«За паўгода геапалітычная веліч дэвальвавалася мацней, чым беларускі рубель у 2011 годзе»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівай яму іранічнай манеры аналізуе выхад Расіі з «зерневага пагаднення» і разважае, ці будзе ад гэтага камусьці балюча.
Пасля таго як расійская СПА адважна адбіла атаку дронаў на Чарнаморскі флот, Расія вельмі пакрыўдзілася і абвясціла аб выхадзе са збожжавага пагаднення. Таму што атака дронаў на Чарнаморскі флот — гэта жудаснае, вядома, парушэнне правіл справядлівай вайны. На справядлівай вайне ніхто не страляе ў бок расійскіх караблёў. І расійскіх танкаў. І расійскіх салдат. На справядлівай вайне праціўнік стаіць роўна і чакае, пакуль яму прыляціць з боку Расіі. І калі б украінскія ўлады прытрымліваліся гэтых няхітрых правіл, то вайна даўно скончылася б.
Вось выхад са збожжавай здзелкі — спосаб прыцягнуць увагу сусветнай супольнасці. Каб сусветная супольнасць патлумачыла ўжо нарэшце Украіне, што Украіна ваюе не па паняццях. Таму што не засталося ў Расіі іншага спосабу прыцягнуць увагу сусветнай супольнасці. Расійскі прадстаўнік у ААН кожны дзень распавядае сусветнай супольнасці пра тое, як яго турбуюць баявыя камары, а гэтая супольнасць нават перастала рабіць выгляд, што ёй цікава.
Але, здаецца, выхаду Расіі са збожжавай здзелкі сусветная супольнасць баіцца не больш, чым баявых камароў. Прынамсі, натоўпы перамоўшчыкаў не пабеглі ў Крэмль пераконваць Расію больш так не рабіць. Таму што, уласна, роля Расіі ў збожжавым пагадненні заключаецца ў асноўным у тым, каб не страляць па караблях, якія перавозяць украінскае збожжа ў Турцыю. І, падобна, сусветная супольнасць вырашыла, што без Расіі яна як-небудзь абыдзецца. Як Еўропа навучылася абыходзіцца без расійскіх нафты і газу. Або Арменія нехаця абышлася без расійскай дапамогі ў канфлікце з Азербайджанам.
Вось хіба што малодшы саюзнік не можа абысціся. Хоць і яму ад старэйшага брата шкоды даўно ўжо больш, чым карысці. Але малодшаму саюзніку падзецца няма куды. І даводзіцца адпавядаць. Вось кіраўнік Памежнага камітэта распавёў учора пра атаку ўкраінскіх памежнікаў на ментальныя пазіцыі беларускіх войскаў з дапамогай саламянага пудзіла. Саламянае пудзіла — гэта як баявыя камары, толькі больш небяспечна.
А яшчэ ўкраінскія памежнікі правакуюць беларускіх генералаў, расстаўляючы міны на сваіх дарогах. І, пагадзіся, гэта наогул не па паняццях. Раптам беларускім танкам спатрэбіцца па гэтых дарогах праехаць — а там украінскія міны. Чыстая ж правакацыя, слова даю.
Наогул, чым больш у Беларусь прыязджае расійскіх салдат, тым больш ваяўнічыя становяцца беларускія генералы. Раней яны тлумачылі, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. А цяпер беларускія генералы ўсё больш распавядаюць пра тое, што не збіраюцца ваяваць на сваёй тэрыторыі. Вось як у пачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя ў адной непераможнай арміі спявалі: «На варожай зямлі мы ворага разграмім / Малой крывёю, магутным ударам».
Але, як паказала гістарычная практыка, такія спевы вельмі дрэнна заканчваюцца.