Генпракурор Украіны раскрыла асобу расійскага ваеннага, які падазраецца ў забойствах у Бучы

Расгвардзеец, якога падазраюць у забойствах, патрапіў на камеру відэаназірання ў беларускім аддзяленні СДЭК.

photo_2022_05_02_19_10_47.jpg

Генпракурор Украіны Ірына Венедыктава заявіла, што Бучанская акруговая пракуратура ўстанавіла асобу расійскага вайскоўца, які мае дачыненне, па версіі ўкраінскіх уладаў, да забойстваў мірных жыхароў у Бучы.
Венедыктава сцвярджае, што пракуратура і паліцыя, на падставе паказанняў сведак, змаглі знайсці вайсковага, які расстраляў 18 сакавіка чацвярых чалавек на вуліцы Яблонскай у Бучы. Фатаграфіі чацвярых забітых са звязанымі за спіной рукамі з'явіліся ў СМІ ў пачатку красавіка, калі ўкраінскія вайскоўцы ўвайшлі ў горад, які амаль месяц быў заняты расійскім войскам.
У забойствах пракуратура падазрае камандзіра аднаго з падраздзяленняў упраўлення Расгвардыі па Ульянаўскай вобласці. Гэты ж чалавек, па іх версіі, 29 сакавіка катаваў жыхара Бучы, збіваючы яго прыкладам і прымушаючы нюхаць забітага чалавека.
Расгвардзеец, якога падазраюць у забойствах, патрапіў на камеру відэаназірання ў беларускім аддзяленні СДЭК, адкуль расійскія вайскоўцы, якія вярнуліся з Украіны, адпраўлялі пасылкі ў Расію. Венедыктава сцвярджае, што падазраваны высылаў ва Ульянаўск вечка багажніка аўтамабіля.
Выданне «Следства-Інфа» піша, што расгвардзеец падазраваны ў забойствах, ураджэнец Беларусі, яму 35 гадоў. Тэлеграм-канал «Можам растлумачыць» сцвярджае, што ім удалося знайсці гэтага чалавека ва «Вконтакте», і ён аспрэчыў абвінавачванні, а таксама сказаў, што не служыць у Расгвардыі. Пры гэтым мужчына не адмаўляе, што адпраўляў пасылку з аддзялення СДЭК у Беларусі.
28 красавіка Венедыктава назвала імёны 10 вайскоўцаў 64-й асобнай мотастралковай брыгады Сухапутных войскаў РФ, якіх ўкраінскае следства падазрае ў катаваннях і жорсткім абыходжанні з жыхарамі Бучы. Пры гэтым трое з гэтых вайскоўцаў, а таксама жонка яшчэ аднаго, заявілі выданню «Агенцтва», што даўно звольніліся з войска.