Вакульчык супраць Макея

Беларускую кампанію па выбарах у Палату прадстаўнікоў ужо зараз можна «зліваць». А вінаваты ва ўсім старшыня КДБ Валерый Вакульчык,  лічыць дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

zhujka_3_logo.gif


Менавіта БелТА распаўсюдзіла інфармацыю пра справаздачу Вакульчыка Аляксандру Лукашэнку, і тое, што там было сказана. А сказана было, што Вакульчык распавядаў кіраўніку дзяржавы пра ход кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Журналістам старшыня КДБ паведаміў, што парламенцкая кампанія ў Беларусі праходзіць досыць актыўна: «Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны, што дастаткова высокая актыўнасць штабоў прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты па зборы подпісаў, арганізацыі працы пікетаў. У штатным рэжыме працуюць выбарчыя камісіі».

Пры гэтым ён адзначыў, што «назіраецца досыць нізкі ўзровень цікавасці грамадзян Беларусі да прэтэндэнтаў з ліку прадстаўнікоў розных апазіцыйных структур». «У іх узнікаюць сур’ёзныя праблемы са зборам подпісаў з улікам нізкай цікавасці да іх з боку грамадзян Беларусі», — заявіў Вакульчык.

Гэта, мякка кажучы, няпраўда. Па-першае, наконт збору подпісаў. Некаторыя апазіцыянеры ўжо сказалі, што неабходная тысяча подпісаў сабраная за першыя ж 10 дзён кампаніі. А хто не сабраў, той блізкі да гэтага.

Па-другое, зараз не тая фаза перадвыбарчай кампаніі, каб ацэньваць цікавасць людзей да кандыдата. Згодна нашаму выбарчаму заканадаўству, усё, што можа зараз зрабіць прэтэндэнт — ад апазіцыі ён ці ад улады, — гэта прадставіць выбаршчыку сваю біяграфію і азначыць прыналежнасць да той самай апазіцыі альбо «не-апазіцыі». «Кандыдаты ў кандыдаты» не маюць права агітаваць за свае ідэі і прапановы. У выпадку прапаганды сваёй праграмы альбо раздачы інфармацыйных матэрыялаў прэтэндэнт атрымлівае ад выбарчай камісіі «жоўтую картку» за заўчасную агітацыю. Як гэта адбылося, напрыклад, з лідаркай маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марынай Хоміч.

Па-трэцяе, спадар Вакульчык, ці то ад слабай ангажаванасці ў выбарчы працэс, ці то, наадварот, ад вялікай да яго ўвагі, скарыстаўся прыёмам «падмены паняццяў». У сённяшніх варунках збор подпісаў ніяк не карэлюецца з вылучэннем кандыдатаў дэпутаты і не кажа пра нізкую цікавасць да прэтэндэнта. Апазіцыйныя кандыдаты не імкнуцца сабраць як мага больш подпісаў — гэта не прэзідэнцкія выбары. Для іх важна стасавацца з выбаршчыкамі, павялічваць сваю пазнавальнасць, размаўляць з людзьмі (дзякуй Богу, пакуль такія размовы «заўчаснай агітацыяй» не з’яўляюцца і не забароненыя). Такім чынам апазіцыйныя прэтэндэнты фармуюць свой патэнцыйны актыў, высвятляюць праблемы выбарчых акругаў, тэстуюць сваіх валанцёраў перад агітацыйнай кампаніяй. А для сапраўднага вылучэння кандыдатам у дэпутаты шмат з іх скарыстаюцца іншай магчымасцю — магчымасцю вылучэння ад палітычных партый.

Не выключаю, што некаторыя сённяшнія прэтэндэнты ў кандыдаты нават не будуць здаваць сабраныя подпісы за сваё вылучэнне ў выбарчыя камісіі.

Гэты падыход яскрава прадэманстраваў з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які прайшоў у Мінску ў мінулыя выходныя. На ім кандыдатамі ў дэпутаты было вылучана 70 чалавек, 65 з якіх стварылі і ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў. То бок, на дадзеным этапе для іх важная магчымасць стасункаў з людзьмі. Колькасць сабраных аўтографаў грамадзян — справа другасная.

А вось пад што паклаў «міну запаволенага дзеяння» старшыня КДБ — дык гэта пад высілкі міністра замежных спраў Уладзіміра Макея яшчэ больш палепшыць нашы адносіны з Захадам. Адначасова такая ж міна закладзеная пад тое, чаго шмат гадоў палохаецца апазіцыя — магчымасць легітымацыі новага складу Палаты прадстаўнікоў. Спадар Вакульчык сваімі выказваннямі дэ-факта прызнаў — у апазіцыі працуюць «засланыя казачкі» спецыяльных службаў.

Канешне, тое, што такія людзі ёсць, гэта сакрэт Палішынеля. Аднак са слоў старшыні КДБ вынікае, што гэтыя людзі не проста «адсочваюць» дзейнасць апазіцыі. Яны яшчэ і кантралююць актыўнасць штабоў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты («высокую», па словах Вакульчыка), працу выбарчых камісій («у штатным рэжыме»), арганізацыю пікетаў і збор подпісаў.

То бок, фактычна КДБ умешваецца ў ход выбарчай кампаніі і з’яўляецца адным з яе ўдзельнікаў.

Пытанне, ці могуць быць прызнаныя выбары свабоднымі і справядлівымі, калі яны праходзяць не проста пад кантролем, а пры актыўным удзеле спецслужбаў, рытарычнае. Відавочна, што вынікі такога «народнага волевыяўлення» не будуць лічыцца міжнароднай супольнасцю вартымі даверу. Бо наступны крок адсюль — прызнанне легітымнымі выбараў пад рулямі аўтаматаў, як тое было ў так званых «ДНР» і «ЛНР».

Толькі з-за слоў Вакульчыка, аптымістычна растыражаваных БелТА, міжнародныя назіральнікі ўжо зараз могуць пісаць, што беларуская кампанія «не адпавядала стандартам АБСЕ». Бо ніводзін дэмакратычны стандарт не прадугледжвае выбараў пад кантролем і з удзелам спецслужбаў.