Ваенны час ці ваеннае становішча?

Да чаго рыхтуюцца ўлады і пра што не кажуць беларусам?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларускае кіраўніцтва рыхтуе дзяржаўны апарат да працы ва ўмовах ваеннага часу, які надыходзіць пасля абвяшчэння перыяду нарастання ваеннай пагрозы і/ці ўвядзення ваеннага становішча. Такія меры абумоўлены эскалацыяй ваенна-палітычнай абстаноўкі з-за расійска-ўкраінскага канфлікту і падрыхтоўкай да магчымага ўступлення Беларусі ў вайну на баку Расіі, піша партал «Наше мнение».

4 сакавіка Лукашэнка падпісаў указ «Аб пераводзе дзяржаўных органаў і іншых арганізацый на працу ва ўмовах ваеннага часу», які да гэтага часу не апублікаваны. Паводле афіцыйных звестак дакумент удасканальвае парадак пераводу дзяржаўных органаў і іншых арганізацый з працы ва ўмовах мірнага часу на ваеннае, «забеспячэнне іх узгодненага і эфектыўнага ўзаемадзеяння пры ўзнікненні пагроз нацыянальнай бяспецы з улікам змены ваенна-палітычных умоў».

Указам вызначана кола дзяржаўных органаў, на якія распаўсюджваецца яго дзеянне, у тым ліку яно дапоўнена Усебеларускім народным сходам (УНС), палатамі Нацыянальнага сходу, Канстытуцыйным і Вярхоўным судамі. Прадугледжана таксама магчымасць прысваення пры ўвядзенні ваеннага становішча кіраўнікам асобных дзяржаўных органаў і шэрагу арганізацый вайсковых званняў. Фармальна выданне ўказа дасць магчымасць забяспечыць сістэмнае і бесперабойнае функцыянаванне дзяржаўнага апарата ў перыяд нарастання ваеннай пагрозы і ў ваенны час.

Пераход з мірнага на ваенны час адбываецца з аб’яўленнем перыяду нарастання ваеннай пагрозы і/або ваеннага становішча. У апошнія гады Лукашэнка некалькі разоў наўпрост ці апасродкавана (гэта значыць, праз іншыя акты) змяняў Закон «Аб ваенным становішчы»:

  • май 2021 года: падпісаны двухстаронкавы дэкрэт «Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Дакументам прапісана, што калі палітык ненатуральным чынам памрэ, то ў краіне адразу ж аўтаматычна будзе ўведзена ваеннае ці надзвычайнае становішча пад кіраўніцтвам Савета бяспекі;


Глядзіце таксама

  • ліпень 2021 года: падпісаны папраўкі ў заканадаўства па ўжо згаданых «пытаннях абароны суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Тады ў закон аб ваенным становішчы быў дададзены артыкул 4 — аб яго ўвядзенні ў асаблівых абставінах: на выпадак гвалтоўнай смерці Лукашэнкі ўсе дзяржорганы і іх службовыя асобы стануць падпарадкоўвацца Савету бяспекі (цяпер гэта кіраўнік Савета Рэспублікі Наталля Качанава). Асноўным пытаннем для іх будуць выбары. Савет бяспекі з удзелам губернатараў прыме рашэнне аб іх правядзенні, а таксама вырашыць, ці ўводзіць для беларусаў абмежаванне на свабоду перамяшчэння, ці забараняць масавыя мерапрыемствы і ўводзіць каменданцкую гадзіну ці не;
  • люты 2023-га: падпісаны закон аб УНС, якое, паводле новай Канстытуцыі, набыў права ўводзіць надзвычайнае або ваеннае становішча «у выпадку бяздзейнасці прэзідэнта па гэтых пытаннях». Гэта значыць «непрыняццё ім неабходных мер па ўстараненні абставін, якія ствараюць небяспеку жыццю і здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасці і існаванню дзяржавы». Таксама гэта і адсутнасць мер «па ўхіленні ад ваеннай пагрозы ці адбіцці нападу» на Беларусь;
  • ліпень 2023 года — падпісаны закон аб народным апалчэнні, які стварае прававыя асновы для добраахвотнага ўдзелу грамадзян як народных апалчэнцаў у забеспячэнні ваеннага становішча, уведзенага ў рэгіёнах краіны.

З 7 па 9 лютага 2023 года на базе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь прайшла маштабная трэніроўка з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання па пытаннях гарантавання нацыянальнай бяспекі. Тады ў мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва і службовыя асобы Адміністрацыі прэзідэнта, Савета міністраў, Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі, розных міністэрстваў і ведамстваў, мясцовых органаў улады, прадстаўнікі Нацыянальнага сходу і Нацыянальнага банка. Падчас мерапрыемстваў адпрацоўваліся алгарытмы дзеянняў дзяржорганаў у розных умовах — ад надзвычайнай сітуацыі да контртэрарыстычнай аперацыі.

Мэтай трэніроўкі была заяўлена выпрацоўка дзяржорганамі зладжаных дзеянняў, аператыўных рашэнняў ва ўмовах абмежаванняў па часе і рэсурсах. Таксама мерапрыемства было накіравана на адладку сістэмы аператыўнага абмену інфармацыяй, удакладненне парадку міжведамаснага ўзаемадзеяння. Гэтая трэніроўка праводзілася ва ўмовах напружанай міжнароднай і рэгіянальнай абстаноўкі, а таксама абвастрэння сітуацыі каля межаў Беларусі.

Такім чынам, асноўнай прычынай унясення змен у парадак пераводу дзяржаўных органаў і арганізацый ва ўмовы ваеннага часу ёсць падрыхтоўка да магчымага ўвядзення ваеннага становішча ў выпадку ўступлення Беларусі ў вайну на баку Расіі. Аб непазбежнасці гэтага сцэнарыя Лукашэнка казаў на нарадзе з кіруючым складам дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі 20 лютага.