У Літве мігрантаў прыраўнялі да «зялёных чалавечкаў»

Літоўскі ўрад разам з установамі ЕС шукае выхад з крызісу мігрантаў у Іраку і Турцыі, і кажа, што робіць усё магчымае, каб зрабіць Літву менш прывабнай для мігрантаў, перадае delfi.lt.

 AP / Scanpix

 AP / Scanpix

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс згадваў, што для вырашэння гэтай праблемы ўзгадняюць візіты ў Турцыю і Ірак. Вопыт паказвае, што спробы вяртання мігрантаў шляхам перамоваў з Іракам не даюць жаданага выніку.
Пытанне вяртання мігрантаў на радзіму абмяркоўвалася са старшынёй ЕК Урсулай фон дэр Ляйен і з прэзідэнтам Еўрапейскага савета Шарлем Мішэлем.
"Мяжа Літвы-Беларусі — гэта мяжа. Эмігранты не жадаюць жыць у Літве, іх мэта — прабрацца ўглыб, у такія краіны, як Германія і Швецыя. Гэта наш агульны выклік. (...) Урсула фон дэр Ляйен гаварыла з прэм'ерам Іраку перад візітам у Літву. Мішэль павінен з ім гаварыць на днях", — сказаў дарадца прэм'ер-міністра Літвы Раландас Крышчунас.
Паводле яго слоў, у Літвы няма такой сеткі пасольстваў, каб гаварыць з урадамі розных краін, таму важна абапірацца на ведамства ЕС і кансультавацца з Грэцыяй, якая сутыкалася з падобнай праблемай.
Ён заўважыў, што ў Літве плануюць паскорыць разгляд пытання прадастаўлення прытулку, каб Літва стала менш прывабнай для мігрантаў.
Дэпутат Аўдронюс Ажубаліс сказаў: "Гаворка ідзе пра тое, ці дазваляем мы Маскве і Мінску навязваць умовы гульні? Што я маю на ўвазе? У першую чаргу, па цяперашняй інфармацыі, сярод гэтых гібрыдных "зялёных чалавечкаў" няма ні аднаго, хто мог бы прэтэндаваць на статус бежанца. Усе — эканамічныя мігранты. Я б назваў іх саўдзельнікамі злачыннай дзейнасці".
"Яны ведаюць, куды ідуць і навошта ідуць, ідуць з афіцыйным благаслаўленнем кіраўніцтва Беларусі. Значыць, усе яны — саўдзельнікі. Я не бачу рашучасці літоўскіх уладаў — трэба даць адпор гэтай гібрыднай атацы (...). Ад спадара Крышчунаса я пачуў, што Літва гатовая ісці традыцыйным беспаспяховым еўрапейскім шляхам (як Італія, Грэцыя). Гэта нічога не дало, тысячы мігрантаў засталіся ў Еўропе", — сказаў Ажубаліс.
Ён лічыць, што трэба звярнуцца па дапамогу да ЗША.
Крышчунас не згодны, што ўсе мігранты свядома ўдзельнічаюць у схеме рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
"Большасць з іх былі ашуканыя. Вядома, мы павінны дзейнічаць у рамках міжнародных абавязацельстваў, але не павінны ствараць цяплічныя ўмовы. Таму ўрад разглядае ўсе варыянты зніжэння прывабнасці Літвы. З амерыканцамі мы гаворым і будзем гаварыць", — сказаў ён.
Лінас Лінкявічус сказаў: "Трэба праводзіць работу па ўсіх напрамках. Гэта адзін з метадаў гібрыднай вайны. Арсенал гібрыднай вайны пашыраецца. Калі ўспомніць (...) "зялёных чалавечкаў", гуманітарны канвой — у якім везлі ваенную дапамогу, якія ваявалі супраць Украіны. Зараз бачым, што гэтых мігрантаў выкарыстоўваюць як зброю. Сам Лукашэнка гэта не хавае. Наркотыкі таксама вязуць, фіксуецца рост патоку. Усё гэта — інтэнсіўнае выкарыстанне метадаў гібрыднай вайны".
Паводле яго слоў, дэпартацыя нелегальных мігрантаў на радзіму была б сігналам для тых, каго свядома ці не ўводзяць ў памылкі, абяцаючы зямлю запаветную.