«Верагодна, гэта жудасная памылка». У Польшчы ўхвалілі новую міграцыйную стратэгію. Прэзідэнт краіны заступіўся за беларусаў
У сваю чаргу, прэм'ер Дональд Туск абверг абвінавачванні. «Мы гаворым аб прыпыненні прыёму заяваў аб прытулку ад людзей, якія ў арганізаваных Лукашэнкам групах нелегальна пераходзяць мяжу».
У Сейме Польшчы 16 кастрычніка прайшло абмеркаванне міграцыйнай стратэгіі, ухваленай напярэдадні ўрадам. Гэты дакумент, у прыватнасці, прадугледжвае прыпыненне прыёму заяў у просьбітаў прытулку. Па апошнім пункце ўзніклі рознагалоссі: прэзідэнт краіны Анджэй Дуда заявіў, што гэта не ўмацуе польскія межы, аднак ускладніць жыццё беларусам, якія ратуюцца ад рэпрэсій. У сваю чаргу, прэм'ер Дональд Туск абверг гэтыя абвінавачванні, піша «Зеркало» са спасылкай на Tvn24.
Дуда сказаў, што "са здзіўленнем" успрыняў нядаўнюю заяву Туска адносна "адмовы ад прызнання палітычнага прытулку ў Польшчы". Ён лічыць памылковым меркаванне аб тым, што гэта здольна дапамагчы абараніць межы краіны ад "гібрыднай атакі" і абмежаваць нелегальную міграцыю.
«Аднак усё паказвае на тое, што гэта перашкодзіць, напрыклад, прадстаўнікам беларускай палітычнай апазіцыі атрымаць прытулак у Польшчы. Але Польшча была, ёсць і, спадзяюся, будзе краінай свабоды і салідарнасці», — заявіў Дуда, дадаўшы, што дзяржава традыцыйна падтрымлівае іншыя народы ў імкненні да свабоды і дае прытулак людзям, якія за яе змагаюцца.
На яго думку, прапанаваныя Тускам змены прывядуць да таго, што "многія людзі, якія падвяргаюцца пераследам з боку рэжыму Лукашэнкі, не змогуць знайсці прыстанішча ў Польшчы".
«Давайце ўнясем яснасць: Пуцін і Лукашэнка спрабуюць дэстабілізаваць сітуацыю на нашай мяжы, у Еўрасаюзе, а дзяржава адказвае на гэта пазбаўленнем прытулку людзей, якіх Пуцін і Лукашэнка саджаюць у турму і пераследуюць. Верагодна, гэта жахлівая памылка», — сказаў Дуда.
Сам Туск рэзка адрэагаваў на гэтыя абвінавачанні. Паводле яго слоў, "не было ніводнага выпадку, каб беларускі апазіцыянер спрабаваў незаконна перасекчы польска-беларускую мяжу ў складзе [мігранцкіх] груп, арганізаваных [рэжымам] Лукашэнкі".
"Калі ласка, не сярдуйце, спадар прэзідэнт, але нічога больш дурнога сказаць нельга", — сказаў польскі прэм'ер-міністр, звяртаючыся да кіраўніка дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што насамрэч праблемы на мяжы звязаныя з «арганізаванымі групамі людзей, часам навучаных беларускімі спецслужбамі, якіх кантрабандысты самалётамі перапраўляюць у Маскву і Менск за расейскія і беларускія грошы».
"Там створаныя аўтапаркі, гэтых людзей падвозяць да мяжы, часам месяцамі рыхтуюць да таго, каб перасекчы яе нелегальна і выклікаць канфлікты на нашай мяжы", – сцвярджае Туск.
Ён дадаў, што рашэнні ўрада накіраваныя не толькі на ахову мяжы з Беларуссю, але і на прадухіленне гібелі на мяжы як саміх мігрантаў, так і польскіх салдат і пагранічнікаў.
Туск дадаў, што пры абмеркаванні міграцыйнай стратэгіі "ніхто не кажа аб прыпыненні правоў чалавека, ніхто не кажа аб прыпыненні права на прытулак".
«Мы гаворым аб прыпыненні прыёму заяў аб прытулку ад людзей, якія ў арганізаваных [рэжымам] Лукашэнкам групах нелегальна пераходзяць мяжу. Вы павінны гэта зразумець!» — заявіў ён.
Што вядома аб міграцыйнай стратэгіі Польшчы?
Польскі ўрад 15 кастрычніка ўхваліў міграцыйную стратэгію на 2025-2030 гады. Сярод іншага яна прадугледжвае прыпыненне права на прытулак для мігрантаў і больш празрыстую візавую палітыку, у дакуменце згадваецца таксама мапа паляка.
"Калі існуе пагроза дэстабілізацыі краіны з-за прытоку імігрантаў, павінна быць магчымасць часова і тэрытарыяльна прыпыніць права прымаць заявы аб прадастаўленні прытулку", – паведамілі ў офісе Туска.
Там дадалі, што Польшча не можа дазволіць групам мігрантаў, "арганізаваных і кантраляваных Расіяй і Беларуссю", перасякаць усходнюю мяжу на падставе падачы заяў аб прадастаўленні прытулку.
У беларускіх дэмсілах выказалі спадзяванне, што палітычныя эмігранты з Беларусі і надалей змогуць легалізоввацца і атрымліваць прытулак у Польшчы. Між тым былы амбасадар Польшчы ў Беларусі (1998-2002) Марыюш Машкевіч выказаў меркаванне, што заявы Туска аб прыпыненні права на прытулак не датычацца беларусаў, перадае «Позірк».
У сваю чаргу кіраўнік офіса польскага прэм'ер-міністра Ян Грабец заявіў, што новая міграцыйная стратэгія накіравана ў першую чаргу на абмежаванне нелегальнага прытоку людзей, якія "шукаюць лепшага жыцця і якіх спецыяльна набіраюць для перасячэння мяжы [з боку Беларусі]".
«Гэта, вядома, не тычыцца гуманітарных выпадкаў (прадастаўленне прытулку ў выпадку рэпрэсій на радзіме. — Заўв. рэд.), і яго атрымаюць як беларусы, якія будуць прасіць прытулку ў Польшчы ці проста дапамогі ў Польшчы, так і тыя, хто законнымі спосабамі падасць заяву аб прадастаўленні прытулку», — сказаў Грабец.