Ведаць, з кім сябраваць

Раней толькі ў нас была формула: «Газ у абмен на пацалункі». Гэта калі мы Расіі — пацалункі і запэўніванні ў вечным сяброўстве, а яны нам — газ і нафту. А зараз і расійскія чыноўнікі ўзялі гэтую формулу на ўзбраенне. Праўда, яны яе вычварылі: «Пацалункі ўзамен на нішто».

fz2ntqxc_580.jpg


Толькі пару тыдняў таму мэр Масквы Сяргей Сабянін і старшыня Савета федэрацыі Расіі Валянціна Матвіенка рассыпаліся нам у кампліментах. Маўляў, мы выратавалі іх падчас расійскіх контрсанкцый у дачыненні да заходніх прадуктаў, накармілі Расію. Сабянін з Матвіенка з’ехалі, а расійскія структуры пачалі пільна прыглядацца да партнёра.
Рассельгаснагляд абвясціў пра забарону ўвозу ў Расію праз Беларусь грыбоў, гародніны і садавіны з краін Афрыкі — з 27 чэрвеня. Праўда, відавочнага беларускага следу тут няма: рашэнне прынята ў сувязі з падазрэннямі з нагоды сапраўднасці фітасанітарных сертыфікатаў краін паходжання падкаранціннай прадукцыі. Пад сумневы трапілі Кот-д’Івуар, Бенін, Нігерыя, Гвінея-Бісаў, Гвінея, Буркіна Фасо, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Малі. Тым не менш, жартачкі Аляксандра Рыгоравіча на сустрэчы з Пуціным пра «беларускія бананы» зараз адгукнуцца нежартоўным зніжэннем экспарту.
Больш за тое, Усерасійская акадэмія знешняга гандлю канстатавала, што Беларусь у 2013–2015 гадах у разы павялічыла пастаўкі баклажанаў у Расію, хоць іх унутраная вытворчасць засталася прыкладна на тым жа ўзроўні.
«Асноўным экспарцёрам баклажанаў стала Беларусь — краіна з падобнымі з Расіяй прыроднымі ўмовамі, якія ёй неяк «атрымалася» адаптаваць для вырошчвання цеплалюбівых раслін. З 2013 па 2015 гады Беларусь нарасціла экспарт баклажанаў у Расію больш чым у чатыры разы», — пішуць даследчыкі. У 2013 годзе імпарт баклажанаў з Турцыі амаль у два разы перавышаў пастаўкі ў Расію з Беларусі. У 2015 годзе сітуацыя змянілася да адваротнай: з Беларусі завозілася ў два разы больш, чым з Турцыі.
«Аднак Беларусь — не радзіма баклажанаў. Паводле звестак Белстата, Беларусь падвоіла іх імпарт у 2015 годзе ў параўнанні з 2014 годам. Вытворчасць агародніны ў Беларусі знаходзіцца прыкладна на тым жа ўзроўні, што і раней, што сведчыць пра магчымы схаваны рээкспарт прадукцыі», — дадаюць аўтары даследавання.
Не разумею, што тут дзіўнага. Канешне, Беларусь — не радзіма баклажанаў. Але ў сувязі з глабальным пацяпленнем яшчэ і не тое можа быць. У мяне ў гародзе тыя ж баклажаны, напрыклад, растуць. Сёлета, дарэчы, чакаецца іх неблагі ўраджай. Чаму б не вырошчваць іх і ў прамысловых маштабах?
Увогуле, нам трэба змяніць канцэпцыю наведвання краіны рознымі расійскімі прадстаўнікамі СМІ. Дэсанты расійскіх журналістаў і блогераў (пераважна з рэгіёнаў РФ) высаджваюцца ў Беларусь з зайздроснай рэгулярнасцю. Мы ім тут дэманструем буйныя прадпрыемствы, мяса-малочныя комплексы, цукеркавыя і машынабудаўнічыя вытворчасці. А трэба проста павазіць іх па беларускім поўдні. Па так званых «прыватных гаспадарках». Там яны пераканаюцца, што ў Гомельскай вобласці, напрыклад, выдатна растуць абрыкосы, персікі і тыя ж баклажаны. А на Берасцейшчыне выспяваюць кавуны і вінаград.
І яшчэ наконт беларускай прадукцыі. Днямі той жа Рассельгаснагляд распаўсюдзіў даследаванне, у якім сцвярджаецца, што больш за 50% малака ў Расіі — зусім не малако. Расійскія вытворцы, аказваецца, дадаюць у сваю прадукцыю крухмал, соду, вапну, і нават мел, гіпс ды борную кіслату. Усё гэта робіцца нібыта для засцярогі ад хуткага скісання, але патрэбны эфект за кошт такіх дадаткаў не дасягаецца, а фальсіфікат прыводзіць да харчовых атручванняў.
Так што піце беларускае. У нас, можа, і перавышаецца норма ўтрымання антыбіётыкаў, на што пастаянна ўказвае той жа Рассельгаснагляд, але мелу, гіпсу і борнай кіслаты няма.
Але не толькі харчамі нас папракаюць усходнія суседзі. Б’юць па самым балючым. Расія плануе ў трэцім квартале 2016 года скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь у паўтара разы ў параўнанні з другім кварталам, паведаміў «Інтэрфакс». Скарочаны графік паставак нафты ўжо падпісаны.
Звязана гэта нібыта з тым, што Беларусь не дае Расіі бензіну. Па графіку паставак, Беларусь павінна накіроўваць у Расію ў 2016 годзе 1 млн. тон бензіну або каля 250 тыс. тон штоквартальна. Але да гэтага часу беларускае паліва на расійскі рынак не паступала. Паводле дамовы, у выпадку зніжэння паставак у Расію бензіну з Беларусі больш чым на 10% ад аб’ёмаў, прадугледжаных графікам, расійскі бок мае права знізіць у адказ пастаўкі нафты.
Але ў тым жа пагадненні прапісана, што Беларусь мае права не пастаўляць бензін сабе ў страту. Літр бензіну АІ-92 у Маскве каштуе 31 рубель пры курсе долара ў 64 рублі. То бок менш за 50 амерыканскіх цэнтаў. Літр таго ж 92-га ў Беларусі каштуе 11.100 пры курсе долара 19.742. То бок больш 50 амерыканскіх цэнтаў. Дык якая нам карысць вазіць паліва ў Расію?
Можа быць, мы б былі лагаднейшыя ў гэтым пытанні, каб Расія скінула нам цану на газ. Спрэчкі пра гэта, нагадаю, вядуцца не першы месяц. Паводле рускіх, цана на расійскі газ для Беларусі разлічваецца на аснове міжурадавай дамовы, і складае 142 долара. Наш урад лічыць, што ёсць яшчэ і пагадненне ў межах ЕАЭС, па якім кошт газу павінен быць каля 80 долараў.
Тым не менш, расійскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч заявіў, што наш саюзнік не бачыць падстаў для прадастаўлення сніжкі на газ Беларусі. «Перамовы з Беларуссю працягваюцца. Нашы беларускія калегі выходзяць з рознага роду прапановамі, мы іх уважліва вывучаем. Пакуль у нас няма разумення, чаму мы павінны даваць зніжку, пакуль такіх падстаў не бачым. Тым не менш вельмі ўважліва вывучаем апошнія прапановы, перададзеныя літаральна два дні таму нашымі калегамі. Адрэагуем абавязкова на іх. Але на дадзены момант рашэння няма», — сказаў ён.
Што з гэтага ўсяго вынікае? Трэба ведаць, з кім цалуешся. Інакш атрымаецца, што ў аднаго з партнёраў пацалунак — гэта каханне, а ў другога — чысты разлік.