У МЗС Беларусі пракаментавалі ўдзел замежных дыпламатаў у судовых пасяджэннях у краіне
Назіраецца спроба ўкаранення заходнімі краінамі практыкі ўздзеяння на суд праз дыпламатаў, заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, каментуючы ўдзел замежных дыпламатаў у судовых пасяджэннях у Беларусі.
У МЗС заявілі, што ў краіне «створаны ўмовы адкрытасці разбору і заканадаўча замацаваны нормы, якія рэгулююць магчымасць прысутнасці на судовых працэсах, у тым ліку замежных прадстаўнікоў (дыпламатаў, консульскіх работнікаў) у судовых працэсах, дзе адным з бакоў выступае грамадзянін гэтай замежнай дзяржавы».
— Аднак у цяперашні час мы назіраем спробу ўкаранення заходнімі краінамі новай практыкі — практыкі ўздзеяння на суд праз дыпламатаў. Неабгрунтаваная прысутнасць замежных дыпламатаў на адкрытых судовых пасяджэннях па справах, якiя не тычацца іх грамадзян, з'яўляецца, па сутнасці, спробай схаванага ўдзелу ў прыняцці судовага рашэння шляхам аказання ціску на суд. Пры гэтым, падкрэслю, такі ціск аказваецца не замежным грамадзянінам ў асабістай якасці, а менавіта дыпламатам як афіцыйным прадстаўніком замежнай дзяржавы. Гэта значыць, гаворка ідзе пра дэ-факта ціск на суд з боку замежнай дзяржавы.
Беларускі бок лічыць, што такая практыка непрымальная для любой суверэннай дзяржавы.
— Спробы аказання замежнымі дзяржавамі ціску на беларускую судовую сістэму, уключаючы спланаваныя PR-акцыі калектыўнага наведвання замежнымі дыпламатамі судовых працэсаў па справах, наўпрост не звязаных з грамадзянамі гэтых дзяржаў, не могуць разглядацца інакш як злоўжыванне дыпламатычным статусам. Мы пакідаем за сабой права спыняць такія спробы з выкарыстаннем усіх юрыдычных магчымасцей, у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам i мiжнародным правам, уключаючы механізмы, прадугледжаныя Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах, — сказаў Глаз.
Выказаўся прадстаўнік ведамства і з нагоды візітаў дыпламатаў у няўрадавыя арганізацыі.
— Практыка наведвання замежнымі дыпламатамі няўрадавых арганізацый, тым больш афіцыйна не зарэгістраваных, у дачыненні да супрацоўнікаў якіх вядуцца судовыя разборы ў сувязі з падазрэннямі ў незаконнай фінансавай дзейнасці, у тым ліку з прыцягненнем нелегальных рэсурсаў з-за мяжы, таксама выглядае сумнеўна. Асобна падкрэслю, што неабгрунтаваныя крытычныя заўвагі па такіх разборах з боку замежных дыпламатаў выглядаюць асабліва дзіўна, бо падобная незаконная фінансавая дзейнасць у іх краінах таксама пераследуецца па законе.
У апошні час замежныя дыпламаты наведалі шэраг рэзанансных судовых пасяджэнняў, у тым ліку над журналісткай TUT.BY Кацярынай Барысевіч і лекарам БСМП Арцёмам Сарокіным, журналісткамі «Белсат» Дар'яй Чульцовой і Кацярынай Андрэевай, па справе «Белгазпрамбанка». Акрамя таго, на гэтым тыдні дыпламаты краін ЕС, Вялікабрытаніі і ЗША пабывалі ў офісе пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», дзе не так даўно праводзілі ператрус.
tut.by