У цэнтры Мінска інвалід 3-й групы зладзіў пікет

Каля будынку Мінскага гарадскога выканаўчага камітэту 10 чэрвеня Сяргей Кацялеўскі, інвалід 3-й групы, зладзіў адзіночны пікет. Мужчына выйшаў з патрабаваннямі правесці разбіральніцтва ў дачыненні да тых медыкаў, якія, па яго меркаванню, вінаваты ў яго інваліднасці.



dsc_1334_logo.jpg

Інсульт

«Сёння прайшло роўна два гады, як у мяне здарыўся інсульт, – распавядае Сяргей Кацялеўскі. – Губляць мне ўжо няма чаго». Сяргей стаяў з плакатам у руках, на якім былі напісаныя патрабаванні да Лукашэнкі, які мусіць наказаць тых людзей, па віне якіх, па меркаванні Сяргея, у яго здарыўся інсульт і па віне якіх ён атрымлівае недастатковую рэабілітацыю.

Сяргею 43 гады, жыве ён у Фаніпалі. Скончыў філасофскае аддзяленне БДУ, пэўны час працаваў журналістам, напісаў некалькі кніг з афарызмамі, паралельна працаваў рознарабочым на прадпрыемстве. Але два гады таму ў яго здарыўся інсульт, пасля якога ён так і не аправіўся.

Сяргей кажа, што аднойчы ў яго стала аднімацца рука, з гэтай прычыны ён некалькі разоў выклікаў хуткую, хадзіў да няўролага, прасіў, каб яму далі накіраванне ў Бараўлянскую бальніцу на абследаванне. Пры тым, да гэтага ў яго было некалькі чэрапна-мазгавых траўмаў. Аднойчы, прачнуўшыся ранкам, ён перастаў адчуваць рукі і ногі. Хуткая дапамога яго адразу адвезла ў рэанімацыю.

dsc_1327_logo.jpg

Пасля інсульту Сяргею паставілі 2-ю групу інваліднасці. Яго пенсія складала 230 рублёў. Сяргей наноў вучыўся хадзіць, распрацоўваў рукі, аднаўляў маўленне, якое было парушана. Рэабілітацыю Сяргей праходзіў у Аксакаўшчыне.  У кастрычніку 2019 года МРЭК перавёў яго на 3-ю групу інваліднасці, працоўную. Аднак на працу пасля інсульту, калі ў яго парушана дробная маторыка правай рукі, уладкавацца не так проста. Ды і фізічна працаваць Сяргею цяжка. Яго сяброўка зараз дапамагае набіраць тэксты кніг, якія ён працягвае пісаць і выдаваць у электроннай версіі.

Зараз людзі з 3-й групай інваліднасці атрымліваюць 185 рублёў. Сяргей жыве адзін, маці – пенсіянерка. «Пенсіі мне хапае толькі на лекі, якія трэба піць пастаянна, на аплату кватэры і хлеб з малаком», – скардзіцца Сяргей.

Безвыходнасць

«Ён звяртаўся са скаргамі па лініі аховы здароўя, Генеральнай пракуратуры, Адміністрацыі прэзідэнта. У асноўным, усе дасылалі адказы, дзе было напісана, што ніякіх парушэнняў ў працы медыкаў не было выяўлена», – тлумачыць сітуацыю юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі.  Аднак пасля  скаргі Сяргея ў галоўнае Упраўленне  аховы здароўя Мінскага аблвыканкама прыйшоў адказ, што  загадам галоўнага ўрача дактары, якія былі датычныя да лячэння Кацялеўскага, былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

dsc_1329_logo.jpg

«Атрымалася нейкае замкнёнае кола, – кажа Граблеўскі. –  Сяргей ужо не ведае, да каго яму  звяртацца».

Сяргей зараз жадае аднавіцца пасля інсульту і пачаць працаваць.  Выйсці з плакатам ён быў гатовы ўжо даўно. Нават звярнуўся у салон друку «Карандаш», каб там надрукавалі плакат са зваротам да Лукашэнкі, які мусіць наказаць тых людзей, якія, па яго меркаванні, былі вінаваты ў інсульце. Аднак там ў друку плаката яму адмовілі. Сяргей пабачыў прычыну ў тым, што на плакаце мусіла быць слова ”Лукашэнка”.  Ён падаў на «Карандаш» у суд. Праўда, яго Кацялеўскі прайграў.

Літары на плакаце яму дапамагла напісаць сяброўка. З плакатам Сяргей прайшоўся ўздоўж праспекту, пастаяў насупраць дзвярэй Мінгарвыканкаму. Да яго ніхто не выйшаў. «Сам здзівіўся, што мне нічога не зрабілі», – прызнаецца Сяргей.

На пытанне «Што плануеце рабіць далей?», Сяргей адказаў, што хоча зноўку падаваць скаргу ў Генеральную пракуратуру.