Чацвёрты дзень суду над журналісткай TUT.BY і лекарам БХМД. Падобна, допыт сведак завершаны
Суд над Кацярынай Барысевіч і Арцёмам Сарокіным 24 лютага працягнуўся. Іх абвінавачваюць у выдаванні медычнай таямніцы, якая складалася ў тым, што ў момант паступлення ў бальніцу Раман Бандарэнка быў цвярозы. Гэта, на думку Генеральнай пракуратуры, пацягнула за сабой цяжкія наступствы, хоць сям'я Рамана ніякіх прэтэнзій не прад'яўляла.
Справу журналісткі і лекара разглядаюць за зачыненымі дзвярыма, адвакаты і сведкі звязаныя падпіскай аб невыдаванні, нагадвае TUT.BY.
Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна абвінавачваюць паводле ч.3 арт. 178 «Разгалошванне медыцынскай таямніцы, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы». Максімальнае пакаранне, якое ім можа пагражаць па гэтым артыкуле, — тры гады пазбаўлення волі, мінімальнае — шэсць месяцаў калоніі.
Справу журналісткі і лекара разглядае суд Маскоўскага раёна Мінска ў будынку Дома правасуддзя на вуліцы Сямашкі.
Чацвёртае пасяджэнне прызначанае на 14:15 24 лютага. За дзесяць хвілін да пачатку пасяджэння Кацярыну і Арцёма завялі ў залу. Сёння ў калідоры сведак не было. Верагодна, іх допыт скончаны.
Пасля гэтага ў працэсе павінны дапытаць абвінавачаных, вывучыць пісьмовыя матэрыялы справы, затым бакі выступяць у спрэчках (спачатку пракурор запатрабуе меру пакарання, потым выступяць адвакаты), пасля павінна прагучаць апошняе слова падсудных. Затым суд выдаліцца ў дарадчы пакой для прыняцця рашэння. Затым будзе абвешчаны прысуд.
Варта адзначыць, што абвяшчэнне прысуду па беларускім заканадаўстве — адкрытае нават у «закрытым» судзе.
Сённяшняе пасяджэнне доўжылася да 16:40. Працяг 25 лютага. Час пачатку той жа — 14:15.