнім санкцыям і імпартазамячшэнне. Пра крэдыт нічога не сказана, але раз ён паабяцаны, то, напэўна, застаецца на парадку дня. І паведамленне пра тое, што саюзныя праграмы выкананыя на 60 адсоткаў.
Аляксандр Лукашэнка, такім чынам, рыхтуе грамадскую думку да таго, што будзе абмеркаванне паглыблення інтэграцыі — з аднаго боку, з другога боку, у пакеце будзе нешта пра ваеннае супрацоўніцтва.
Але само па сабе гэта не дужа акцэнтавана, таму я падазраю, што ўсё значна прасцей: трэба грошы. Але Расія, ведаючы гэтую патрэбу, можа з пазіцыі сілы нешта навязаць.
Навязаць што? Ужо зараз на беларускіх палігонах праходзяць вучэнні расійскіх вайскоўцаў, і зусім няважна, «мобікі» гэта ці проста вайскоўцы. Важна, што гэта адбываецца ўжо, у дзяржаўных беларускіх медыя пра гэта амаль не паведамляецца, але многа на гэты конт пішуць незалежныя медыя. Пра тое, што беларускія войскі рыхтуюцца да ўводу ў Украіну, афіцыйныя асобы не кажуць, але ёсць агаворка: калі на нас нападуць, мы будзем мусіць абараняцца. То-бок калі на нас нападуць ці адбудзецца больш-менш праўдападобная правакацыя, тады мы ўключымся ў вайну.
Склалася даволі трывожная сітуацыя. Мы ў праекце MediaIQ заўважылі павелічэнне мілітарызацыі, а калі браць беларуска-расійскія медыя, то там тэма вайны займае львіную долю, эканамічнае супрацоўніцтва значна саступае як у расійскіх, так і беларускіх СМІ. Гэта відавочна не ёсць нармальная з’ява, і калі вельмі многа пішуць пра вайну, то хутчэй за ўсё, у гэтага ёсць свая прычына. Па прапагандзе немагчыма ўгадаць рэальныя настроі: у таталітарных рэжымах прапаганда можа пераключацца, заблытваць, адмыслова ўводзіць у зман, каб Украіна трымала значную частку войскаў на мяжы з Беларуссю. Але можа быць і адваротнае: на беларускім кірунку чакаецца чарговы наступ на Украіну — не толькі ракетны, але і жывой сілай, як гэта адбылося 24 лютага гэтага года.
Я не ўпэўнены, што сама сустрэча дасць канкрэтны вынік, часта бывае, што сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным заканчваюцца агульнымі словамі, бывае — зусім без словаў. Але зараз ёсць неабходнасць пацвердзіць саюзныя адносіны, бо ў Расіі цяпер складана з саюзнікамі, паглыбленне саюзнай інтэграцыі для падняцця рэйтынга (кажуць, што ў Пуціна рэйтынг высокі, але я не ўпэўнены, што гэта праўда).
Па-другое, раз Лукашэнку так моцна патрэбныя грошы і ён запрашае Пуціна на перамовы, то, хутчэй за ўсё, Мінск можа прапанаваць Пуціну тое, што Расіі вельмі моцна патрэбна, да такой ступені, што ён наважыўся прыехаць. Бо насамрэч ён даволі рэдка прыязджае ў Беларусь, дый не толькі ў Беларусь.
Усё разам патрабуе сур'ёзнай увагі да падзеі. Але канкрэтныя прагнозы ў такіх складаных варунках я б не наважыўся рабіць.
— І сапраўды: што ж прымушае Пуціна ляцець у Мінск?
— Мы можам толькі гадаць. Лукашэнка, анансуючы візіт Пуціна (а ён першы гэта зрабіў, Крэмль мусіў ужо рэагаваць, у нейкай ступені гэта быў шантаж), гаварыў пра бюракратычныя праблемы, якія патрабуюць вырашэння на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Мяч відавочна на баку Расіі, калі беларускі саюзнік патрабуе зняць гэтыя перашкоды. З боку Расіі гэта недобраахвотны візіт, але ўзамен яна нешта атрымае: у гандлі заўсёды ёсць той, хто прапануе, і той, хто купляе. Лукашэнку патрэбны крэдыт, але што ён можа прапанаваць узамен? Тут мы можам толькі гадаць.
Але не думаю, што для Пуціна важна аддаць «даніну павагі»: ён і ў лепшыя часы ніколі гэтага не рабіў, у час візітаў амаль ніколі не начаваў у Мінску, усе візіты былі кароткія, і іх было мала. Звычайна Лукашэнка лётаў у Расію. Чаму ў гэтай сітуацыі Пуцін ляціць у Мінск? Усё разам прымушае трывожыцца.

Пагроза сілай, ці Пуціну вельмі патрэбна зброя

get_img_28.jpeg

Фота: БелГазета

— У краіне расце напружанасць, асабліва на фоне хуткага прыезду Пуціна. Будзем шчырымі: у снежні Лукашэнка з Пуціным заўсёды сустракаліся, праўда, апошнія гады іхнія сустрэчы перамясціліся ў Маскву. Мяркую, прыезд Пуціна ў першую чаргу звязаны з сітуацыяй на вайне ва Украіне: ці то гэта «пагроза сілай», ці то нешта іншае, пакуль цяжка сказаць, — адзначае былы кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Ганчарык.
На ягоную думку, безумоўна, на парадку дня стаяць і эканамічныя праблемы, але зноў-такі ў зрэзе вайны:
— Ёсць праблемы ў эканоміцы, і найперш — у ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, вытворчасці зброі. Расія то з Іранам заключае адпаведныя дамоўленасці, цяпер вось звярнула ўвагу на свайго саюзніка. Вытворчасць зброі для яе актуальная праблема.
Як ні круці, але першы за тры гады прыезд Пуціна ў Мінск выклікаў масу канспіралагічных тэорый, у тым ліку і тое, што Пуцін дамагаецца паўнавартаснага ўдзелу беларускага войска ў вайне:
— Эксперты кажуць, што з беларускага боку ў ваенных дзеяннях могуць быць задзейнічаны 10-15 тысяч вайскоўцаў — такая невялікая колькасць не можа вырашыць праблему. Таму тут напрошваецца іншая версія — пагроза сілай. Мы ўжо чулі пра перамовы Расіі з Іранам, а Беларусь можа вырабляць зброю, — кажа Уладзімір Ганчарык.