У АБСЕ запусцілі Венскі механізм у дачыненні да Беларусі

35 дзяржаў — членаў АБСЕ ініцыявалі запуск Венскага механізму ў сувязі з сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Адпаведны ліст быў накіраваны Андрэю Дапкюнасу, пастаяннаму прадстаўніку Беларусі пры АБСЕ. Тэкст ліста апублікаваны на сайце МЗС Вялікабрытаніі, піша reform.by.

У лісце гаворыцца, што краіны, якія яго падпісалі, па-ранейшаму заклапочаныя сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Яны нагадваюць, што летась у дачыненні да Беларусі быў запушчаны Маскоўскі механізм, у рамках якога Вольфганг Бенедэк прадставіў сваю справаздачу. У справаздачы паказвалася, што выбары 2020 года не былі свабоднымі і справядлівымі, а сілавікі сістэматычна парушалі правы чалавека і асноўныя свабоды. У справаздачы таксама ўтрымліваўся шэраг рэкамендацый беларускім уладам.

«Пасля публікацыі справаздачы ў рамках Маскоўскага механізму амаль год таму сітуацыя ў Беларусі пагоршылася. Нашы дэлегацыі неаднаразова заклікалі беларускія ўлады выканаць рэкамендацыі справаздачы. Мы таксама заклікалі беларускія ўлады прыняць прапановы дзеючага старшынства, былога і дзеючага старшыняў, пра спрыянне сапраўднаму нацыянальнаму дыялогу паміж беларускімі ўладамі і прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці», — гаворыцца ў лісце. Падпісанты са шкадаваннем адзначаюць, што беларускія ўлады не выканалі рэкамендацыі і не скарысталіся прапановамі АБСЕ для вырашэння крызісу.

Паколькі беларускія ўлады не прадэманстравалі здавальняючы адказ на справаздачу па Маскоўскім механізме, і сітуацыя за апошнія 12 месяцаў толькі ўзмацняе непакой, 35 краін — членаў АБСЕ запускаюць Венскі механізм. Краіны называюць некалькі пунктаў, якія іх асабліва турбуюць:

свабода мірных сходаў,

свабода СМІ,

адвольныя і несправядлівыя затрыманні і арышты,

пераслед прадстаўнікоў апазіцыі,

катаванні,

міграцыя.

У рамках Венскага механізму падпісанты патрабуюць каб беларускія ўлады адказалі:

ці рабіліся крокі па расследаванні паведамленняў аб абмежаванні свабоды сходаў, адвольных затрыманняў і арыштаў,

ці рабіліся крокі па расследаванні паведамленняў аб катаваннях і жорсткім абыходжанні,

ці рабіліся крокі па расследаванні паведамленняў аб злачынствах на глебе нянавісці, у тым ліку выкарыстанне дзяржаўных СМІ і праўладных акаўнтаў у сацсетках для ўзбуджэння гвалту,

ці рабіліся крокі для забеспячэння грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікам СМІ свабоды дакументаваць і паведамляць аб парушэннях правоў чалавека,

якія крокі былі зроблены ўладамі, каб паказаць, што яны не спрыяюць нерэгулярнай міграцыі,

як улады супрацоўнічалі з інстытутамі АБСЕ і рэагавалі на занепакоенасць, выяўленую гэтымі інстытутамі,

ці былі зробленыя рэальныя крокі для кантакту з апазіцыяй, незалежнай грамадзянскай супольнасцю і праваабаронцамі.

Венскі механізм АБСЕ — метад працы АБСЕ ў галіне чалавечага вымярэння па ініцыятыве краін-удзельніц, які ўключае абмен інфармацыяй паміж краінамі-удзельніцамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: