У чым сіла, браце, беларускай дзяржавы?

Уладную «вертыкаль» не варта блытаць з дзяржавай: ніякай задачы, акрамя ўтрымання ўлады, з яе дапамогай вырашыць немагчыма.

cyrk_1__1__logo.gif


Жнівень для адзінага палітыка (АП) завяршыўся разглядам чарговых кадравых пытанняў. Ён прызначыў і даў згоду на прызначэнне амаль двух дзясяткаў чыноўнікаў: ад міністра фінансаў да дырэктара ААТ «Брэсцкі электралямпавы завод». Адным словам, «вертыкаль». Яе яшчэ, згодна з традыцыяй, часта называюць «кіраўнічая вертыкаль», аднак нядаўні візіт АП у Аршанскі раён паказаў, наколькі беларускі варыянт «вертыкалі» здольны кіраваць.

У тым, што любая ўлада, арганізаваная вертыкальным чынам, нейкіх іншых інтарэсаў, акрамя сваіх уласных, абслугоўваць не ў стане, я і раней ніколі не сумняваўся. І справа тут не ўва мне. Справа ў сусветнай практыцы, якая ў дадзеным пытанні з тэорыяй не разыходзіцца. Але паколькі беларусы з’яўляюцца «рускімі, толькі са знакам якасці», дык і прадстаўнікі беларускай вертыкальнай «дыяспары» без свайго знака абыходзіцца не могуць. Вось толькі ён, хутчэй, з’яўляецца знакам бяды.

Ён не трымаецца ў таямніцы. Пра яго шмат і з веданнем справы гаварыў 31 жніўня АП. Гэта п’янства з нагоды і без нагоды — «і больш за ўсё без нагоды». П’янства «да страты пульсу, і гэта праз дзень або кожны дзень...». Аднак рашэнне прынятае: прафесіяналаў падобнага ўзроўню «ў кіраўніцтве не будзе». Раней былі, і ў значнай колькасці, а цяпер не будзе.

АП сказаў — АП зрабіў. Дакладней, паабяцаў зрабіць. У краіне, у якой дзяржаўная ідэалогія выбудаваная вакол «чаркі і скваркі», прасцей пераламаць «вертыкаль», чым усталяваную традыцыю.

Пэўную надзею, канешне, дае працэс натуральнай змены пакаленняў. Але наколькі новае пакаленне кіраўнікоў зможа супрацьстаяць «зялёнаму змею» — пытанне адкрытае. Веданне замежных моў — так, уменне размаўляць у свеце на адной і той жа мове з фінансістамі — так. Аднак з гэтага не вынікае, што памаладзелае на 20–25 гадоў пакаленне кіраўнікоў не збочыць на пракладзеную папярэднікамі сцяжыну.

Як тут ні прыгадаць стары анекдот пра адрозненне дасавецкіх марксістаў ад савецкіх. Калі збіраліся дасавецкія, яны на стол клалі «Капітал», а пад стол ставілі бутэльку. Калі ў дзверы пачынала грукацца паліцыя — бутэлька аказваліся на стале, а «Капітал» пад сталом. Савецкая ж марксісты дзейнічалі дакладна наадварот.

«Капітал» сёння не ў модзе. Яго чытаннем на працоўным месцы даверу ў вачах кіраўніцтва не заслужыць, але, на шчасце, вытворчасць пасведчанняў кіраўнікоў пастаўленая ў Беларусі на паток. Нездарма АП працуе як стаханавец — рэгулярна папаўняе заканадаўчую базу краіны лёсавызначальнымі пастановамі і дэкрэтамі. Таму праблемы з тым, што трэба раскласці на стале, каб паспрыяць кар’еры, у новага пакалення кіраўнікоў не з’явіцца, а праблемы з тым, што трымаць пад сталом, наогул не ўзнікала.

«У нас, — як любіў паўтараць лірычны герой Міхаіла Жванецкага, — з сабой было». Ад сябе дадам: было, ёсць і будзе.


Хто будаваў маякі?

«Часу на раскачку няма. <…> Ніякай раскачкі — толькі наперад. Я найперш чакаю ад вас жорсткай дысцыпліны на падведамасных прадпрыемствах і вашых міністэрствах. З гэтага трэба пачынаць», — даваў наказ чарговым прызначэнцам АП.

Наперад за кошт жорсткай дысцыпліны. Цікавая кіраўнічая канцэпцыя, пагадзіцеся. Ва ўстанаўленні жорсткай дысцыпліны як у галоўным фактары развіцця былі зацікаўленыя і егіпецкія фараоны, і рымскія імператары. Іншых фактараў яны не ведалі, і па-свойму мелі рацыю, бо цяглічныя высілкі людзей і жывёл заўсёды было выгадна стымуляваць пугай.

Але прамысловая рэвалюцыя пачалася ў Еўропе не ў выніку ўдасканалення пугі, а ў выніку вынаходніцтва паравой машыны і яе масавага ўкаранення на вытворчасці і транспарце. І ўсяму гэтаму свет абавязаны прыватнай ініцыятыве і прыватным грошам. Што да ўкладу кіраўнічай «вертыкалі», то ні на стадыі вынаходніцтва, ні на стадыі ўкаранення зафіксаваць яго не ўдалося.

«Што тычыцца ролі дзяржавы ў эканоміцы, суд пайшоў на нараду і пакуль не вярнуўся», — такое аўтарытэтнае меркаванне нобелеўскага лаўрэата Дугласа Норта. Яго можна смела распаўсюдзіць не толькі на сферу вынаходніцтва і інавацый, але і на стварэнне інфраструктуры. Сцвярджэнне спрэчнае, таму падмацуем яго гістарычным прыкладам.

На працягу 200 гадоў эканамісты былі ўпэўненыя, што маякі ў Англіі будаваліся дзяржавай і за дзяржаўныя грошы. Адпаведныя прыклады мы можам знайсці, у тым ліку, у працах класікаў эканамічнай навукі (Рыкарда, Міль, Кейнс).

Для таго, каб зразумець, чым і як завяршылася ўсеагульная памылка, я прывяду фрагмент з лекцыі эканаміста Аляксандра Аузана: «І тут знайшоўся зануда. Я маю на ўвазе чалавека, які таксама атрымаў Нобелеўскую прэмію па эканоміцы, — гэта Рональд Коуз. Ён вырашыў праверыць, хто будуе маякі. Ён пайшоў у архіў Брытанскага адміралцейства і стаў высвятляць. І прыйшоў да парадаксальнай высновы: маякі будавалі гільдыі капітанаў судоў, асацыяцыі суднаўладальнікаў, мясцовыя супольнасці, але не дзяржава. Так, яны перадаваліся ў кіраванне адміралцейству, але дзяржава гэтага не рабіла».


Усё пад кантролем

Сучасныя паспяховыя дзяржавы праблемамі дысцыпліны на прадпрыемствах не займаюцца. Аднак было б сур’ёзнай памылкай лічыць, што яны цалкам самаўхіліліся ад падтрымання парадку. Але падтрыманне парадку на дзяржаўным узроўні не мае ніякага дачынення да барацьбы з п’янствам міністраў. Парадак — гэта закон, прычым закон універсальны.

Вернемся ў калыску прамысловай рэвалюцыі — Вялікабрытанію. У пачатку XIX стагоддзя ў краіне было прынята больш за 200 законаў, якія прадугледжвалі смяротнае пакаранне за эканамічныя злачынствы. На шыбеніцу адпраўлялі з 12 гадоў за шкоду, якая перавышала 6 пенсаў (кошт булачкі).

Жорстка? Звышжорстка. Аднак на стадыі пераходу ад аграрнага грамадства да грамадства індустрыяльнага такая жорсткасць сябе апраўдала. Яе вынікам стаў новы сацыякультурны тып чалавека — «чалавек законапаслухмяны». Яго не варта блытаць з «чалавекам рабалепным», які трымае паставу пакоры ў прысутнасці начальства. Апошні тып у нас шырока распаўсюджаны. Айчыннае тэлебачанне рэгулярна яго дэманструе.

Як паказвае практыка, «чалавек законапаслухмяны» адначасова з’яўляецца і «чалавекам дысцыплінаваным». Пры гэтым крыніца дысцыпліны знахо­дзіцца ў яго ўнутры, а не звонку. Ён не перавышае хуткасць на дарогах не з-за асцярогі атрымаць «ліст шчасця», а таму што так патрабуе закон, так прынята, так больш шанцаў не патрапіць у аварыю.

Для людзей, пазбаўленых унутранай крыніцы дысцыпліны і парадку, пастаянна трэба крыніца вонкавая. Ролю такой крыніцы і выконвае ўладная «вертыкаль» з АП на чале. Яму ў чарговы раз я і даю слова: «Патрэбны вынік, патрэбна дысцыпліна. Гэта фактары нашай незалежнасці. Таму што ад гэтага залежыць развіццё эканомікі. Самае страшнае, за што мы павінны «баяцца», — гэта эканоміка. Іншых праблем у нашым грамадстве няма. Усё астатняе мы трымаем жорстка на кантролі. Эканоміка перш за ўсё!»

«Іншых няма праблем». Усё пад кантролем. У тым ліку — скарачэнне колькасці арганізацый, якія выконваюць навуковыя даследаванні і распрацоўкі (з 530 у 2012 годзе да 431 у 2016-м — мінус 18,7%), і зніжэнне колькасці іх персаналу (з 30 437 да 25 942 чалавек — мінус 14,8%).

Спадзяюся, ад шматлікіх кантралёраў са шматлікіх кантралюючых структур не схавалася і істотнае скарачэнне фінансавання навукі з дзяржаўнага бюджэту — з 0,39% да ВУП у 2000 годзе да 0,27% у 2016-м. Гэты паказчык на парадак ніжэй, чым у ЗША і Кітаі (гаворка, зразумела, ідзе пра адносныя лічбы).

Паказчыкам, што сігналізуе аб давядзенні кантролю ў навуцы да максімальна магчымага ўзроўню, будуць служыць навукоўцы, якія ходзяць строем. Пакуль такога не назіраецца, што і апраўдвае занепакоенасць АП з нагоды магчымай страты незалежнасці.

Навукоўцы — людзі рацыянальныя і адначасова свядомыя, а што да месца на пляцы для правядзення заняткаў па страявой падрыхтоўцы, дык гэта сфера адказнасці роднай дзяржавы. Турбавацца з гэтай нагоды не варта — не ў Вялікабрытаніі ж жывем! Таму паўтарэнне гісторыі з маякамі Коуза ў нас выключанае.

Калі меркаваць па зніжэнні колькасці нацыянальных патэнтаў на вынаходніцтвы (з 1015 у 2006 годзе да 892 у 2016-м), заняткі па страявой падрыхтоўцы беларускія навукоўцы ўжо актыўна распачалі.


* * *

У 1994 годзе будучы АП падняў «уладу з бруду» і на абломках савецкай уладнай «вертыкалі» выбудаваў «вертыкаль» постсавецкую, якую абвясціў дзяржавай. Аднак падобная вертыкальная канструкцыя калі і мае дачыненне да сучаснай дзяржавы, дык вельмі і вельмі аддаленае.

Усё, на што здольная ўладная «вертыкаль», — гэта ўтрымліваць уладу. Пакуль атрымліваецца, але цяжкасці з кожным днём нарастаюць. Таму тэма «захавання стабільнасці» ўвесь час і ўсплывае ў выступах АП.