Washington Post: Беларусь важная, як і Украіна, бо на карту і там, і там пастаўлены лёс дэмакратыі
«Лёс Украіны і лёс Беларусі ўзаемазвязаныя», — кажа Святлана Ціханоўская, лідарка апазіцыі, чыю перамогу на выбарах 2020 году ў Беларусі адабраў Аляксандр Лукашэнка». З гэтых словаў пачынаецца артыкул у Washington Post.
Амерыканская газета Washington Post прысвяціла рэдакцыйны артыкул сітуацыі ў Беларусі. На думку газеты, Ціханоўская мае рацыю, бо Лукашэнка цяпер стаў сатрапам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, дазволіўшы расійскім войскам выкарыстаць Беларусь у якасці плацдарму для вайны супраць Украіны: «Дэмакратыю як у Беларусі, так і ва Украіне трэба выратаваць ад таго, каб яе растапталі цяжкія боты Пуціна і Лукашэнкі».
У той час, піша Washington Post, як грамадзяне і вайскоўцы Украіны вядуць экзістэнцыйную барацьбу за выжыванне, спадарыня Ціханоўская нагадала на мінулым тыдні, што народ Беларусі, хоць і не знаходзіцца ў стане вайны, вядзе не менш важную барацьбу за звяржэнне дыктатуры Лукашэнкі.
Газета пералічае выпадкі супраціву. «Беларускія партызаны сабатавалі адпраўку расійскай вайсковай тэхнікі ва Украіну. Падпольная сетка знішчыла кампаненты кіравання рухам цягнікоў, а кіберпартызаны парушылі працу праграмнага забеспячэння чыгункі. Вялізныя штрафы і турэмныя тэрміны накладзены яна тых, хто пратэстуе ў Беларусі, у тым ліку журналістаў, прафсаюзных лідараў, студэнтаў, выкладчыкаў і іншых. Каналы ў Telegram, платформы сацыяльных сетак, якія аказаліся крытычна важнымі для руху за дэмакратыю ў Беларусі, крыміналізаваныя ўрадам як “экстрэмісцкія” і “тэрарыстычныя”, што прыводзіць да штрафаў для карыстальнікаў, якія размяшчаюць на іх паведамленні».
Газета нагадвае, што на мінулым тыдні ніжняя палата парламента Беларусі ўхваліла закон, які прадугледжвае смяротнае пакаранне за «замах на тэрарыстычны акт» і паведамляе, што, паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», урад Лукашэнкі трымае ў турмах 1166 палітычных вязняў, у тым ліку мужа Святланы Ціханоўскай Сяргея і яе паплечніцу Марыю Калеснікаву.
Пад моцным ціскам і рэпрэсіямі з боку ўладаў вулічныя пратэсты ў Беларусі, якія ўспыхнулі пасля скрадзеных выбараў 2020 году, заціхлі і прынялі форму падпольных нешматлюдных пратэстаў, але, як піша Washington Post, унутраная апазіцыя ў Беларусі захоўваецца і Злучаныя Штаты павінны працягваць яе падтрымліваць.
На думку рэдакцыі, Washington Post, у еўрапейскіх і амерыканскіх санкцыях супраць рэжыму Лукашэнкі застаюцца шчыліны, таму іх жорсткасць трэба ўзмацняць з той жа сілай, што і супраць рэжыму Пуціна. Трэба разгледзець санкцыі адносна экспарту сталі, а таксама абмежаванні для ўсіх дзяржаўных банкаў, нафтапрадуктаў і замарожванне беларускіх валютных рэзерваў.
Расія, сцвярджаецца далей у рэдакцыйным артыкуле, выпусціла ракеты па Украіне з Беларусі, адтуль жа лятала камандна-штабная авіяцыя і там жа да гэтага часу мае шматтысячны вайсковы кантынгент. Таму «Лукашэнка з’яўляецца саўдзельнікам вайны Пуціна і павінен аказацца на лаве падсудных разам з ім як ваенны злачынец».
На думку газеты, тое, што сітуацыя можа абярнуцца менавіта такім чынам, выклікала ў Лукашэнкі дыскамфорт і ягоны ўрад паспрабаваў залагодзіць сітуацыю ў стасунках з Еўропай. «Мы катэгарычна абвяргаем любыя інсінуацыі аб тым, што Беларусь нейкім чынам датычная да баявых дзеянняў ва Украіне, — напісаў 6 красавіка міністр замежных спраў Уладзімір Макей у лісце некаторым калегам у Еўрасаюзе. Але спадарыня Ціханоўская сказала, што Лукашэнка “хоча ператварыцца з падпальшчыка ў пажарнага”».
Заканчвае Washington Post свой рэдакцыйны артыкул наступнай высновай:
«Украіна змагаецца за сваю будучыню як дэмакратыя, але барацьба за свабоду ідзе таксама ў Беларусі і ў Расіі. Такія натхнёныя лідары, як спадарыня Ціханаўская, як прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і апазіцыянеры Аляксей Навальны і Уладзімір Кара-Мурза ў Расіі, што знаходзяцца цяпер у зняволенні, даюць нам падставы спадзявацца, што дэмакратыя пераможа. Яны заслугоўваюць падтрымкі свету».