У Эўразьвязе адрэагавалі на «новую міграцыйную стратэгію» Польшчы
Урад Польшчы мае на мэце часова прыпыніць права людзей патрабаваць прытулку ў краіне, нават калі гэта супярэчыць як міжнароднаму праву, так і правілам Эўрапейскага зьвязу.
Але прэм’ер-міністар Дональд Туск настойвае, што не адступіць, перадае «Радыё Свабода» са спасылкай на выданьне Politico. У Варшаве гэта называюць абаронай межаў Польшчы і ЭЗ.
Раней ужо некалькі краінаў Эўразьвязу, напрыклад Вугоршчына, Італія і іншыя, пратэставалі супраць захадаў Эўразьвязу ў разьмеркаваньні мігрантаў і іншых аспэктаў мігранцкай палітыкі.
Апошнія гады Польшча, як і суседняя Літва, зазнае моцны мігранцкі ціск з боку Беларусі. Польскія ўлады, як папярэднія, так і цяперашнія, вінавацяць Аляксандра Лукашэнку ў выкарыстаньні мігрантаў як зброі. Праўда, у гэтым выпадку мова найперш пра мігрантаў з Азіі, але сытуацыя ўжо моцна адбіваецца і на беларусах, якія ўцякаюць ад рэжыму на радзіме і шукаюць прытулку ў Польшчы.
Свой памежны кантроль больш строгім зрабіла Нямеччына, а Туск заявіў, што праз Польшчу з тэрыторыі Беларусі толькі сёлета імкнуліся прайсьці 26 тысяч мігрантаў.
Брусэль папярэдзіў, што такая палітыка несумяшчальная з агульнымі правіламі. Камісія заявіла Politico, што краіны-сябры павінны змагацца з «гібрыднымі нападамі» з боку Беларусі і Расеі «бяз шкоды для нашых каштоўнасьцяў». Туск жа ўспомніў фінскі досьвед.
«Часовае прыпыненьне хадайніцтваў аб прытулку было ўведзена ў Фінляндыі ў траўні. Гэта адказ на гібрыдную вайну, абвешчаную ўсяму ЭЗ (перш за ўсё Польшчы) рэжымамі ў Маскве і Менску, якая прадугледжвае арганізацыю масавых пераправак людзей праз нашыя межы», — адрэагаваў Туск.
Міністар юстыцыі Польшчы Адам Боднар у этэры радыё TOK FM заявіў, што Варшава зараз шукае балянсу паміж сваімі эўрапейскімі абавязаньнямі і неабходнасьцю ахоўваць свае межы.
Заявы Туска тым часам выклікалі крытыку праваабарончых ініцыятываў і непаразуменьне ў кіроўнай кааліцыі, Тускам сфармаванай. Польская сядзіба Amnesty International нагадала прэм’еру пра Жэнэўскую канвэнцыю і неад’емнае права чалавека на просьбу пра прытулак у выпадку небясьпекі на ягонай радзіме, з чым сутыкаюцца, у прыватнасьці, тысячы беларусаў.
Старшыня Сэйму і кіраўнік партыі «Польшча 2050» Шымон Галоўня прызнаў, што права на прытулак ёсьць базавым, але пры гэтым зрабіў агаворку, што даваньне прытулку можа прыпыняцца «ў пэрыяд надзвычайнага або ваеннага становішча і пад пастаянным наглядам парлямэнту».
Крытыкі Туска ўспамінаюць, што перад выбарамі, калі той быў яшчэ ў апазыцыі, палітык моцна крытыкаваў кіроўную партыю ПіС за жорсткія захады на ўсходняй мяжы. Але калі сам Туск прыйшоў да ўлады і ўзначаліў урад, ягоная пазыцыя зьмянілася і стала таксама жорсткай.
Экспэрт ва Ўсходняй Эўропе аналітычнага цэнтру Варшаўскага інстытуту Гжэгаж Кучыньскі лічыць, што Туск хоча паказаць выбарнікам, што ён непахісны.
«Папярэдні ўрад пабудаваў загароду на мяжы і пасылаў туды паліцыю і войска. Цяперашні ўрад працягвае гэтую лінію, нягледзячы на тое, што крытыкаваў яе тады, калі быў у апазыцыі».
Ліст Эўракамісіі
14 кастрычніка старшыня Эўрапейскай камісіі Ўрзуля фон дэр Ляен накіравала ліст пра міграцыю сябрам ЭЗ. Яна нагадала, што Пагадненьне аб міграцыі і прытулку акрэсьлівае дзеяньні ў сучасных умовах і дазваляе больш эфэктыўна адказваць на выклікі. Паводле палітыка, міграцыя стала наступствамі некалькіх глябальных крызісаў, а таму працягне ўплываць на зьвяз. Яна прапанавала 10 пунктаў рэагаваньня на такія выклікі.
- паскорыць рэалізацыю Пагадненьня аб міграцыі і прытулку;
- працягнуць наладжваць комплексныя дачыненьні з трэцімі дзяржавамі;
- прасоўваньне агульнага падыходу да вяртаньня (толькі 20% грамадзянаў трэціх краінаў, высланых з ЭЗ, сапраўды пакінулі яго межы);
- павелічэньне выкарыстаньня рычагоў празь візавую і іншую палітыку;
- барацьба з кантрабандай людзей і гандлем людзьмі;
- процідзеяньне гібрыднай вайне і ўмацаваньне бясьпекі на межах (у гэтым пункце Беларусь называецца як «проксі» Расеі, адкуль ідуць мігранцкія пагрозы, заяўляецца пра неабходнасьць ня даць Пуціну з Лукашэнкам выкарыстаць эўрапейскія каштоўнасьці супраць самой Эўропы);
- распрацоўваньне інавацыйных спосабаў процідзеяньня нелегальнай міграцыі;
- вырашэньне праблем, зьвязаных з канфліктам на Блізкім Усходзе;
- шлях наперад у Эўропу для ўкраінцаў;
- абарона і ўмацаваньне Шэнгену.